Свабоду Ігару Рэмзіку!

Нашага калегу, галоўнага рэдактара Newgrodno.by Ігара Рэмзіка, затрымалі 27 верасня каля 16.00, калі ён выконваў сваю працу — асвятляў акцыю пратэсту. Пакуль яго вялі да аўтазака, з яго сцягнулі камізэльку з надпісам «Прэса».

Главный редактор Newgrodno.by Игорь Ремзик. Фото: Катерина Гордеева
Галоўны рэдактар Newgrodno.by Ігар Рэмзік. Фота: Кацярына Гардзеева

Спачатку Ігара адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС, але далейшае яго месцазнаходжанне невядомае. Паводле адной з крыніц, ён можа быць у СІЗА на вуліцы Кірава, а 28 верасня яго будзе чакаць суд. Дакладна пацвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю не ўдалося.

Раней у прысутных на акцыі журналістаў праверылі дакументы і правялі прафілактычную гутарку. Некаторых журналістаў, у тым ліку з Hrodna.life, папярэдзілі.

На думку міліцыянтаў, журналісты мясцовых інтэрнэт-выданняў насамрэч не з’яўляюцца журналістамі: нашы пасведчанні нібыта нічога не вартыя, а насіць камізэлькі з надпісам «Прэса» мы наогул не маем права. Таму, цалкам верагодна, у Гродне і далей будуць затрымліваць журналістаў і абвінавачваць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Рэдакцыя Hrodna.life лічыць гэта неабгрунтаваным грубым парушэннем права на свабоду інфармацыі, якое гарантуецца Канстытуцыяй. Мы патрабуем неадкладна вызваліць нашага калегу Ігара Рэмзіка і спыніць рэпрэсіі супраць журналістаў!