Данута Бічэль. Фота з архіву Hrodna.life
Вечарам 1 снежня ў Цэнтры гарадскога жыцця не было вольных месцаў. Невялікую залу запаланілі гродзенцы, што прыйшлі сустрэцца з паэткай Данутай Бічэль, якую нехта з прысутных назваў легендай горада. На вечарыне пісьменніца прэзентавала кнігу сваіх выбраных твораў, чытала вершы, разважала пра жыццё, а літаратуразнаўцы спрачаліся пра асаблівасці яе творчасці.
Найбольшую ўвагу Данута Бічэль засяродзіла на сваёй новай кнізе выбраных твораў, якая нядаўна выйшла ў серыі «Беларускі кнігазбор». У кнігу ўвайшлі свецкія і духоўныя вершы паэткі, пераклады, а таксама празаічныя творы — успаміны і эсэ. Цікава, што кніга выдадзена дзяржавай, хоць найчасцей серыя «Беларускі кнігазбор» выдаецца за кошт спонсараў.
Пры ўкладанні кнігі Данута Бічэль абапіралася на традыцыі, закладзеныя ў беларускай літаратуры Максімам Багдановічам: «Я старалася ўкладаць вершы па яго прынцыпе — каб яны адзін другога дапаўнялі, каб не было разнабою ў настроях».
Праца па ўкладанні кнігі працягвалася каля года. Некаторыя свае творы паэтка папраўляла, удасканальвала.
Данута Бічэль адзначыла, што шчаслівая, бо ўбачыла свой томік у «Беларускім кнігазборы» пры жыцці. І са шкадаваннем і любоўю згадала пісьменнікаў, сваіх сяброў, чые кнігі ў гэтай серыі выйшлі толькі пасля іх смерці: Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Ніну Мацяш, Алеся Наўроцкага, Міхася Стральцова, Кастуся Тарасава…
На працягу ўсёй сустрэчы пісьменніца чытала свае творы і ўспамінала пра блізкіх людзей, якім прысвечаны адзін з раздзелаў у яе новай кнізе. Сярод іх — як усім знаёмыя творцы, так і мала вядомыя шырокаму колу асобы.
Прадмову да кнігі выбраных твораў Дануты Бічэль напісала Марыя Новік, жанчына, якую паэтка лічыць сваёй духоўнай дачкой. Аднак першым, да каго звярнулася пісьменніца з просьбай напісаць прадмову, быў літаратуразнаўца Анатоль Брусевіч. Але выдавец Кастусь Цвірка не захацеў друкаваць тэкст маладога аўтара.
Анатоль Брусевіч выдзеліў у творчасці Дануты Бічэль тры перыяды і нават увёў для назвы кожнага з іх спецыяльныя тэрміны: дамузейны, музейны і постмузейны. У якасці своеасаблівага арыенціру даследчык абраў музей Максіма Багдановіча ў Гродне, які стварала і ў якім працавала паэтка.
«Вершы першага перыяду творчасці Дануты Янаўны больш лёгкія — пра каханне, пра малую радзіму. У музейны перыяд паэзія пісьменніцы заўважна інтэлектуалізуецца. У вершах постмузейнага перыяду ярка выражаны хрысціянскі пафас. Таксама з’яўляецца новы момант — проза», — адзначыў Анатоль Брусевіч, а таксама звярнуў увагу на ўплывы рамантызму і мадэрнізму ў творчасці Дануты Бічэль, а прозу пісьменніцы параўнаў з творчай манерай Марсэля Пруста.
Літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч расставіў свае акцэнты ў размове пра творчасць Дануты Бічэль. На яго думку, пісьменніца — найперш паэтэса, а не празаік, бо мемуары не варта называць прозай. Таксама не варта спрачацца рэалістка яна, рамантык ці мадэрніст:
«Паэты вельмі індывідуальныя. У кожнага паэта свая паэзія, да якой гэтыя тыпалагічныя катэгорыі не варта выкарыстоўваць, бо яны кепска вымяраюць індывідуальнасць».
Данута Бічэль — «вельмі беларуская, вельмі лірычная і вельмі натуральная, — заўважыў Аляксей Пяткевіч. — У паэзію прыходзяць часта ад кніг, ад літаратуры. А яна прыйшла ад роднай вясковай прасторы, ад лесу, лугу, рэчкі, ад роднага слова, ад песні народнай, якая яшчэ гучала ўжывую ў часы яе дзяцінства.
І таму паэзія яе вельмі свежая, асабліва ранняя. Яна ўспрымалася як нешта далёкае ад літаратурнасці, як жывы голас жывой душы, такая лірычная, адкрытая, свежая, чыстая, душэўная. І прычым гэта былі вершы пра звычайнае. Данута Бічэль заўсёды ўмела адкрываць вялікае, глыбокае ў родным будзённым, простым, рабіць з гэтага вялікую паэзію. У яе творчасці адкрываецца глыбінная Беларусь».
З музычным падарункам да Дня нараджэння Дануты Бічэль выступіў гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў. Ён заспяваў некалькі песняў на словы паэткі. Свае вершы і віншаванні прысвяцілі пісьменніцы маладыя паэты Артур Камароўскі, Вікторыя Смолка і Алена Паўлоўская.
Напрыканцы сустрэчы Данута Бічэль выказала надзею, што яе новая кніга знойдзе свайго чытача: «Гэтая кніжка — вынік маёй працы. Яна звязвае мяне з вамі, з тымі, хто чытае цяпер і хто будзе чытаць пасля. Я надта хацела б, каб мая кніга мела добрае месца, і добрыя вочы, і добрага чытача, і добрую душу».
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…