У пятніцу 9 чэрвеня ў батанічны сад, што ў парку Жылібера, правялі ваду. За некалькі гадзін супрацоўнікі Водаканала зрабілі калодзеж і цяпер Зелянбуд зможа сістэматычна паліваць расліны.

Спецыялісты і актывісты, якія думаюць пра захаванне і развіццё саду, пачалі перапісваць усе дрэвы і хмызнякі.

«На сённяшні дзень мы маем патрэбу ў спецыялістах для вызначэння дакладных назваў тых экзотаў, якія былі высаджаныя ў садзе з 2011 па 2016 год, — распавядае ландшафтны архітэктар Зелянбуда Таццяна Пашкевіч. — Нешта мы ўжо вызначылі самастойна, але ёсць расліны, з якімі мы не знаёмыя. Мы хочам падрыхтаваць таблічкі з назвамі раслін і прозвішчамі людзей, якія іх падарылі гораду».

Спецыялісты высветлілі, што з 2011 года ў садзе было высаджана 95 дрэў і хмызнякоў, але на сённяшні дзень іх колькасць скарацілася ўдвая.

Пытанне з аховай батанічнага саду ўсё яшчэ адкрытае. Год таму маладыя хмызнякі кралі пасля пасадкі, цяпер жа невядомыя пачынаюць проста псаваць расліны.