Японскі кампазітар і піяніст Тэмпэй Накамура выступіць у Мінску і Гродне 10−11 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Японіі ў Беларусі.

Канцэрты пройдуць у дні фестывалю японскай культуры «Японская восень у Беларусі 2016»: 10 лістапада — у Мінску ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, 11 лістапада — у Гродне ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы. Уваход на канцэрты вольны.

Японскі кампазітар і піяніст Тэмпэй Накамура другі раз наведвае Беларусь у дні фестывалю японскай культуры «Японская восень у Беларусі». У 2016 годзе візіт піяніста ў Беларусь праходзіць як частка вялікага еўрапейскага турнэ, у аснову якога лёг новы альбом піяніста «The Vortex» (2016).

Беларуская публіка пачуе кампазіцыі, створаныя музыкам пад уражаннем ад яго падарожжаў па Японіі і замежжы: «Водны пейзаж Хёго», «Ichigo-Ichie» (кожная сустрэча непаўторная і адзіная), «Слёзы дракона», сюіты «Падарожжа па Еўропе» і «Манэ» і іншыя. Па словах Тэмпэй Накамура, яго музыка заснаваная на натхненні ад розных музычных кірункаў - рамантызму, імпрэсіянізму, амерыканскай класікі, джазу, року, японскай музыкі гульняў і анімэ. У сваіх творах кампазітар таксама выкарыстоўвае матывы традыцыйнай японскай музыкі.