Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года.

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?
Ежы Грыгенча. Крыніца: Facebook / Ежик Григенча

Ежы Грыгенчу абвінавачваюць паводле арт. 361−4 ч. 1 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 368 ч.1 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Сам Грыгенча эміграваў з Беларусі і жыве ў Польшчы.

Спецвытворчасцю ў Беларускім заканадаўстве называюць вытворчасць у адносінах да абвінавачаных, якія знаходзяцца за мяжой ці іншым чынам «ухіляюцца ад яўкі» ў адпаведныя органы. Гэты механізм з’явіўся ў Крымінальным Кодэксе ў 2023 годзе. Ён дазваляе судзіць людзей завочна.

Хто такі Ежы Грыгенча

Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго судзілі па адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, за ўдзел у Маршах недармаедаў, за акцыі пратэсту ў 2020 годзе. На адно з судовых пасяджэнняў яго прыехала падтрымаць Ганна Канапацкая.

У лютым 2021 года мужчыну выклікалі ў Лідскі РАУС для разбіральніцтва паводле арт. 23.34 КаАП. Тады яго пакінулі ў мясцовым ізалятары да суду, але потым вызвалілі. Праз месяц яго асудзілі на 50 базавых велічынь (1450 рублёў) за пікетаванне падчас суду над Вітольдам Ашуркам.

Не першы гродзенец пад спецвытворчасцю

Вясной 2024 года Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць супраць гродзенца і ўладальніка крамы «Адметнасць» Сяргея Верамеенкі, праваабаронцы Віктара Хільмановіча, былой дырэктаркі дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічкі і дырэктаркі Цэнтра новых ідэй Лесі Руднік.

Таксама пад спецвытворчасць патрапілі гродзенцы Вадзім Саранчукоў і Алесь Кіркевіч ды Павел Міцкевіч і Дзяніс Чашчавік Усе гэтыя людзі жывуць па-за межамі Беларусі.

Чытайце таксама: CК распачаў спецвытворчасць супраць трох гродзенцаў, якія зараз жывуць за мяжой

За што можна патрапіць пад спецвытворчасць

Калі чалавека абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкаму фармаванню, то часцей гэта звязана з інтэрв'ю або каментаром медыя, якое прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Артыкулы за абразу або паклёп на прадстаўнікоў улады, Лукашэнкі ці суддзяў - публічна напісаныя, агучаныя, выказаныя ў інтэрв'ю каментары, расказала Hrodna.life адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

Чытайце таксама: «Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае