Гродзенскі музыка Аляксандр Зімін у групе «Гродна» ў Facebook задаўся пытаннем, чаму гродзенцы рэдка бываюць у цэнтры горада. Паводле яго назіранняў, у горадзе «няма жыцця, за выключэннем некалькіх маленькіх пляцовак». У каментарах некаторыя гродзенцы прапанавалі свае тлумачэнні.
У рубрыцы «Меркаванне» мы з невялікімі скарачэннямі перадрукоўваем тэкст Аляксандра і водгукі гродзенцаў на яго. Арыгінальны тэкст і каментарыі былі напісаныя на рускай мове.
У апошнія дні давялося некалькі разоў размаўляць з турыстамі, якія прыехалі ў Гродна не першы раз. Да іх меркавання дадаў сваё. І атрымалася нешта даволі сумнае.
Гродна — разыначка турыстычнай сферы Беларусі. Ды і проста, сам па сабе, цудоўны ўтульны горад. Але. У гэтым цудоўным утульным горадзе неяк не адчуваецца жыцця. І гэта я кажу не таму, што давялося пажыць у Мінску, Піцеры, Маскве і іншых мегаполісах, а пасля пачаў параўноўваць. Не. Гэта непараўнальна па змаўчанні. […] Але для горада з насельніцтвам больш за 360 000 чалавек… Цэнтр, як нейкі пункт судакранання, проста пусты. Выключэннем, напэўна, з’яўляюцца толькі вялікія святы.
На Пешаходцы да мяне часам падыходзяць з пытаннем «Ой, якая музыка! А вы адкуль?» і вельмі дзівяцца, калі кажу, што мясцовы. А далей ідзе дыялог, падчас якога высвятляецца, што суразмоўца з Альшанкі, амаль не выбіраецца адтуль і бачыць мяне ўпершыню, хаця я на вуліцах з 2016 года. Цяпер яшчэ дадаліся Каўбасіно, Грандзічы. Горад расце, спальнікі ўсё далей, а камунікацыі ўсё менш. Мяне гэта, шчыра кажучы, часам уганяе ў смутак. Нават мінчане неяк умеюць выбірацца ў цэнтр пагуляць і адпачыць, а ў нас паўгадзіны на аўтобусе ці 10 хвілін на таксі - няўжо так складана ці проста не хочацца? Чым гэта выклікана? Аднастайнасцю? Адсутнасцю забаў і паслуг? Цэнамі? Транспартам?
Сябры гродзенцы, вось скажыце, чаму ў горадзе, на Ваш погляд, няма жыцця за выключэннем некалькіх маленькіх пляцовак? Чаго Вам не хапае?
Са свайго боку. Чаго я толькі для горада не спрабаваў рабіць. У мінулым годзе, калі праводзіўся конкурс на праект набярэжных, прапаноўваў гарадской архітэктуры варыянт паўнавартаснага аб’яднання горада праз набярэжныя (за рамкамі конкурсу, у прыватнай гутарцы). Так, каб усе раёны лагічна зводзіліся да набярэжных, якія, у сваю чаргу, ішлі б па абодвух берагах Нёмана ад Усходняга моста да базы «Прывал». З пешаходнымі і веласіпеднымі дарожкамі на ўсім працягу, фудкортамі, пляцоўкамі для фота і ёгі, зонамі адпачынку, рачным трамваем лядовага класа і г. д.
Чытайце таксама: Экасцежка, амфітэатр і гульнявы замак на выспе. Як гродзенцы бачаць добраўпарадкаванне набярэжнай Нёмана
[…] Летась прапанаваў зрабіць новую традыцыю ў горадзе: упрыгожваць скульптуры ў халодную пару года яркімі шалікамі, як гэта робяць у Піцеры і іншых гарадах. У адказ рушылі ўслед такія дзіўныя пытанні, што я выпаў у асадак і зразумеў, што прасцей самому, у прыватным парадку, павязаць шалік на шыю невядомаму гродзенцу, зрабіўшы цяплей і яму, і гораду, чым пытацца на гэта ў кагосьці дазволу. Тым больш, што патрабаванне пытаць гэтага самага дазволу нідзе не прапісана.
