“У вас бэз свежы, або леташні?” – так я сёння павіталася з Наталляй Дораш у сетцы. Апынулася – бэз архіўны. А глядзіш – быццам цяпер квітнее.
Падчас эпідэміі, на самаізаляцыі, фотографка разбірае фатаграфіі і ўспамінае гісторыі маладосці. Сваёй і сваіх сябровак, жанчын Гродна з 70-х.
“50 гадоў прамільгнула, як адзін дзень прайшоў”, – кажа яна.
Гляджу на яе здымкі – якое там усё сапраўднае! Не прыйдзе ў галаву спытаць: “Гэта радасць у вас свежая? А вось у той закаханасці тэрмін захоўвання не выйшаў?” Чытаю Наталліны гісторыі і сама быццам ужо там, на тых здымках. Проста выпадкова мяне закрыў плячом мінак, ці я адбегла на хвілінку носік прыпудрыць.
Калі вам таксама цікава нырнуць у фота-серыял “Пра тое, што было і прайшло” – далучайцеся.
Толькі сумленна. Пяць хвілін сапраўднага адпачынку. Калі глядзіш не адрываючыся, рукам ад кабка з гарбатай цёпла і ўвесь свет пачакае.
Бедная Ліза
і
сапраўдны палкоўнік
Серыя 3
«З якім клёвым мужыком я пазнаёмілася! Палкоўнік, ваенны лётчык, лётае на Паўночны полюс, зарабляе вялікія грошы. Халасты! Запрасіў мяне ў рэстаран. Сказаў, што запрашае разам з сяброўкамі», – захлыналася ад захаплення Лізавета.
Нас, яе сябровак, заінтрыгаваў лётчык-палкоўнік. Былі рады, што Лізавета да сваіх трыццаці гадоў нарэшце сустрэла сваё шчасце. У суботу ў прызначаную гадзіну мы, апранутыя і прыгожыя, пайшлі на спатканне з палкоўнікам.

Уяўляла яго ў мундзіры і з ордэнамі, бо лётаць на Паўночны полюс гэта не жарты. Але прыйшоў палкоўнік у цывільным адзенні і расчараваў сваёй непрыгожасцю. Праўда, ён балакаў і быў вясёлым. «Добра, з твару вады не піць, хай Лізе з ім пашанцуе наладзіць асабістае жыццё», – шапталіся мы.
«Мужчына павінен быць трохі прыгажэйшы за малпу, а зубы мы яму пасля вяселля ўставім», – суцяшала сама сябе Лізавета. У Люды падпаленыя зайздрасцю вочы разгараліся. У яе з’явіўся намер захапіць палкоўніка і адбіць зайздроснага жаніха ў сяброўкі.

На таксі мы пад’ехалі да рэстарана «Вясёлка». У пачатку 70-х гадоў вуліца Урублеўскага на ўскраіне горада лічылася новым мікрараёнам, яшчэ не былі пабудаваныя інтэрната і панэльныя дзевяціпавярховікі, не стаяла паліклініка, слабыя лісточкі пасаджаных чэзлых дрэваў трапяталі на ветры.

У рэстаране гуляла музыка, у зале лунаў цыгарэтны дым і апетытны пах катлет. Палкоўнік дамам замовіў пару бутэлек Савецкага шампанскага, а для сябе “Жыгулёўскае” і графінчык гарэлкі. Выпілі, закусілі, палкоўнік стаў запрашаць на танец то Лізу, то Люду. Астатніх дам ён ігнараваў, і здавалася, што мужчына перад дылемай: якую жанчыну абраць?
Калі ён танцаваў з Людай, Ліза раўнавала і падціскала вусны. «Ліза, не варты гэты мужык тваіх пакут. Можа, ён жанаты і на Паўночным полюсе ў яго растуць пяцёра дзетак», – суцяшалі мы сяброўку. «Ён мне прызнаўся, што ён не лётчык, ён служыць у атрадзе касманаўтаў, – адказвала Ліза, – а касманаўтамі проста так не раскідваюцца”.
Палкоўнік пайшоў праводзіць Лізавету, ён зрабіў свой выбар.

У панядзелак на працы мы абмяркоўвалі Лізіна шчасце. Я праявіла адзнятую ў рэстаране фотастужку і надрукавала фатаграфіі. «Якая я шчаслівая! – прызнавалася нам Лізавета. – Праз тыдзень мы з ім ляцім у Нарыльск, у яго там трохпакаёвая кватэра. Ён абяцаў мяне на руках насіць і парушынкі здзімаць».

Але палкоўнік знік, не аб’явіўся ён ні праз тыдзень, ні праз паўгода.

Лізавета яму звязала ваўнянай швэдар, але жаніх не падаваў аб сабе вестачкі. Праз год Лізавета супакоілася і толькі з сумам казала, што шкадуе, што ад палкоўніка дзіцятка не атрымалася.
Бедная, бедная Ліза…
Працяг будзе.







