Святочная літургія, хрэсны ход, смачныя пачастункі, народная музыка і многае іншае – усё гэта можна было пачуць, убачыць і нават паспрабаваць на традыцыйным Пакроўскiм свяце, якое праходзіла ў гродзенскiм Свята-Пакроўскім саборы 14 кастрычніка.
Святкаванне ў такім фармаце адбываецца другі год запар. Некалькі сотняў праваслаўных вернікаў з самай раніцы прыйшлі ў сабор на святочную літургію, а пасля разам са святарамі прайшлі хрэсным ходам вакол храма. Потым усе жадаючыя маглі наведаць “Пакроўскі кірмаш”, дзе можна было пачаставацца смачнай кашай і булачкамі, а таксама паслухаць народную музыку ў выкананні ансамбля “Гарадніца”, і паназіраць за творчасцю каваля і ганчара.
“У мінулым годзе мы паспрабавалі правесці гэтае свята і атрымалі добрыя водгукі. Сёння нам вельмі прыемна, што мы можам зноў падзяліцца радасцю з гараджанамі. Мы адраджаем слаўную народную традыцыю, якая стагоддзямі існавала на Беларусі. Мы павінны не толькі разам маліцца, але і радавацца, і дзяліцца ўсім самым добрым, што ў нас ёсць”, – адзначыў настаяцель Свята-Пакроўскага сабора протаіерэй Георгій Рой.
















