Гродзенец Ян Баркоўскі летам 2018 паказаў нам старую фатаграфію, якая доўгія гады захоўваецца ў яго сямейным архіве. На здымку жанчына стаіць з сабачкам на вуліцы Дамініканскай (сучасная Савецкая), а на адваротным баку подпіс: Zofia Niewiecka, расстраляная немцамі ў 1944 годзе. Кім была гэтая жанчына, Ян не ведае, але кажа, што яна сябравала з яго мамай. Таму здымак і застаўся ў сям'і Баркоўскага. Hrodna.life даведаўся больш пра жанчыну і яе гісторыю.
Дама з сабачкам
Сям’я Баркоўскага да Другой сусветнай вайны жыла на вуліцы Базыльянскай (суч. Лермантава). Ян распавядае, што жанчына на здымку магла быць настаўнікам. Мама аднойчы сказала яму, што дама з сабачкам была вельмі інтэлігентным чалавекам і жыла на тэрыторыі настаўніцкай калоніі (суч. вуліца Чкалава).
«Мама добра сябравала з гэтай жанчынай, яны жылі побач, — распавядае Ян. — Аднойчы, я ў мамы спытаў - што за дама з сабачкам на здымку? Яна назвала імя Зоф’я Невецка і падпісала на адваротным баку. Сказала, што гэтую жанчыну расстралялі немцы, яна была ў падполлі ў Арміі Краёвай. Гэта ўсё, што я памятаю».
Пошукам сваякоў Зоф'і Ян ніколі не займаўся. За савецкім часам шукаць людзей за мяжой было небяспечна, а ў часы незалежнасці Беларусі было не да пошукаў. Так і ляжала доўгія гады фатаграфія ў канверце, пакуль Ян не паказаў яе журналісту Hrodna.life.
Ад загінулых за падполле да Праведнікаў свету
Пошукі мы пачалі са спісаў загінуўшых у Гродне сярод польскай інтэлігенцыі ў 1943 годзе. Гэтай працаёмкай працай займалася наша чытачка Алена Мішанёва.
«Адштурхоўваючыся ад інфармацыі, што дама на фота была сябрам польскага падполля, я пачала шукаць у польскім сегменце інтэрнэту матэрыялы менавіта па гродзенскім падполлі, — расказвае Алена. — Доўгія пошукі прывялі да спісу некаторых імёнаў, але ў ім не было прозвішча Невецка, а было прозвішча Недзвецка, якую расстралялі за сувязь з падпольшчыкамі. Спачатку падумалася, можа гэта апіска? Але жаночае імя ў спісе было Ірэна, а не Зофія. Значыць, гаворка ішла не аб нашай даме з сабачкам».
Алена працягнула пошукі. Калі яна зайшла на польскі сайт Праведнікаў Свету, то знайшла дзіўную гісторыю шуканай жанчыны з Гродна. Палякі ўзялі інфармацыю з ізраільскага музея Яд Вашэм. Аказваецца, сям’я Зофіі хавала яўрэйскую дзяўчыну.
Што піша Яд Вашэм
«У студзені 1943 г. Эстэр Старжэўска здолела збегчы і перабрацца на арыйскі бок горада падчас акцыі, якую немцы праводзілі ў Гродзенскім гета. Аднак у яе не было ніякага адрасу або хованкі, і пасля доўгіх цяжкасцяў, пакут і жудасных дзён падарожжаў па раёне Старжэўска вярнулася ў Гродна, каб знайсці дарогу да кватэры Зофіі Неведзкай (рэд. на сайце Яд Вашэм змененае прозвішча з Невецка), з якой яна ніколі не сустракалася, але чый адрас яна атрымала ад сябра ў гета.