Ну і дабіў мяне мост праз Гараднічанку на днях. У свой час, калі рэчка знесла масток да хат жыхароў прыбярэжнай паласы вышэй па цячэнні, прапанаваў сабраць грошы па прынцыпе краўдфандынгу ў горадзе і зрабіць людзям прыгожы мост па арыгінальным праекце. Тады мне пачалі з усіх бакоў даказваць, што для гэтага трэба правесці глыбокія даследаванні, вывучыць геалогію, зрабіць прафесійны праект, скласці каштарыс і г. д. І ўжо пасля гэтага будаваць масток у 10 метраў даўжынёй. І вось зараз… прафесіяналы зрабілі берагі Гараднічанкі. Гродзенцы ведаюць, як. А нам абяцаюць паўнацэнныя набярэжныя ў 2028 годзе. У праект набярэжных паабяцалі ўключыць ідэі аўтараў праектаў, дасланых на конкурс. Нашы ідэі. Праектаў, якія журы афіцыйна аб’явіла не прыдатнымі пад умовы конкурсу і адмовілася ад сваіх абяцанняў аўтарам. Плакаць ці смяяцца…і што не так у гэтым горадзе…
Чытайце таксама: «Змрочны змрок». Гродзенец з’ездзіў у Пецярбург і паразважаў аб ўладкаванні нашага горада
«У буднія дні гараджане пасля працы аддаюць перавагу адпачынку дома, у выхадныя з’язджаюць на дачы. Хіба толькі моладзь выходзіць у цэнтр горада прагуляцца і сустрэцца з сябрамі. А прыезджых турыстаў не так ужо і шмат», — піша ў каментарах Наталля.
«Што казаць пра Гродна, калі Мінск пусты, серы і сумны… За апошнія чатыры гады нашы гарады вымерлі… Ініцыятыўныя, крэатыўныя, творчыя людзі ў асноўным, з’ехалі. Хто застаўся, перабраўся на кухню. Увогуле — няма таго, што раньш было», — піша Алена.
«[…] Але ж трэба жыць неяк далей. Таму я і пытаю, што сам не магу зразумець. У тым ліку і: як наконт выбрацца ў Гродна з кухні? Што для гэтага патрэбна? Чаму на кухні лепш, чым у кінатэатры, на трэнажорах у парку, на Пешаходцы, на набярэжнай? Чаму народ сам не прыдумляе забавы, чаму няма ідэй, чаму так мала для турыстычнай разыначкі і проста прыгожага горада ініцыятыў, накіраваных на тое, каб хацелася выходзіць з дому», — адказвае ёй Аляксандр.
Чытайце таксама: У TikTok абмяркоўваюць, ці варта пераязджаць у Гродна
«Няма людзей? Ну шмат хто ці з’ехаў, ці баяцца хадзіць у цэнтр, ці няма грошай на адпачынак. Хутчэй за ўсё, тры пункты разам», — дзеліцца меркаваннем Сяргей, які цяпер жыве ў Польшчы. І звяртае ўвагу на тое, што папулярныя ўстановы ў цэнтры Гродна зараз прадаюцца.
Удзельнікі дыскусіі ўзгадваюць, што цэнтр Гродна «быў шматлюдным», а зараз горад «расслаіўся, разбегся на раёны».
«З некаторых часоў няма жадання шпацыраваць ад слова зусім, абяцала зняць відэа пра горад бразільскім сябрам, але чамусьці не жадаю, хоць горад прыгожы, на святы не хаджу, няма жадання ісці праз кучу турнікетаў, не спрачаюся, бяспека важная, але… проста адбівае жаданне хадзіць на свята», — піша Таццяна.
«Напэўна, так адбываецца ва ўсіх беларускіх гарадах», — выказваюць здагадку ўдзельнікі дыскусіі. У адказ на гэта Аляксандр Зімін задумаўся задаць такія ж пытанні хаця б для абласных цэнтраў. Напрыклад, у агульнабеларускіх групах у Facebook.
Аляксандр Зімін — вулічны музыка з Гродна. Грае на вуліцы з 2016 года на хэндпане. Яго незвычайны інструмент у выглядзе лятаючай талеркі стаў славутасцю цэнтра Гродна. З’язджаў у Архангельскую вобласць працаваць на лесапільні, а потым вярнуўся. У Беларусі некалькі гадоў безвынікова змагаўся за медыцынскую даведку для правоў кіроўцы (у яго ДЦП і даведку даваць не хацелі). І лёгка атрымаў яе ў Расіі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…