Гродзенская габрэйская абшчына адзначае старадаўняе юдэйскае свята Суккот. Сёлета на святкаванні габрэі горада сабраліся 19 кастрычніка ў адмысловым намёце каля сінагогі.

У кожнага габрэйскага свята звычайна ёсць некалькі назваў. Суккот не з’яўляецца выключэннем: яго называюць і “святам збору ўраджаю” і “часам весялосці”. Але найбольш распаўсюджана назва – “свята буданоў” (будан або шацёр на іўрыце – “сука”).

Чытайце яшчэ:  Алег Зухавіцкі адразу пасля вяртання ў Гродна наведаў сінагогу

У гэтае свята ў шатры трэба не проста сядзець, але есці, піць і нават спаць – літаральна жыць. Таксама веруючых заклікаюць успамінаць зыход габрэяў з Егіпту, бо на шляху з няволі ў сваю краіну габрэі жылі ў падобных намётах-буданах.

114

Абавязковы рытуал у свята – узнясенне букета Лулава, сімвалізуючага часткі габрэйскай абшчыны. У яго ўваходзяць лісце пальмы, цытрус этрог, галінкі мірта і вярбовага дрэва. Трымаючы такі букет у руках, габрэі прамаўляюць малітву.

113

У гэтым годзе на святкаванне сабралася вялікая колькасць людзей, для якіх быў падрыхтаваны салодкі стол. Дзецям, пасля  аповяду пра гісторыю свята, уручылі падарункі.

Забытыя габрэйскія святы, якія сыходзяць сваімі каранямі ў старажытнасць, сёння вяртаюцца ў Гродна, як у традыцыйных, так і мадэрнізаваных формах. Святы ўяўляюць сабой тыя часовыя вехі, якімі народ Ізраіля адмярае цыклы года.

Гродзенская габрэйская абшчына ў цэлым прытрымліваецца традыцыйнага цыкла свят і выконвае іх у грамадскім укладзе, што падкрэслівае габрэйскі характар абшчыны і яе вернасць прынцыпам юдаізму.