У бліжэйшым часе павінны скончыцца працы па рэканструкцыі знешняга выгляду дома па вуліцы Кірава, 3. Нядаўна будаўнікі знялі заслону і паказалі гараджанам рэканструяваны аб’ект.

Нагадаем, стары дом у цэнтры Гродна з 2008 года прастойваў і толькі ў канцы 2015 года горад яго прадаў на аўкцыёне. Уладальнікам стала арганізацыя «Нёманбудiнвест». Падрадчыкам стаў «Гроднажылбуд».

Пасля даследаванняў дома, спецыялісты будаўнічай арганізацыі прыйшлі да высновы, што старая пабудова ў аварыйным стане і калі чакаць далей, то будынак можна будзе страціць цалкам. У выніку ад старога дома пакінулі толькі фасад, які пазней у некаторых месцах сам абваліўся.

Кірава

Праз восем месяцаў будаўнікі падыходзяць да завяршэння рэканструкцыі знешняга выгляду дома. Унутранай аддзелкай будуць займацца арандатары.

Адрэканструяваны двухпавярховы дом плошчай 730 квадратных метраў разлічаны на 10 офісаў і гандлёвыя памяшкання. Ва ўнутраным дворыку плануецца стварэнне паркоўкі.

Суседні дом № 5, вядомы як «дом Заменгофа», быў адноўлены некалькі гад таму, але дагэтуль аб’ект, які планаваўся як офісны будынак, амаль цалкам пустуе.

Даведка

Дом па вулiцы Кірава, 3 пабудавалі ў 1878 годзе. У 1894 годзе ў доме размяшчаўся штаб чацвёртага сапёрнага батальёна. У 1903 годзе тут пасялілася сям’я лекара Еўнiна. З 1926 уладальнiк дома Хаім Беластоцкі аддае яго пад склад і краму каланіяльнай прадукцыі, дзе гандлявалі кавай, гарбатай, спецыямі і вінамі. У пасляваенныя гады дом абсталявалі пад жыллё. Ужо ў ХХІ ст. будынак быў прызнаны непрыдатным для пражывання. У 2008 годзе людзей адсялiлi, а старую пабудову выставілі на аўкцыён.

7
6
5
4
3