У жаху і роспачы Эстэр пастукала ў дзверы Неведзкай, каб папрасіць яе аб дапамозе. Эстэр было прадастаўлена прыстанішча ў доме Зофіі Неведзкай, якая жыла са сваімі дочкамі Ірэнай і Зофіяй, дзе да яе ставіліся як да чальца сям'і. Не просячы і не атрымліваючы нічога наўзамен, яны ўсе дапамагалі Эстэр і клапаціліся аб яе патрэбах. Нягледзячы на небяспеку, звязаную з выратаваннем габрэяў, Неведзка і яе дочкі працягвалі свае намаганні, дзейнічаючы па чыста гуманных матывах.
У ліпені 1943 года нямецкія паліцыя здзейсніла налёт на кватэру Неведзкай і арыштавала дачку Зофію па падазрэнні ў падпольнай дзейнасці. Эстэр Старжэўскай удалося схавацца ў ваннай і пасля таго, як немцы пакінулі кватэру, яна ўцякла. Праз гадзіну паліцыя вярнулася і арыштавала таксама Зофію (маці) і яе другую дачку Ірэну. Затым яны пакаралі смерцю трох жанчын. Эстэр Старжэўска знайшла іншы прытулак, дзе яна заставалася да вызвалення ў 1944 годзе. Пасля вайны яна імігравала ў Францыю. 20 сакавіка 1994 года Яд Вашэм надаў Зофіі Неведзкай і яе дачкам Ірэне і Зофіі ганаровыя званні «Праведнік народаў свету».
На сайце разам з гісторыяй было фота, дзе па подпісу можна было зразумець, што на ім: Зофія Невецка, выратаваная дзяўчына і нават белы сабака, якога мы бачылі на здымку, які прадаставіў Ян Баркоўскі. Не выключана, што подпіс памылковы.«Гісторыя патрэсла тым, што гродзенская сям’я хавала зусім незнаёмую ім дзяўчыну, якая аднойчы пагрукалася ў дом з просьбай аб дапамозе, — кажа Алена. — Калі я прачытала, што сям'і Няведзкіх было прысвоена званне Праведнікаў Свету, я ўжо ведала, да каго трэба звярнуцца. У Ізраілі жыве незвычайная жанчына — чытачка Hrodna.life Рут Маркус, якая валодае неверагодным банкам дадзеных па пошуку самай рознай інфармацыі з жыцця даваеннага Гродна».
Рут Маркус нарадзілася ў Тэль-Авіве, але яе з Гродна звязваюць карані. У гэтым горадзе калісьці жылі яе сваякі. Рут зацікавілася гісторыяй дамы з сабачкам і пачала шукаць інфармацыю.
Эстэр Сташеўска стала Ірынай Кісельніцкай
У ізраільскім музеі Яд Вашэм Рут удалося знайсці дадатковую інфармацыю па выратаванні габрэйскай дзяўчыны Эстэр, а таксама звязацца з яе дачкой, якая жыве ў Францыі.
Вядома, што Эстэр Сташэўска (рэд. на польскіх сайтах фігуравала як Стажэўска) нарадзілася 15 снежня 1919 г. у Здуньска-Воля (па-польску Zduńska Wola) каля Лодзі. Яе бацькамі былі Мендэль Сташэўскі (нарадз. 1880) і Хава Мала Сташэўская, народжаная Мілбанд (нарадзілася ў Варшаве, у 1887 годзе). У маладосці Эстэр стала членам сіянісцкага моладзевага руху «Hashomer Hatzair». Яна вучылася на настаўніка. З пачаткам вайны ў верасні 1939 гады бацькі сказалі ёй пакінуць родны горад.
«Бацька даў Эстэр адрас інтэлігентных знаёмых у Гродне, — кажа Рут. — У лістападзе (ці снежні) 1939 года Эстэр дзякуючы кантрабандыстам прыбыла ў Гродна, які быў тады пад савецкай акупацыяй. У Гродне Эстэр жыла са знаёмымі яе бацькоў. Яна працавала ў дзіцячым садку».
