Другі год запар у канцы кастрычніка ў цэнтры рамёстваў «Спадчына» праходзіць «самае цёплае мерапрыемства ў Гродне» — шэрсцiваль. Паказаць свае калекцыі і прадэманстраваць майстэрства прыехалі валяльшчыцы не толькі з Гродна, але і з Гродзенскай вобласці.

«Мы рады, што шэрсцiваль адбыўся. Нам было прыемна атрымліваць станоўчыя водгукі ад удзельніц. Сёлета да нас далучыліся майстрыцы са Скідзеля, Бераставіцы і Шчучына. Калі летась было толькі восем удзельніц, то ў гэтым годзе — 21», — распавядае прадстаўніца цэнтра «Спадчына» Алёна Курганава.

Чакалі тут прыезду і майстрыц з Мінска ды Віцебска, але ў апошні момант яны не змаглі прыехаць.

У планах — стрыгчы авечак наўпрост на фестывалі

На «шэрсцiвалі» было на што паглядзець. У двары цэнтра прайшоў паказ мод — былi прадстаўлены работы Алены Вітко, Алены Ражанкевіч і вучаніц студыі валяння пры цэнтры — агулам 46 мадэляў адзення. У памяшканні прайшлі майстар-класы па валянні, дзе кожны мог паспрабаваць сябе ў гэтай рабоце.

«Вельмі шкада, што гродзенцы не надта актыўна наведваюць мерапрыемствы, звязаныя з рамёствамі. У гэтым годзе рэкламы было нашмат больш, чым летась, а гледачоў чамусьці менш. Нягледзячы на гэта мы будзем працягваць працаваць. У будучыні вельмі хочацца падключыць яшчэ больш іншагародніх майстроў. Ёсць задумка наўпрост на свята прывезці авечак і паказаць людзям як іх стрыгуць і чэшуць потым воўну», — дадала Алёна Курганава.

Дарэчы, у цэнтры «Спадчына» да 23 лістапада праходзіць выстава незвычайных работ з лямца.