Лёд крануўся, кажуць у адной з самых старых галерэй Гродна. Упершыню за 16 гадоў рабочыя ўзяліся за вулічную тэрыторыю каля «Тызенгаўза». Неўзабаве там маюць скончыць укладку жолаба для адводу ліўневых вод і патопы падвальным памяшканням будуць ужо не страшныя.

Моцныя дажджы, якія праходзілі ў Гродна летам, у чарговы раз паказалі, дзе ў горадзе самыя праблемныя месцы. Не ўпершыню на мяжы затаплення была і галерэя «Тызенгаўз».

У час залеваў дырэктарка галерэі Вольга Бабінская баялася знаходзіцца ў памяшканні, бо ў любы момант туды магла хлынуць вада. Цяпер Вольга ўздыхнула з палёгкай.

«У гэтым годзе ўсё, што за 16 гадоў не маглі зрабіць, зрабіла прырода. Дождж ліў і ўлетку, і цяпер. Вада ў нас у двары стаяла заўсёды. Відаць, праблема ўсё ж выклікала ў кагосьці незадаволенасць. Я вельмі рада, што на нас звярнулі ўвагу», — распавяла Вольга.

Зараз будаўнікі капаюць траншэю каля галерэi, хутка там будзе закладзены жолаб, з дапамогай якога вада ў будучынi будзе збірацца і злівацца на праезную частку.

3