У чэрвені 1941 года Гродна акупавалі немцы. У лістападзе 1941 года яны стварылі ў горадзе два гета: № 1 было размешчана ў раёне Старога горада, вакол сінагогі, а гета № 2 у прыгарадзе.
Рут распавядае, што Эстэр спачатку апынулася ў гета № 2. З яго ліквідацыяй у лістападзе 1942 г. дзяўчына здолела пераехаць у гета № 1. Калі немцы пачалі ліквідаваць і гэта гета, яна схавалася на гарышчы аднаго з дамоў. Аднойчы ўвечары ёй удалося збегчы. Дзяўчыне нейкім чынам атрымалася знайсці падробленыя дакументы. Эстэр хадзіла з месца да месца, пакуль не знайшла дарогу да кватэры Зофіі Няведзкай, з якой яна ніколі не сустракалася, але ў яе быў яе адрас.
У ліпені 1943 года пасля пакарання трох жанчын з сям'і Няведзкіх Эстэр знайшла іншае месца для прытулку. Яна схавалася ў польскай сям'і ў маленькай вёсцы пад Гродна. Там дзяўчына прыдумала сабе новае імя Сафія Цыдзік. Эстэр усім прадстаўлялася каталічкай. Да вызвалення Гродзенскай вобласці Чырвонай Арміяй у ліпені 1944 года дзяўчына працавала ў вёсцы і даглядала кароў.
«Пасля вызвалення Эстэр вярнулася ў Гродна, — кажа Рут. — Адтуль дзяўчына перабралася ў Беласток і далей у Лодзь. Яна заставалася ў Польшчы да 1947 года. Эстэр была вядомая ў Польшчы як Ірэна Сташэўска. У 1947 годзе Эстэр-Ірэна пераехала ў Францыю. У Парыжы дзяўчына пазнаёмілася з Абрагамам Кісельніцкім, які прыехаў з Калушына (невялікі горад, размешчаны ў 56 км на ўсход ад Варшавы). У 1948 годзе яны ажаніліся ў Парыжы. У іх нарадзіліся дзве дачкі, якія жывуць сёння ў Францыі. Ірэна Кісельніцка, у дзявоцтве Сташэўска, памерла ў Парыжы 26 красавіка 2004 г.».
Сваіх людзей гродзенцы ратавалі
У сям'і Сташэўскіх-Кісельніцкіх не забывалі пра выратаванне ў Гродне сям’ёй Неведзкіх. І дзякуючы сведчанням Эстэр-Ірэны ў 1994 годзе тром жанчынам з Гродна было прысвоена званне Праведнікаў народаў свету. Іх імёны ўвекавечылі на памятнай пліце ў музеі Яд Вашэм у Іерусаліме.
«Цікавая гісторыя атрымалася з аднаго старога здымка, які я выпадкова паказаў журналісту, — кажа Ян Баркоўскі. — Можа, так і павінна было быць? Дарэчы, наша сям’я на Базыльянскай таксама хавала два месяцы жыдоўку — дачку дырэктара шклозавода, хоць і ў доме на другім паверсе немцы рэгулярна выпівалі. Небяспечна, але, як паказвае практыка, сваіх людзей гродзенцы ратавалі і ў бядзе не пакiдалi. Тую жанчыну, якую хавала наша сям’я, праз некаторы час пераправілі ў лес. Яна ўратавалася. Пасля вайны прыязджаў нейкі мужчына і дзякаваў за выратаванне габрэйскай жанчыны».
Зофія Неведзка была родам з Познані. З сям’ёй яна прыехала ў Гродна, каб працаваць ва ўніверсітэце (гімназіі). У жанчыны былі дзве дачкі Зофія і Ірэна. Згодна з подпісам на фатаграфіі жанчыны загінулі ў 1944 годзе, паводле дадзеных з музея Яд Вашэм гэта адбылося ў 1943 годзе.