Перфоманс — не спектакль, ад пачатку стараюцца давесці ўдзельнікі пастаноўкі. Ён больш адкрыты і не мае строгіх формаў. Хутчэй, гэта імправізацыя, у каторай прысутнічае структура. Праз сучасны танец яны хочуць расказаць, як кожны пражывае частку жыцця адначасова — сярод людзей і паасобку.

Андрэй Кішкевіч танцуе ў стылі krump, Яўген Барэйша — breaking, а Яўгенія Рамановіч - contemporary. Аб’яднала розныя стылі рэжысура і харэаграфія Аляксандра Цебянькова. Прэм’ера перфоманса адбудзецца 6 лютага на «Вечары незвычайнага тэатра» ў творчай прасторы Дом 46. Для Hrodna.life удзельнікі расказалі аб сваім бачанні перфоманса «З кропкі А ў кропку В».

Андрэй Кішкевіч: Што адчуе глядач, больш важна, чым «што хацей сказаць аўтар»

«Можна паставіць сярод залы хоць вось гэту пустую талерку і сцвярджаць, што гэтым аўтар хоча распавесці пра пэўную з’яву», — разважае Андрэй аб перфомансе як форме сучаснага мастацтва.

Аандрэй Кішкевіч

Змест у такой пастаноўцы патрэбен для таго, каб глядач «уключыўся ў падзею, каб мозг пачаў працаваць». Далей пачынаюць працаваць праекцыйныя механізмы, і кожны пачынае бачыць у тым, што адбываецца, нешта сваё. У перфомансе таксама ёсць агульная задумка і сюжэтная лінія. Аднак кожны ўбачыць яго па-свойму, у залежнасці ад жыццёвага досведу, умення суперажываць і нават — настрою ў пэўны дзень. «Простыя лініі і рухі, што бачаць гледачы, прымушаюць задумацца над уласнымі задачамі і атрымаць уласныя азарэнні», — мяркуе Андрэй.

З іншага боку — усё можна ўспрымаць зусім не так сур’ёзна: «Часам бывае смешна ад таго, што мы робім — што гэта ўвогуле і навошта? Але яно дапамагае нешта расставіць у галаве. То і гледачам дапаможа расслабіцца, скінуць напружанні, перагрузіцца».

Жэня Рамановіч Аандрэй Кішкевіч (4)

Яўгенія Рамановіч: Новыя формы не адмаўляюць класічных

«Усё наша жыццё складаецца з адрэзкаў - адлегласці і часу. Мы існуем у межах часу і прасторы. Некаторыя лініі і лёсы людзей перакрыжоўваюцца, а іншыя праходзяць побач і ніколі не сутыкаюцца», — менавіта пра гэта распавядае перфоманс паводле Яўгеніі. На гэту тэму разважае і класічны тэатр. Але ў панядзелак — тэатральны выходны, вырашылі прадставіць гэта ў форме перфоманса. Тым больш, на думку Яўгеніі, новыя формы не адмаўляюць класічных. Наадварот — у параўнанні больш ярка праступаюць адметнасці кожнай з іх.

Галоўнае адрозненне перфоманса — ва ўзаемадзеянні з гледачамі, калі для кожнага расказваецца тая гісторыя, якую ён гатовы пабачыць і адчуць, мяркуе акторка.

Жэня Рамановіч

Яўгенія кажа, што пасля прадстаўлення найбольш хочацца атрымаць зваротную сувязь, пагаварыць, пачуць меркаванні гледачоў. «Калі кажуць „усё добра, можна мы ўжо пойдзем“ робіцца сумна. А выпадкі, калі глядач расказвае пра майго героя нават больш, чым я сама разумею — натхняюць і дадаюць жадання працаваць».

Яўген Барэйша: На што лёгка глядзець, тое цяжка паўтарыць

«Для мяне гэта пастаноўка — найперш — нестандартны падыход да выражэння свайго стылю танца побач з двума зусім іншымі, калі ўсе аб’яднаны адной ідэяй». Да ўласных адкрыццяў пад час працы над перфомансам Яўген адносіць простую рэч: маўляў, упэўніўся, што калі нешта выглядае проста, то гэта не азначае, што і паўтарыць тое проста.

Жэня Барэйша2

Сама пастаноўка, яго меркаваннем, у лёгкай, пазітыўнай форме паказвае частку жыцця: «Усе мы розныя, усе недзе ідзём сваім шляхам. Але ж мы жывём на адной планеце, каторая круглая, то нашы шляхі могуць перасякацца з дарогамі іншых людзей, ад якіх мы бяром нешта для сябе і аддаём нешта сваё для іх».