Вечарам 1 снежня ў Цэнтры гарадскога жыцця не было вольных месцаў. Невялікую залу запаланілі гродзенцы, што прыйшлі сустрэцца з паэткай Данутай Бічэль, якую нехта з прысутных назваў легендай горада. На вечарыне пісьменніца прэзентавала кнігу сваіх выбраных твораў, чытала вершы, разважала пра жыццё, а літаратуразнаўцы спрачаліся пра асаблівасці яе творчасці.

Найбольшую ўвагу Данута Бічэль засяродзіла на сваёй новай кнізе выбраных твораў, якая нядаўна выйшла ў серыі «Беларускі кнігазбор». У кнігу ўвайшлі свецкія і духоўныя вершы паэткі, пераклады, а таксама празаічныя творы — успаміны і эсэ. Цікава, што кніга выдадзена дзяржавай, хоць найчасцей серыя «Беларускі кнігазбор» выдаецца за кошт спонсараў.

danuta-bichel-017

Пры ўкладанні кнігі Данута Бічэль абапіралася на традыцыі, закладзеныя ў беларускай літаратуры Максімам Багдановічам: «Я старалася ўкладаць вершы па яго прынцыпе — каб яны адзін другога дапаўнялі, каб не было разнабою ў настроях».

Праца па ўкладанні кнігі працягвалася каля года. Некаторыя свае творы паэтка папраўляла, удасканальвала.

Данута Бічэль адзначыла, што шчаслівая, бо ўбачыла свой томік у «Беларускім кнігазборы» пры жыцці. І са шкадаваннем і любоўю згадала пісьменнікаў, сваіх сяброў, чые кнігі ў гэтай серыі выйшлі толькі пасля іх смерці: Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Ніну Мацяш, Алеся Наўроцкага, Міхася Стральцова, Кастуся Тарасава…

danuta-bichel-013

На працягу ўсёй сустрэчы пісьменніца чытала свае творы і ўспамінала пра блізкіх людзей, якім прысвечаны адзін з раздзелаў у яе новай кнізе. Сярод іх — як усім знаёмыя творцы, так і мала вядомыя шырокаму колу асобы.

Прадмову да кнігі выбраных твораў Дануты Бічэль напісала Марыя Новік, жанчына, якую паэтка лічыць сваёй духоўнай дачкой. Аднак першым, да каго звярнулася пісьменніца з просьбай напісаць прадмову, быў літаратуразнаўца Анатоль Брусевіч. Але выдавец Кастусь Цвірка не захацеў друкаваць тэкст маладога аўтара.

Анатоль Брусевіч
Анатоль Брусевіч
Анатоль Брусевіч патлумачыў гэта так: «Што такое прадмова? Прадмова гэта рамачны тэкст. Але аказалася, што рамку выбірае не аўтар, а выдавец. Рамачны тэкст атрымаўся ў мяне, мусіць, не тых колераў, якія былі ва ўсіх кніжках „Кнігазбору“. Я ж пісаў не толькі прадмову, але і прамову, і замову. Я пісаў не толькі пра тэкст, а пра чалавека».

Анатоль Брусевіч выдзеліў у творчасці Дануты Бічэль тры перыяды і нават увёў для назвы кожнага з іх спецыяльныя тэрміны: дамузейны, музейны і постмузейны. У якасці своеасаблівага арыенціру даследчык абраў музей Максіма Багдановіча ў Гродне, які стварала і ў якім працавала паэтка.

danuta-bichel-012

«Вершы першага перыяду творчасці Дануты Янаўны больш лёгкія — пра каханне, пра малую радзіму. У музейны перыяд паэзія пісьменніцы заўважна інтэлектуалізуецца. У вершах постмузейнага перыяду ярка выражаны хрысціянскі пафас. Таксама з’яўляецца новы момант — проза», — адзначыў Анатоль Брусевіч, а таксама звярнуў увагу на ўплывы рамантызму і мадэрнізму ў творчасці Дануты Бічэль, а прозу пісьменніцы параўнаў з творчай манерай Марсэля Пруста.

Літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч расставіў свае акцэнты ў размове пра творчасць Дануты Бічэль. На яго думку, пісьменніца — найперш паэтэса, а не празаік, бо мемуары не варта называць прозай. Таксама не варта спрачацца рэалістка яна, рамантык ці мадэрніст:

«Паэты вельмі індывідуальныя. У кожнага паэта свая паэзія, да якой гэтыя тыпалагічныя катэгорыі не варта выкарыстоўваць, бо яны кепска вымяраюць індывідуальнасць».

Аляксей Пяткевіч
Аляксей Пяткевіч
Аляксей Пяткевіч адзначыў, што пісаў пра Дануту Бічэль 16 разоў. І не таму, што паэтка жыла з ім у адным горадзе і іх жыцці ішлі поплеч, а «таму, што гэта вельмі ўдзячны матэрыял, гэта паэзія высокай пробы. Тут ёсць што сказаць». Па словах даследчыка, кожная новая кніжка пісьменніцы (а ўсяго іх некалькі дзясяткаў) адкрывае іншую грань яе творчасці.

Данута Бічэль — «вельмі беларуская, вельмі лірычная і вельмі натуральная, — заўважыў Аляксей Пяткевіч. — У паэзію прыходзяць часта ад кніг, ад літаратуры. А яна прыйшла ад роднай вясковай прасторы, ад лесу, лугу, рэчкі, ад роднага слова, ад песні народнай, якая яшчэ гучала ўжывую ў часы яе дзяцінства.

danuta-bichel-018

І таму паэзія яе вельмі свежая, асабліва ранняя. Яна ўспрымалася як нешта далёкае ад літаратурнасці, як жывы голас жывой душы, такая лірычная, адкрытая, свежая, чыстая, душэўная. І прычым гэта былі вершы пра звычайнае. Данута Бічэль заўсёды ўмела адкрываць вялікае, глыбокае ў родным будзённым, простым, рабіць з гэтага вялікую паэзію. У яе творчасці адкрываецца глыбінная Беларусь".

З музычным падарункам да Дня нараджэння Дануты Бічэль выступіў гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў. Ён заспяваў некалькі песняў на словы паэткі. Свае вершы і віншаванні прысвяцілі пісьменніцы маладыя паэты Артур Камароўскі, Вікторыя Смолка і Алена Паўлоўская.

Напрыканцы сустрэчы Данута Бічэль выказала надзею, што яе новая кніга знойдзе свайго чытача: «Гэтая кніжка — вынік маёй працы. Яна звязвае мяне з вамі, з тымі, хто чытае цяпер і хто будзе чытаць пасля. Я надта хацела б, каб мая кніга мела добрае месца, і добрыя вочы, і добрага чытача, і добрую душу».