Зоську Верас сёння ў Гродне мала хто памятае. Нават невялічкай вулкі, названай у яе гонар, няма. А між тым гэтая шляхцянка з каранямі з пад польскай цяпер Саколкі заслугоўвае ў нашым горадзе цэлага праспекту. Бо менавіта з яе ды яе паплечнікаў больш за сто гадоў таму пачыналася менавіта беларускае Гродна.
Прыязджала да дзядоў, плавала на лодцы па Нёмане
Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас — творчы псеўданім паэткі) нарадзілася ў сям'і царскага афіцэра Антона Сiвiцкага ў 1892 годзе. Яе бацькі паходзілі з Гродзеншчыны. У дзяцінстве будучая пісьменніца вельмі часта прыязджала ў наш горад да сваіх дзядоў Сівіцкіх — Міхала і Міхаліны, якія жылі адразу за Фарным касцёлам, там, дзе цяпер знаходзіцца рэзідэнцыя каталіцкага біскупа. Першыя ўспаміны пра Гродна былі звязаны менавіта з домам дзядоў і пляцам, дзе знаходзіліся ратуша і шматлікія крамы.
Кватэра ператварылася ў культурны цэнтр
Калі ў маленькім памяшканні ў бернардынскіх мурах адбыўся арганізацыйны сход гуртка беларускай моладзі, Людвіка навучалася ў 6-м класе гімназіі. Яна атрымала пасаду бібліятэкара. Праца ў гуртку развівалася плённа, пісала ў сваіх успамінах Зоська Верас: сходы, лекцыі, арганізацыя хору.
Натхніцелем працы гурта стаў малады каталіцкі святар Францішак Грынкевіч, а месцам для правядзення сходаў і некаторых мерапрыемстваў - кватэра Людвікі Сівіцкай і яе маці на вуліцы Гараднічанскай. Той дом не захаваўся, цяпер на яго месцы стаянка для транспарта аблвыканкама.
«Наш дом стаў кватэрай гуртка, — узгадвала пазней Людвіка Сівіцкая. — Сюды перанеслі бібліятэку. Тут адбываліся рэпетыцыі хору, спектакляў, лекцыі і вечарынкі для малодшай секцыі. Заўсёды былі ў нас сябры з гуртка».
Ладзілі спектаклі і перформансы
Людвіка выступала ў спектаклях, перакладала для пастановак гуртка п’есы польскіх аўтараў, вяла заняткі з малодшай секцыяй, займалася арганізацыяй выступленняў на вёсцы, ліставалася з Пецярбургам і Вільняй. У пастаноўцы п’есы «Па рэвізіі» ў лютым 1910 года грала Пантурчыху, а ў «Модным шляхцюку» ў лютым 1911 года — Ганку. Паказ апошняй прайшоў на кватэры ў Сівіцкай на вуліцы Гараднічанскай.
Часта моладзь выходзіла і на гарадскія вуліцы. Зоська верас успамінала: «Быў у нас у гуртку Казюк з-пад Ваўкавыска. Сярэдняга росту, твар круглы. Апранулі мы яго ў беларускі жаночы касцюм, завязалі на галаву шаляноўку, дзве дзяўчыны ўзялі яго пад рукі і павялі ў самую гушчу шпацыруючых па Саборнай вуліцы. Гаварылі паміж сабой, як заўсёды, па-беларуску, але на гэты раз спэцыяльна гучна, каб звярнуць на сябе ўвагу. Зразумела, пачалі на нас аглядацца, ісці за намі».
Нават сёння ўявіць такі перформанс вельмі складана, а тое, што гэта адбывалася больш за 100 гадоў таму ў нашым горадзе — проста неверагодна. Гэта была моладзь з розных гродзенскіх гімназій, якіх аб’ядноўвала творчая і асветніцкая праца ў Гродзенскім гуртку беларускай моладзі.
«Вылітыя на паперу думкі дадалі веры ў свае сілы»
Зоська Верас уваходзіла ў рэдкалегію часопіса аднаднёўкі «Колас беларускай нівы», для якога напісала прадмову, паведамленне «З Гродзеншчыны», апавяданне «Спатканне вясны», вершы «Над Нёманам», «Малітва».
«Якая ж радасць, — успамінала Людвіка, — можна сказаць шчасце, запанавала ў сэрцах ініцыятараў і рэдактараў, калі ўгледзелі сваю працу. Здзейснены праект, вылітыя на паперу думкі дадалі веры ў свае сілы. Крыху аднаднёўкі прадалі, параздавалі сябрам гуртка, і ў мяне астаўся адзін экзэмпляр, і то бракоўны…»
Сябравала з Багдановічам, трапляля ў польскую турму, выдавала кнігі
У 1913 г. Зоська Верас выехала на вучобу ў Варшаву. Так скончыўся летуценны, натхнёны, трошкі лірычны гродзенскі перыяд жыцця пісьменніцы.
А далей было доўгае, напоўненае беларускай патрыятычнай працай жыццё, большую частку якога паэтка пражыла ў Вільні. Ёй сімпатызаваў сам Максім Багдановіч, жаліўся ёй, што са свайго гродзенскага дзяцінства памятаў толькі пахаванне матулі. Яе першы муж — сацыяліст-рэвалюцыянер Фабіян Шантыр — народны камісар самага першага ўрада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, быў растраляны бальшавікамі, сама паэтка ў 1920-я неаднойчы трапляла ў польскую турму. Зоська Верас актыўна працавала ў беларускіх часопісах і газетах, выдавала дзіцячыя кнігі ды дапаможнікі па зялярстве ды пчалярстве, аздабляючы іх уласнымі замалёўкамі.
Пачынаючы з 1970-х гг. яе невялічкі драўляны дамок у падвіленскім лесе стаў месцам пілігрымак патрыятычна настроенай моладзі з БССР. Тут яны маглі пагаварыць з чалавекам, які бачыў расстраляных у сталінскіх турмах Браніслава Тарашкевіча, Ігната Дварчаніна і іншых беларускіх працаўнікоў, пагартаць старыя кнігі і выпіць зёлкавай гарбаты, зробленай самой паэткай.
«Я зрабіла для Беларусі ўсё, што магла, цяпер ваш чарод»
Зоська Верас ніколі болей не прыехала ў Гродна, але яе вельмі цягнула сюды. Тут прайшлі найлепшыя гады яе жыцця, тут яна стала на дарогу, па якой мэтанакіравана ішла ўсё сваё доўгае жыццё. Паэтка дажыла да абвяшчэння Беларуссю незалежнасці ў 1991 г. і памерла літаральна праз месяц пасля яго, дажыўшы амаль да сотні гадоў. Яна быццам сказала ўсім нам: «Я зрабіла для Беларусі ўсё, што магла, цяпер ваш чарод».