Польскі палітолаг Якуб Карэйба ў канцы кастрычніка быў у Маскве госцем праграму «Паядынак» Уладзіміра Салаўёва на тэлеканале «Расія», дзе яму трэба было дыскутаваць з мясцовым палітолагам Сергееем Міхеевым. Падчас палітычных баталій на тэму санкцыяў, Крыма і вайны ў Сірыі, у экспертаў завязалася гутарка і аб бязвізавым Гродне для замежнікаў.

Тэму бязвізавага Гродна ў праграме падняў Якуб Карэйба, які акурат перад выступам даведаўся, што ў Беларусі ўступіў у сілу адпаведны ўказ.

«Я выступіў у гэтай праграме, таму што мяне запрасілі - лічу, што любы дыялог карысны, нават калі разумееш, што насупраць стаіць чалавек, які зусім не хоча цябе выслухаць і тым больш зразумець. Асабліва, калі жывем ва ўмовах інфармацыйнага шуму і хаосу, альтэрнатыўны пункт гледжання патрэбен. Тэму Гродна закрануў у сувязі з рашэннем прэзідэнта аб прадастаўленні грамадзянам Польшчы магчымасці бязвізавага ўезду. Гэтая навіна мяне вельмі парадавала», — сказаў Якуб Карэйба для Hrodna.life.

Поўны выпуск можна паглядзець тут.

Сам польскі палітолаг быў некалькі разоў у Гродне. Кожны раз, калі ён наведваў Беларусь, імкнуўся пабыць тут хоць бы некалькі гадзін.

«Гэта горад з незвычайнай атмасферай, сапраўдны так бы мовіць фюжн усходняй і заходняй Еўропы. Месца, якое дыхае гісторыяй. Гэта самы еўрапейскі горад Беларусі - гэта тое, што для Расіі Пецярбург, а для Украіны Львоў. Мая сям’я родам з Літвы, у гістарычным сэнсе, не ў сэнсе сённяшняй Літоўскай рэспублікі, і я адчуваю сябе дома на тэрыторыі Вялікага Княства, а Гродна адзін з самых важных яго гарадоў.

Я бываю ў Гродне нават часцей чым у заходняй Польшчы і гэта невыпадкова — проста добра сябе там адчуваю. Усё роднае — возера, мястэчкі, касцёлы, Нёман. і самае галоўнае — людзі. Беларусы ў цэлым усе вельмі прыемныя, але на Гродзеншчыне нейкія асабліва цёплыя і душэўныя".

Таксама Карэйба адзначае, што тое, што беларускія ўлады далі магчымасць наведваць замежнікам Гродзенскі рэгіён — вялікі поспех як для саміх беларусаў, так і для замежнікаў.

«Бязвізавы рэжым для мяне гэта норма. У ЕС мы даўно ездзім адзін да аднаго без візаў і нават без межаў. Гэта крок у правільным кірунку. Тое, што паміж Польшчай і бліжэйшай суседкай Беларуссю візавы рэжым, прычым жорсткі, дагэтуль існуе — абсурд. Я даўно лічу, што Польшча павінна адмяніць візы для беларусаў. У дадзеным выпадку Мiнск сам дае прыклад добрасуседскiх паводзінаў і я спадзяюся Варшава яму рушыць услед».