MD Duran, unsplash.com
Пытанні адукацыі і міграцыі цесна звязаныя. З аднаго боку, дзяржава, няхай і досыць дзіўнымі метадамі, спрабуе ўтрымаць «уцечку мазгоў» з краіны. З іншага, перашкаджае вяртанню «мазгоў», якія атрымалі адукацыю за мяжой.
Беларускія школьнікі, якія паступаюць у польскія ВНУ, сутыкаюцца з цяжкасцямі задоўга да пачатку вучобы.
Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў у Польшчы (NAWA — польск.) прымае дакументы ад абітурыентаў на стыпендыяльную праграму з 11 лютага па 30 сакавіка. Дакументы можна падаць і пазней, самастойна ў выбраны ўніверсітэт,
але так будучы студэнт не атрымае стыпендыю польскага ўрада.
[the_ad id="112 956"]
Дакументы ў NAWA прымаюцца ў электронным выглядзе. Адзін з абавязковых дакументаў - табель паспяховасці за 11 клас. З яго атрыманнем узнікаюць праблемы.
«Цяжкасці з атрыманнем табеляў паспяховасці ў Гродне ўзнікаюць ужо не першы год, — распавядае Тэрэса Крышынь, намесніца старшыні грамадскага аб’яднання „Польска Мацеж Школьна“, якое займаецца польскамоўныя адукацыяй у Беларусі. — У некаторых школах спачатку масава адмаўлялі ў выдачы, цяпер сітуацыя крыху палепшылася. Але ўсё яшчэ застаюцца школы, у якіх не хочуць выдаць табель».
Польска Мацеж Школьна, як грамадская арганізацыя, афіцыйнага адказу з тлумачэннем гэтых практык не атрымае, упэўненая Тэрэса Крышынь.
«Звычайна гэта робіцца так: збіраюцца саветы дырэктараў, дзе даюць такія ўказанні. Матывуецца гэта тым, што з нейкіх школ занадта шмат вучняў з’язджае атрымліваць адукацыю за мяжу. Адзін са спосабаў паменшыць адток моладзі - не даць магчымасці сабраць неабходны камплект дакументаў», — тлумачыць Крышынь.
Не выдаць табель паспяховасці - адзінае, чым школа можа паўплываць на працэс паступлення. Усе астатнія дакументы, якія неабходна прадставіць, ад школы не залежаць.
«Наколькі нам вядома, за выключэннем ліцэя ў Гродне гэтае пытанне стала вырашаемым», — кажа Тэрэса Крышынь.
Начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Семанчык:
«Даведкі ва ўстановах адукацыі выдаюцца згодна пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 67
Разам з тым такая тыпавая даведка прадугледжвае магчымасць уносіць іншыя неабходныя звесткі. Ніхто не забараняе ўносіць у яе інфармацыю аб навучанні вучняў у адпаведнасці з запытам. У гэтай даведцы кіраўнік установы можа змясціць адзнакі за чвэрці навучэнцаў, зноў жа па запыце законных прадстаўнікоў".
Па словах Тэрэсы Крышынь, колькасць жадаючых паступаць за мяжу нельга назваць крытычнай. Звычайна гэта 2−3 чалавекі на клас. Хоць тэндэнцыя да павелічэння попыту на адукацыю па-за Беларуссю ёсць. Што тычыцца навучання ў Польшчы, то традыцыйна больш за ўсё жадаючых прыпадае на Гродна і вобласць.
[the_ad id="82 761"]
Павелічэнне попыту на замежную адукацыю адзначае і ЮНЕСКА. З 2016 года на 15% павялічылася колькасць тых, хто з’ехаў вучыцца ў заходнім кірунку. Часцей за ўсё з’язджаюць у Польшчу, другое і трэцяе месца дзеляць паміж сабой Вялікабрытанія і ЗША. Пры гэтым 70% моладзі, якая з’язджае вучыцца за мяжу, накіроўваюцца ў Расію.
«Працадаўца мае права браць ці не браць на працу чалавека ў залежнасці ад таго, ці лічыць ён яго дастаткова кампетэнтным. Заканадаўча ніхто не абмяжоўвае працаўладкаванне нашых грамадзян з замежнымі дыпломамі, але і не заахвочвае», — распавядае прафесар Уладзімір Дунаеў, член грамадскага Балонскага камітэта, адзін са стваральнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
У некаторых краінах ёсць праграмы, якія заахвочваюць атрыманне адукацыі за мяжой. Напрыклад, ствараючы лепшыя ўмовы для працаўладкавання. У Беларусі гэтага няма. «У нас не з’яўляецца каштоўнасцю, калі ў органах улады працуюць людзі, якія маюць нейкія заходнія дыпломы. У Кітаі гэта лічыцца перавагай, у нас нк», — параўноўвае Дунаеў.
«Афіцыйна ніякіх забаронаў і абмежаванняў няма. У першую чаргу ўсё залежыць ад працадаўцы, але ёсць негалосныя інструкцыі, якія гэта могуць абмяжоўваць. Вам ніхто не скажа, што вас не прымаюць на працу з-за дыплома. Але пэўная дыскрымінацыя можа быць», — кажа Дунаеў. Паводле яго слоў, калісьці існавалі і абмежаванні на прыём на пэўныя пасады выпускнікоў прыватных ВНУ. Але гэта хутчэй не ўніверсальныя інструкцыі, а лакальныя, лічыць эксперт.
Магчыма, з гэтым звязана тое, што з тых, хто вярнуўся ў Беларусь, толькі 17% працуюць па спецыяльнасці.
З аднаго боку ў беларусаў, якія атрымалі дыплом у Еўропе, могуць узнікнуць цяжкасці пры працаўладкаванні на радзіме, а з другога ў беларусаў, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі, узнікаюць праблемы за мяжой.
«Аўтаматычнага прызнання вашай кампетэнтнасці на падставе дыплома няма нават у рамках ЕС. Цяпер гэта з’яўляецца адной з задач, якую ніяк не могуць вырашыць. Пасля Парыжскага саміту гэтае пытанне павінна вырашыцца да 2020. Але ўсе пытанні з дыпломамі розных краін ЕС вырашаюцца значна прасцей», — тлумачыць Дунаеў.
[the_ad id="82 763"]
У Еўропе пры працаўладкаванні з беларускім дыпломам пытанняў значна больш, чым у Беларусі з еўрапейскім. Хоць з самім прызнаннем дыплома праблем даўно няма.
«Што тычыцца прызнання, то Беларусь даўно падпісала і ратыфікавала Лісабонскую канвенцыю [аб прызнанні кваліфікацый, якія адносяцца да вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскім рэгіёне — рэд.] - яшчэ ў 2002 годзе. Цяпер у нас ёсць праблемы з дадаткам да дыплома, а гэта вельмі важны дакумент. Гэтая „паперка“, якая выдаецца разам з дыпломам аб вышэйшай адукацыі, для Еўропы нічога не значыць», — кажа Дунаеў.
«У адносінах да беларускіх дыпломаў расійцы паводзяць сябе менш строга, чым беларусы да расійскіх. Напрыклад, абарона дысертацыі ў Расіі беларусам магчымая толькі з дазволу ВАКа. Гэта значыць, калі вы абараніліся ў Расіі, вам трэба будзе праходзіць працэдуру прызнання, аўтаматычна ўсё не пройдзе», — дае прыклад Дунаеў.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…