Першы матч паміж Беларуссю і Швецыяй у рамках «Еўрапейскага хакейнага выкліку», які праходзіць у Гродне на працягу двух дзён, завяршыўся паразай гаспадароў з лікам 1:4.
Матч зборных сабраў у гродзенскім лядовым палацы больш за 3 тысячы чалавек, гэта больш чым месціць афіцыйна арэна. Атмасфера на гульні нагадвала матчы плэй-оф чэмпіянату Беларусі. Вось толькі замест звыклага «Нёман», гродзенцы крычалі «Беларусь».
Каманды пачалі актыўна гульню, але на працягу двух перыядаў, хоць і былі кідкі ды адзінаборствы, але паразіць вароты ніхто не мог. Кульмінацыя ў матчы адбылася толькі ў трэцім перыядзе, калі зборная Швецыі зламiла супраціўленне Беларусі.
На 44-й хвіліне лік у матчы адкрыў Рюно. Беларусы здолелі адыграцца праз 6 хвілін, выратавальнікам выступіў Дзямкоў. Але ўжо на 53-й хвіліне шведы здолелі закінуць дзве хуткія шайбы, якія і зламiлі гаспадароў. Вызначыліся Олафсан і Ахо.
Беларусы спрабавалі хоць нешта зрабiць супраць суперніка, але ў каманды Дэйва Льюіса нічога ў гэты вечар ужо не атрымлiвалася. Тым часам за 5 хвілін да канца асноўнага часу шведы забілі і чацвёртую шайбу, якая стала кропкай у матчы.
Беларусь: Швецыя — 1:4
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Дэйв Льюіс пасля матчу сказаў, што ў яго каманды шмат чаго яшчэ не атрымлiваееца.
«Хачу павіншаваць каманду Швецыі. Гульня была вельмі шчыльная, пятнаццаць хвілін другога перыяду мы правялі нядрэнна. Іх каманда вельмі хуткая і моцная. Мы спрабавалі як мага лепш абараняцца і выкідваць шайбу з зоны, але ў нас гэта атрымлівалася толькі 15 хвілін.
Эфект ад перастановак у Спецбрыгады? Нажаль, усё яшчэ шмат чаго не атрымліваецца. Магчыма, прыйдзецца памяняць штосьці яшчэ. Што тычыцца брамавай пазіцыі на заўтра, то пакуль не абмяркоўвалі гэтае пытанне. У другім перыядзе Лаланду дасталася: шайба моцна прыляцела ў маску. Паглядзім на яго самаадчуванне. Але, калі Кевін ў парадку, хутчэй ён выйдзе ў стартавым складзе і заўтра".
Чарговы матч паміж Беларуссю і Швецыяй пройдзе ў суботу 22 красавіка ў 17:00.
[irp]