Карты, якімі гулялі аматары азарту з усёй міжваеннай Польшчы, вырашылі аднавіць у Гродне. Тут іх друкавалі на фабрыцы братоў Лапіных, пры рэканструкцыі якой восенню 2015 знайшліся арыгіналы прадукцыі. Выгляд карт ужо ўзнавіла творчае згуртаванне «А-чатыры», цяпер трэба іх выдаць. Для гэтага гродзенцы пачалі збор сродкаў на Talaka.by. Творчае згуртаванне «А-чатыры» займаецца распрацоўкай і выданнем настольных гульняў. З рэалізаваных праектаў: «Паўстанцы», «Мова», «Вежа», «Гаспадар цмокаў», «На трох кітах» i iншыя. Каманда зацікавілася картамі, калі даведалася, што арыгіналы знайшлі ў Гродне ў час рэканструкцыі будынка былой фабрыкі. «Тады ў нас з’явілася ідэя: а чаму б гэтыя карты не аднавіць? Гэта ў першую чаргу ўклад у гісторыю горада і краіны ў цэлым, а яшчэ гэта пераемнасць пакаленняў, бо мы, маладыя сучасныя гродзенцы, аднаўляем тое, што рабілі гараджане яшчэ ў мінулым стагоддзі», — кажа аўтар праекта Антон Янкоўскі. Прататыпы карт камандзе прадаставіў гісторык Андрэй Вашкевіч, ён жа падрыхтаваў і гісторыю іх выпуску. За аснову былі ўзяты дадзеныя з архіваў, гістарычныя даведкі, а таксама фрагменты знойдзеных два гады таму карт.
Традыцыі з часоў Тызенгаўза
Iгральныя карты Лапіных вырабляліся на гродзенскай фабрыцы ў 20−40-х гадах мінулага стагоддзя і былі шырока папулярныя за межамі Гродзеншчыны. За аснову друку на фабрыцы была ўзята тэхналогія і стандарты, закладзеныя яшчэ ў XVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам. Гродзенскія ігральныя карты былі вядомыя сваёй якасцю, прыгажосцю, арыгінальнасцю і разнастайнасцю. У асартыменце былі «народныя» калоды з выявамі шляхты часоў Рэчы Паспалітай замест каралёў і валетаў, «прускія», «барочныя», у гады нямецкай акупацыі на фабрыцы Лапіных друкаваліся «рэйнскія» ігральныя карты.

Першыя карты пакажуць на «Ночы музеяў»
Каманда, што аднаўляе карты Лапіных, хоча, каб кожны мог у будчыні адчуць у сваіх руках сапраўдную беларускую гісторыю. Кожную карту калоды малявала мастачка Наста Янкоўская паводле фрагментаў арыгіналаў пад кантролем гісторыкаў, а на адваротным баку і каробцы намаляваны эмблемы і штампы сям'і Лапіных. У каралях можна пазнаць Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста i Яна Сабескага.