Злыдні vs дамавікі. Выберы, на чыім баку ты, наведаўшы выставу «Героі беларускіх казак, міфаў і легенд»

Перш, чым чытаць далей, адзеньце шапку. І як толькі заблішчаць з наступнага фота чырвоныя вочы Дзядка — адразу тым капелюшом у яго кідайце. Як шапку не адзелі - прыдзецца сарваць з галавы пук валасоў, каб у Дзядка кінуць. Яно таго варта будзе — за гэта чароўны стары падкажа, дзе скарб ляжыць.

Ад 15 верасня сустрэць Дзядка ў Гродне проста — у Музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава «Старыя героі - новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легенд». У экспазіцыі выставы прадстаўлены 12 графічных прац мастака Валерыя Славука і 11 аб’ёмных фігур скульптара Антона Шыпіцы на тэму беларускага фальклору. Пабачыць нашых нячысцікаў амаль нажыва можна і праз акуляры віртуальнай рэальнасці.

Дзядок — міфічны стары з чырвонымі вачамі і часам з чырвонай барадой. Сустракаецца на дарогах, патрабуе павагі у выглядзе кінутай шапкі. Бедным дапамагае разбагацець, багатым — знайсці шчасце ў асабістым жыцці
Меркаваннем аўтара і арганізатара выставы, Паўла Арлова, героі беларускіх казак, міфаў і легенд вартыя папулярызацыі. «Грэкі з даўніх гадоў папулярызуюць сваю краіну праз міфы і легенды, французы шмат чаго робяць у гэтым накірунку, палякі нават кіно пра Ведзьмака здымаюць. Матэрыял, за кошт каторага іншыя краіны прасоўваюць сваю культуру, у нас ў заняпадзе. Мы вырашылі паспрабаваць запоўніць гэту нішу. Каб нагадаць, што ў Беларусі гэты пласт культуры быў, што ён захаваны, што мы ведаем не толькі пакемонаў і бонсцікаў, але і свой фальклёр.»
Арганізатар выставы Павел Арлоў (справа) і скульптар, аўтар работ, Антон Шыпіца на адкрыцці выставы «Старыя героі - новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легенд» у Гродне
У 2014 годзе Валерый Славук для «Энцыклапедыі беларускага фальклору» намаляваў калі сотні міфічных беларускіх персанажаў. Лічыцца, што агулам іх каля 500, а падрабязна апісана каля 150. Многім з беларускіх міфічных герояў у свеце няма аналагаў. Нашых нячысцікаў, нават адмоўных, адрознівае, хутчэй, «дробная шкодлівасць».

Той самы Лазавік, што жыве ў балоце з чорцікамі-лазянятамі, мае ў руках пугу. Калі чарцяняты-лазяняты задужа гарэзяць, і заводзяць путніка на дрыгву, то Лазавік ганяе малых пугаю і падкладае падарожнаму лазу пад ногі, каб выйшаў жывым з балота.

Лазавік — балотны дух. Мае прыслужнікаў лазянят, каторых ганяе пугаю, каб не шкоднічалі. Путніка можа завесці ў дрыгву, а можа і дапамагчы выбрацца — залежыць ад настрою. Мае толькі адно вока, але глядзіць пільна
Беларускі дамавік (у адрозненні ад героя папулярнага мульціка) не жыве адзін. У яго ёсць жонка-дамавуха. Берагуць дом гаспадароў яны заўжды разам. А як гаспадары дзе забываюць дбаць пра гаспадарку, то могуць ненарокам і на граблі наступіць — дамавік з дамавухаю акурат у патрэбнае месца грабелькі пакладуць.
Дамавік і дамавуха жывуць за печчу. Пакуль яны ў хаце ёсць, злыдняў можна не баяцца
Пра тое, што нават у сучасным свеце ад міфічных герояў можна чакаць сюрпрызаў, расказваў і Антон Шыпіца. Падчас працы са скульптурай самымі шкадлівымі аказаліся, канечне Злыдні. Адна з ужо гатовых фігур умудрылася дзіўным чынам саскочыць са стала і разбіцца. Прыйшлося рабіць нанова. «Ну — злыдні ёсць злыдні, чаго яшчэ ад іх чакаць» — жартуе аўтар.
Злыдні могуць апанаваць хату, якую пакінулі дамавікі. Шкодзяць дробна, але крыўдна. Могуць рассыпаць крупы ці насыпаць пяску ў кашу
З добрых герояў несумнеўную сімпатыю выкліча Жыцень. Ён дапамагае гаспадарам на ніве, каб жыта ўзышло і ніводзін каласок ураджаю не прапаў. Каб нічога не выпусціць з-пад увагі, гэты герой мае нават трэцяе вока - на патыліцы.
Трэцяе вока не абавязкова месціцца на ілбе. Жыцень, напрыклад, аддае перавагу воку на патыліцы. Абзор на 360 градусаў - ад яго ніхто і нічога не схаваецца
Напэўна зацікавіць наведвальнікаў і магчымасць апынуцца ў віртуальнай рэальнасці, дзе міфічныя героі жывуць і рухаюцца ў трохмернай прасторы. Таксама можна пабачыць мініяцюрныя скульптуры казачных персанажаў.
Паўтарыць, як засвоіліся расповеды пра вялікія фігуры можна на маленькіх. Усе 11 паменшаных герояў месцяцца ў адмысловым казачным куфары
Выстава ў Музеі гісторыі рэлігіі будзе экспанавацца да 12 лістапада. Кошт білетаў - 3 рублі для дарослых, 2,5 для пенсіянераў і студэнтаў, 2 рублі - для вучняў. Асабліва цікава, калі пра кожнага персанажа расказваюць супрацоўнікі музея. То варта і замовіць экскурсію. Кошт такой паслугі складзе 6 рублёў.

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025