Больш за 30 000 падпісчыкаў з розных краін сочаць за гродзенцам Максімам, які з 2014 года вядзе свой канал на YouTube, дзе распавядае пра працу дальнабойшчыка і дзеліцца сваім меркаваннем пра навакольную рэчаіснасць. Hrodna.life звязаўся з вядомым кiроўцам.

Некалькі гадоў таму Максім зразумеў, што трэба ў сваім жыцці нешта змяніць: набрацца новых уражанняў, злавіць новую энергетыку, асвяжыць мазгі. Гродзенец вырашыў стаць дальнабойшчыкам і ездзіць у Еўропу.

«Я зразумеў, што лепшыя лекі ў гэтай сітуацыі - падарожжы. Не важна якія, чым больш тым лепш. Я пачаў думаць, як мне ўсё арганізаваць так, каб мне за гэтыя падарожжы яшчэ і плацілі. Выхад знайшоўся хутка — праца дальнабойшчыкам.

На YouTube я натрапіў на відэа некалькіх блогераў-дальнабойшчыкаў, якія ездзілі па Еўропе і здымалі свае прыгоды. Мне вельмі спадабалася: я падумаў, чаму б і не? Выдатныя дарогі, новыя машыны, цывілізацыя і плюс 2000 еўра у месяц на выдаткі і забавы. У мяне ўжо быў невялікі досвед кіравання грузавікамі, але ў Еўропе я быў усяго некалькі разоў на легкавой машыне і далей Польшчы не заязджаў".

Надакучыла распавядаць — стаў паказваць

Максім сабраў усе патрэбныя дакументы, разаслаў рэзюмэ ў еўрапейскія транспартныя кампаніі і без праблем уладкаваўся на працу ў адну з кампаній.

«Я яшчэ не пашкадаваў ні разу — праца апынулася вельмі цікавая, дык яшчэ і ўся Еўропа паўстала перада мной ва ўсёй сваёй красе. Яна відавочна адрознівалася ад той Еўропы, якую паказваюць па нашых навінах. Я быў шчыра ўражаны. Выдатны клімат, чыстыя і роўныя дарогі, вельмі добрыя і спагадлівыя людзі.

За тыдзень можна было пабываць у некалькіх краінах, а там ёсць на што паглядзець. Па прыездзе бацькі і сябры прасілі мяне распавесці пра мае прыгоды. Я спачатку распавядаў адным, праз дзве гадзіны іншым, потым трэцім і гэтак далей. Я вырашыў наступным разам узяць з сабой камеру, каб ужо паказваць, а не расказваць. Я адкрыў канал на ютубе і заліваю відэа туды. Так мае бацькі і сябры могуць аператыўна ўсё глядзець".

За некалькі першых відэа Максім набраў каля 2.5 тысяч падпісчыкаў і пад кожным відэа сотні каментароў. Ён і сам не ведае адкуль у яго з’явілася столькі падпісчыкаў. Новае хобі гродзенцу так спадабалася, што ён працягвае здымаць.

«Пазней я пачаў здымаць яшчэ і навучальныя відэа: як сабраць усе патрэбныя дакументы, як знайсці правільнага працадаўцу, што з сабой узяць у дарогу. Гэта тэма таксама апынулася вельмі запатрабаванай на фоне татальнага беспрацоўя ў краінах СНД і не менш татальнага падзення ўзроўню жыцця. Было вельмі прыемна чытаць каментары падпісчыкаў-кіроўцаў, якія праходзілі спецыяльнае навучанне ў Літве i мае навучальныя відэа транслявалі ім на занятках у аўташколах».

«Злой дальнобой, я твой подписчик!»

Па статыстыцы асноўная маса падпісчыкаў Максіма — расiяне, на другім месцы ўкраінцы, а потым ужо беларусы. За імі ідзе Літва, Польшча, Германія і г. д. Ёсць падпісчыкі нават з Аўстраліі, Новай Зеландыі і Мексікі. Аўдыторыя канала вельмі розная, але пераважна гэта мужчыны ад 20 да 55 гадоў.

«Многія, нагледзеўшыся маіх відэа, проста кідаюць працу і сыходзяць скараць дарогі Еўропы. Мяне глядзяць і гродзенцы. Да прыкладу, за мінулы тыдзень мяне пазналі на вуліцы шэсць разоў. Людзі падыходзяць i вітаюцца. Мы, бывае, падоўгу размаўляем, калі ёсць час.

Адзінае, трохі напружвае, калі хто-небудзь пачынае крычаць праз тры касы ў супермаркеце: «Злой дальнобой, я твой подписчик!» і пачынае паказваць на мяне пальцам. Людзі вакол пачынаюць глядзець у мой бок і шаптацца. Такая ўвага мне не вельмі падабаецца.

Але ў большасці людзі вельмі прыемныя і адэкватныя. Многія проста падыходзяць падзякаваць за тое, што я дапамог iм вызначыцца ў жыцці, паказаў кірунак і навучыў усяму, што ім спатрэбіцца".

Максім здымае на камеру Sony, мацуе яе ў кабіне і здымае ўсё як ёсць. Такія відэа даюцца прасцей за ўсё — усё ў жывую, мінімум мантажу. На выраб аднаго такого відэа ў сярэднім сыходзіць 6−8 гадзін. Складаней з навучалымі відэа, на гэта можа сысці два тыдні.

«Зрабіць трэба адзін раз і добра. Раблю я адзін, а глядзець і слухаць будуць дзясяткі і сотні тысяч. Касячыць нельга. Мая дзейнасць дазваляе мне працаваць у лепшых кампаніях свету. Уладальнікі еўрапейскіх і амерыканскіх транспартных кампаній дасылаюць мне на пошту запрашэнні з просьбамі працаваць у іх, бо гэта, на іх думку, станоўча адаб’ецца на рэпутацыі іх бізнесу. Маё хобі выдатна дапамагае мне ў жыцці».

2
Трэба рабiць, што падабаецца

Назваўся Максім «Злым Дальнабоем» невыпадкова. Аналіз паказаў, што з такім словазлучэннем у YouTube гродзенец апынуўся адзін. Правакацыя ў назве плюс сарафаннае радыё адыгралі сваю ролю і зараз 50% новых людзей, якія прыходзяць да гродзенца на канал, шукалі яго менавіта па гэтым словазлучэнні. Але па жыцці Максім добры.

«Я займаюся любімай справай і мне гэта падабаецца. Усім пачаткоўцам-вiдэаблогерам параю паважаць свайго гледача. Гэта значыць, паважаць яго права на добры гук і выдатную карцінку, вядома, па меры сіл і бюджэту. Самае галоўнае — рабіць тое, што падабаецца. Таму што калі не падабаецца, то нічога не атрымаецца».