Яркія кветкі, крылатыя анёлы і вясёлкавыя абстракцыі напоўнілі залу Музея гісторыі рэлігіі 10 лютага. У межах арт-акцыі Гродзенскага дзіцячага хоспіса «З верай у жыццё і людзей» вядомыя гродзенцы рабілі малюнкі ў падтрымку дзяцей, хворых на анкалогію. 15 створаных цягам вечара палотнаў будуць прадстаўлены на выставе 15 лютага ў адным з гандлёвых цэнтраў горада. У гэты дзень будзе адзначацца Міжнародны дзень дзяцей, хворых на рак.

Шалкевіч без гітары? Зато з пэндзлем

За сланечнікам, што раскінуў пялёскі на ўсю шырыню халста, можна і не заўважыць барда і актора Віктара Шалкевіча. Бачыць яго з пэндзлем у руках дзіўна, але аказваецца, ён спраўна радзіць і з ім. «Сланечнікі - самыя аптымістычныя кветкі», — сцвярджае Віктар.

З верай у жыццё. арт-акцыя хоспіса (6)

Яго меркаваннем, яны вартыя быць шматлетнікамі, хоць насамрэч жывуць адзін год. Затое — маюць сілу штораз аднаўляцца, нараджацца нанова, пераадольваючы ўсе цяжкасці. Жыццярадаснасцю сонечнай кветкі ён хоча падзяліцца з дзецьмі з хоспіса, бо менавіта гэта якасць характару, на яго думку, дапаможа ў барацьбе з хваробай.

«Я очэнь стараўся» — блюзнерыць Шалкевіч, пабліскваючы адначасова вачамі, лысінай і шырокай усмешкай. Здаецца, што ад яго разбягаюцца наўкола радасныя сонечныя зайчыкі. І бягуць наўпрост да тых, каму так патрэбна падтрымка.

Жывапіс замест керамікі. Генадзь Піцко і анёл-уздравіцель

«Ангел на маім халсце трымае ў руках чашу, поўную здароўя. Хацелася б пажадаць моцы дзецям, што змагаюцца з ракам, каб яны маглі з ім справіцца. Гэты анёл будзе ім дапамагаць, бо здароўе, што ён нясе, хворым дзецям найбольш патрэбна».

З верай у жыццё. арт-акцыя хоспіса (8)

Яркія колеры на палатне, тлумачыць Генадзь, уплыў мастацкай керамікі, якой ён займаецца — палівы яркія заўсёды. Выбар колераў таксама не выпадковы. Сіні - колер неба, чырвоны — агню, жоўты — сонца. Яны даюць энергію і сімвалізуюць жыццё.

Макі аблегчаць боль. Лекар і святар Міхаіл Перац

Макі на зялёным полі пад сінім небам маюць падвойны сімвалізм, тлумачыць сэнс сваёй карціны святар. Гэтыя кветкі з’яўляюцца сімвалам паліятыўнай медыцыны, бо дапамагаюць сцішыць боль, калі нічым іншым дапамагчы ўжо нельга.

З верай у жыццё. арт-акцыя хоспіса (9)

У хрысціянстве таксама чырвоныя макі сімвалізуюць пакуты Хрыста. «Ён прыйшоў, каб узяць на сябе ўсе людскія грахі і выратаваць ад пакутаў. І людзі ў цяжкім стане маюць ведаць, з любога становішча ёсць выйсце, а смерці для Бога не існуе».

Аляксандр Ігнаценка і яго перакулены свет

Думаў, што намалюю неба, дом і возера. Але падышла мастачка і параіла перавярнуць холст", — распавёў Аляксандр. Так малюнак стаў падобным да смешнай рожыцы Страшылы з «Чараўніка смарагдавага горада», а ён — самы пазітыўны персанаж у казцы.

З верай у жыццё. арт-акцыя хоспіса (4)

Таксама, мяркуе Аляксандр, можна перавярнуцца і сваё стаўленне да хваробы. «Галоўнае, не заставацца з хваробай сам-насам. Людзі дапамогуць перамагчы, разам будзе весялей і прасцей „перакуліць“ хваробу і паглядзець на жыццё інакш».

Адарвацца ад хваробы, як паветраны шар — ад зямлі

З такім пасылам малявала сваю работу лекар-хіміятэрапеўт Ганна Ляткоўска. Узняцца ў буйства фарбаў, паверыць у сябе і прайсці праз цярпенне да выздараўлення жадае яна гледачам карціны і пацыентам. «Калі хворы не будзе верыць, то і лекі яму не дапамогуць».

З верай у жыццё. арт-акцыя хоспіса (12)

Светлыя колеры карціны адлюстроўваюць і яе ўласную надзею на выздараўленне. «Калі лекар-анколаг будзе несці цёмныя пачуцці, то і пацыенты іх могуць пераймаць».

Побач яшчэ адно светлае палатно з ружова-бэзавай абстракцыяй. Яго аўтарка — таксама лекар, загадчыца другой дзіцячай паліклінікі Жана Цюлькіна. Натхненне яна знайшла ў гіацынтах — першацветах, што сімвалізуюць выздараўленне і веру. «Вясновыя кветкі - гэта новыя сілы, падтрымка людзей, што дапамагае верыць у сябе і прарастае скрозь зямлю і снег».

Анёл-ахоўнік ад Сільвановічаў мацнейшы за хваробу

«Мы з Аляксандрам вырашылі намаляваць анела-ахоўніка, які ёсць у кожнага чалавека, — распавяла Ірына Сільвановіч. — Ён ёсць у кожнага - цалуе на ноч і жадае самага найлепшага».

З верай у жыццё. арт-акцыя хоспіса (1) Я б хацела, каб дзеці, што хварэюць на рак, верылі ў лепшае і каб у кожнага быў свой анел-ахоўнік з чароўнай зоркай у руках". Анёл ахоўнік з карціны Ірыны і Аляксандра вялікі і моцны. Ён большы за дзяцей, коцікаў, сабачак, рыб і дрэвы. Ён большы за любую хваробу і ўсё, што намалявана на ім, ёсць жыццё.

«Гатовы маляваць суткамі ўсім заводам»

Дрэва жыцця намалявала намеснік генеральнага дырэктара «Молочного мира» Аксана Вішнеўская. На яе палатне дзеці-птушкі лятаюць у вольным небе, а на дрэве ёсць роднае гняздо, дзе іх чакае цяпло і любоў. «Калі ад нашых малюнкаў хоць аднаму дзіцяці стане лягчэй, то мы гатовы маляваць суткамі, усім заводам», — кажа яна.

З верай у жыццё. арт-акцыя хоспіса (2)

«Гэта пра жыццё»

Са словаў кіраўнічкі дзіцячага хоспіса Вольгі Шульгі карціны — гэта першы крок у доўгатэрміновых планах. «Людзі сабраліся і намалявалі сваё бачанне веры, змагання з хваробай, тое, што яны пабачылі ў анкалогіі. Далей напрацягу года карціны будуць паказвацца на розных пляцоўках горада, на прадпрыемствах — дзе толькі магчыма, каб больш людзей іх пабачылі, каб зразумелі і адчулі, што рак можна перамагаць». Бо аднаго дня, калі мы раз на год узгадваем хворых на рак дзяцей, мала.

З верай у жыццё. арт-акцыя хоспіса (5)

Паводле Вольгі, выстава дапаможа прыцягнуць увагу грамадскасці да неабходнасці прафілактыкі і ранняй дыягностыкі раку. У такім выпадку яго можна кантраляваць і паспяхова лячыць. «Хочацца. каб людзі паверылі, што нават рак — гэта пра жыццё, а не пра смерць».