Пісаць цікавыя і эфектыўныя прэс-рэлізы вучыліся гродзенцы 13 красавіка на майстар-класе ў Рэсурсным цэнтры па развіцці дадатковай адукацыі дарослых. Магчымасцю абнавіць свой досвед і ўмацаваць сувязі з медыямі скарысталіся не толькі грамадскія актывісты, але і прадстаўнікі бізнесу ды ўстановаў культуры. Майстар-клас праводзіла рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік.

“Жыццё патрабуе адпавядаць”. Гродзенцы пра тое, чаму пайшлі вучыцца пісаць прэс-рэлізы
Рыма Карацай (на здымку – у цэнтры) супрацоўніца інфармацыйна-рэдакцыйнага аддзела ААТ “Гродна Азот”: “Па майстар-класе маю ўражанне, што калі трымацца  структуры, то ў кожнага атрымаецца напісаць добры прэс-рэліз”

Пасля занятку ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі ад навучання.

Рыма Карацай, ААТ “Гродна Азот”: “Зараз маю ўражанне, што кожны зможа напісаць добры прэс-рэліз”

“За пару гадзін змагла сфармуляваць для себе пэўныя правілы, каторымі абавязкова буду карыстацца надалей. Змагла нарэшце сфармуляваць тое, да чаго доўга ішла”, – дзеліцца ўражаннямі ад сустрэчы Рыма Карацай, супрацоўніца інфармацыйна-рэдакцыйнага аддзела  ААТ “Азот”. Выпуск прэс-рэлізаў уваходзіць у яе службовыя абавязкі, аднак пры напісанні тэкстаў для знешніх СМІ, шчыра кажа Рыма, часам узнікалі сумневы  – наколькі прафесійна і кампетэнтна падаецца інфармацыя.

“На занятку ўсё было сцісла і добра структуравана. Праз гэта змагла прывесці ў сістэму тыя веды, што былі ў галаве, і дапоўніць іх актуальнай інфармацыяй. Па майстар-класе маю ўражанне, што калі трымацца структуры, то ў кожнага атрымаецца напісаць добры прэс-рэліз”.

Кацярына Валашчук, Цэнтр народнай творчасці: “Я рэлізы адсылаю. Цікавіла меркаванне тых, хто іх атрымлівае”

Часткай прафесіі з’яўляеца напісанне прэс-рэлізаў і для супрацоўніцы інфармацыйнага-аналітычнага аддзела абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыны Валашчук.

“Жыццё патрабуе адпавядаць”. Гродзенцы пра тое, чаму пайшлі вучыцца пісаць прэс-рэлізы
Кацярына Валашчук (на здымку справа): “Было карысна абмеркаваць мову, якой звычайна пішуцца прэс-рэлізы. Адзначыла пра сябе, што атрымліваючы афіцыйную інфармацыю, часта ў такім самым “канцылярскім” стылі пераношу яе ў прэс-рэліз”

“Мая прафесійная дзейнасць звязана з напісаннем прэс-рэлізаў, таму я прывыкла ўспрымаць інфармацыю з боку таго, хто рассылае. Майстар-клас стаў добрай нагодай паглядзець на сваю працу з боку журналістаў”.

На думку Кацярыны, сустрэча была карыснай практычнай скіраванасцю: “Ва ўніверсітэце давалі больш “сухія” веды. А тут патрэбны мінімум тэорыі адразу замацавалі на практыцы”. Да таго ж дыплом – зусім не нагода спыняцца ў развіцці, лічыць Кацярына. Вучыцца можна і трэба ўвесь час, каб адпавядаць сучаснасці.

“Было карысна абмеркаваць мову, якой звычайна пішуцца прэс-рэлізы. Адзначыла пра сябе, што атрымліваючы афіцыйную інфармацыю, часта ў такім самым “канцылярскім” стылі пераношу яе ў прэс-рэліз. На майстар-класе паспрабавала пісаць больш жывой мовай і мне спадабалася. Думаю, што і чытаць такі тэкст будзе больш лёгка і прыемна”.

Ганна Салагуб, Цэнтр развіцця і адпачынку “Партал”: “Бяры і рабі”

Ганну прэс-рэлізы таксама цікавілі для далейшай прафесійнай дзейнасці. Зараз яна ўзялася весці суполкі цэнтра развіцця і адпачынку “Партал” у сацсетках. “Прэс-рэлізы разглядаю як актуальны інстумент прасоўвання інфармацыі. Таму было цікава даведацца, як пісаць, каб яны працавалі. Да таго ж, майстар-клас быў бясплатным, варта было гэтым скарыстацца”.

“Жыццё патрабуе адпавядаць”. Гродзенцы пра тое, чаму пайшлі вучыцца пісаць прэс-рэлізы
Ганна Салагуб (на здымку справа): “Мяне гэтаму не вучылі спецыяльна, але адсутнасць дыплома  не турбуе. У наш час важна ўмець атрымліваць інфармацыю з розных крыніц і ў розных формах. Галоўнае – каб было актуальна”

Што да нефармальнасці адукацыі, то, паводле Ганны, зараз дыплома можа быць недастаткова – жыццё патрабуе ад кожнага значна больш кампетэнцый, чым прадугледжвае нейкая спецыяльнасць. Ды і паспрабаваць сябе хочацца ў розных галінах. “Мяне гэтаму не вучылі спецыяльна, але адсутнасць дыплома не турбуе. У наш час важна ўмець атрымліваць інфармацыю з розных крыніц і ў розных формах. Галоўнае – каб было актуальна. На майстар-класе была якраз такая інфармацыя. Усё ясна. Проста – бяры і рабі”.

Ірына Новік, Hrodna.life: “З усімі ўдзельнікамі будзем трымаць кантакт”

“Вельмі цешыць, што на майстар-клас прыйшлі насамрэч зацікаўленыя і матываваныя людзі. Не менш радуе, што гэта – чытачы Hrodna.life, што яны гатовы да супрацы і імкнуцца да ўдасканалення”, – распавяла вядоўца.

“Жыццё патрабуе адпавядаць”. Гродзенцы пра тое, чаму пайшлі вучыцца пісаць прэс-рэлізы

Занятак, на яе думку, атрымаўся вельмі прадуктыўны – было шмат пытанняў, удакладненняў, спробаў паглядзець на звыклыя рэчы з другога пункту гледжання, расказаць пра шэраговыя падзеі іншымі словамі: “З усімі ўдзельнікамі будзем трымаць кантакт і абменьвацца інфармацыяй”.

Паводле журналісткі, размову аб магчымасцях эфектыўнай супрацы чытачоў, грамадскіх актывістаў і прэсавых службаў са СМІ варта працягваць і надалей. Нефармальная дадатковая адукацыя дае на тое добрыя магчымасці. Наступны майстар-клас па гэтай тэме яна мяркуе правесці на вясновых “Майстэрях ведаў”.


Рэсурсны цэнтр па развіццю дадатковай адукацыі дарослых у Гродне створаны Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы ў межах праекта “Вучыцца, каб дзейнічаць”. Гэты праект фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага Саюза і DVV International і мае на мэце садзейнічанне рэалізацыі права на адукацыю на працягу ўсяго жыцця і прасоўванне грамадзянскага ўдзелу.