У клубе “Пушкін” упершыню прайшла новая для Гродна гульня “Галоўныя песні аб галоўным”. 23 кастрычніка ўдзельнікам прыходзілася адгадваць мелодыі, зусім як у старых тэлепраграмах з 90-х гадоў. Гродна стаў другім пасля Мінска горадам, дзе апрабавалі гэтую гульню.

Арганізатар музычнай гульні – Уладзімір Зубелiк. Ён таксама займаецца інтэлектуальнай віктарынай “PubQuiz”.

“Галоўныя песні аб галоўным” гэта камандная гульня, якая складаецца з некалькіх конкурсных тураў, аб’яднаных музычнай тэматыкай. Гэта музычнае каманднае шматбор’е, на якое можна сабраць сваіх сяброў, знаёмых ці сваякоў. Мы прапануем перанесціся ў праграму “Угадай мелодыю” ці “Два раялі”. Мы кожнаму даём магчымасць паспрабаваць сябе ў музычнай бітве”.

Рэжысёр “Цэнтра культуры Гродна” Андрэй Чэпялюк быў адным з першых удзельнікаў новай гульні. Ён застаўся задаволены навінкай і ўжо гатовы прыйсці на наступную музычную бітву.

“Першая гульня прайшла добра. У адрозненні ад музычных тураў у аналагічных гульнях, тыпу “Мазгабойнi”, тут радуе рознабаковы і ў той жа час досыць шырокавядомы матэрыял з лёгкім ухілам у “рэтра”. Падыход арганізатараў да музычнага матэрыялу таксама радуе. Каб мець высокія балы мала быць меламанам – неабходны і пэўны ўзровень эрудыцыі”.

Гульня “Галоўныя песні аб галоўным” складаецца з шасці тураў, у кожным – пэўная тэма і заданні. Не заўсёды трэба будзе адгадваць мелодыю – недзе будуць пытанні звязаныя з артыстамі і іх творчасцю. Кожную гульню заданні будуць мяняцца.

Гульні будуць праводзіць кожную нядзелю, двойчы ў дзень, у клубе “Пушкін”. Каманды складаюцца з 4-8 чалавек. Унёсак кожнага ўдзельніка 4 рублі.