Першы матч фіналу Кубка Салея паміж «Нёманам» і «Юнацтвам» завяршыўся на карысць мінскай каманды. У Гродне 18 кастрычнiка супернікі прадэманстравалі моцную і атакуючую гульню, якая прыйшлася даспадобы аматарам хакея.
У гэты вечар паглядзець на супрацьстаянне двух самых моцных каманд краіны прыйшла цэлая арэна. Падтрымка ў гаспадароў на працягу матчу не сціхала.
Ужо з першых хвілін дружына Сяргея Пушкова кінулася ў бой. Добры старт прынёс гарадзенцам і хуткую шайбу, якую закінуў Дадонаў. Госці здолелі адыграцца на 12-й хвіліне, вызначыўся Каракулька.
Старт другога перыяду нагадаў многiм першы — гродзенцам ізноў атрымалася закінуць хуткую шайбу. На гэты раз чырвона-чорныя вызначыліся ў большасцi. Шайбу закінуў Маркоўскі. Але не доўга радаваліся гаспадары: праз 34 секунды Туркін выраўноўвае лiк. А на самай апошняй хвіліне другога перыяду госці здолелі наогул выйсці наперад — дапамог сваёй камандзе Міхноў.
Старт трэцяга перыяду ізноў быў за «Нёманам». На 16-й секундзе, пасля свістка, Лісічкін зарабіў булiт і сам узяўся яго выконваць. Але брамніка «Юнацтва» нападніку абыграць не атрымалася.
«Не забіваеш ты — забіваюць табе» — праз дзве хвіліны пасля булiта госці забіваюць чарговую шайбу і робяць лiк 4:2 на сваю карысць. Здавалася б, «Нёман» не зможа адыграцца, але трыбуны дапамаглі камандзе знайсці сілы. На 50-й хвіліне вызначыўся Баярчук, а на 52-й Сяргей Маляўка.
Усе чакалі, што «Нёман» дацісне «Юнацтва», але за дзве хвіліны да канца матчу Рэмезаў парушыў правiлы і пакінуў «Нёман» у меншасці. «Юнацтва» не згубіла свой шанец і забіла вырашальную шайбу ў матчы. Аўтарам пераможнай шайбы стаў Развадоўскі.
«Нёман» — «Юнацтва» 4:5 (1:1, 1:2, 2:2)
Галы:
02.10, 1:0 — Дадонаў (Безайс)
11.14, 1:1 — Каракулька (Кагалёў, Корса)
22.20, 2:1 — Маркоўскі (Пасют, Лаканен,-бол.)
22.54, 2:2 — Туркін (Мялешка, Яфіменка)
39.01, 2:3 — Міхно (Развадоўскі, Корса, -бол.)
42.02, 2:4 — Елісеенка (Нiнiмякi)
50.02, 3:4 — Баярчук (С.Маляўка, А.Маляўка)
52.15, 4:4 — С.Маляўка (А.Маляўка, Баярчук)
58.12, 4:5 — Развадоўскі (Прэтнар, Кагалёў,-бол.)
На гэтым фінал не сканчаецца: праз тыдзень, 25 кастрычніка, каманды сустрэнуцца ў матчы ў Мiнcку. Менавіта ў сталіцы і вырашыцца лёс Кубка Салея.