З пачаткам вясны ў цэнтры Гродна павялічылася колькасць людзей, якія просіць міласціну. Як і раней, многія жабракі называюць сябе грамадзянамі Украіны, якія прыехалі ў Беларусь па дапамогу. Адну жанчыну, якая гучна прасіла міласціну, 6 сакавіка затрымала міліцыя.

Па назіраннях Hrodna.life, у цэнтры Гродна з 2018 года працуе група жабракоў і ва ўсіх адна і тая ж праблема — хворыя ногі і праблемы з дзецьмі. З’яўляюцца яны бліжэй да вялікіх святаў. Стаяць у асноўным на вуліцы Савецкай або каля храмаў. Добразычлівыя людзі не могуць прайсці міма і ахвяруюць невялікую суму.

Адну жанчыну, якая 6 сакавіка гучна прасіла дапамогі каля адміністрацыі Ленінскага раёна, затрымала міліцыя. Спачатку яе запрасілі ў адміністрацыю на размову, а пасля забралі для высвятлення асобы. Затрыманая паспела распавесці, што прыехала ў Гродна з Сумскай вобласці (Украіна), пры сабе ў яе дакументаў не было, толькі адна даведка. Іншая дзяўчына, якая ў той жа час прасіла міласціну на Савецкай, распавяла, што прыехала ў Гродна з Чарнігава. Яе міліцыя не затрымлівала — яна проста хадзіла.

У цэнтры Гродна ажывіліся жабракі. Некаторых затрымлівае міліцыя

Калі настойліва просяць — можна прыцягваць да адказнасці

Яшчэ ў лістападзе 2018 году прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама пракаментавала сітуацыю з жабракамі ў цэнтры Гродна.

«Калі грамадзяне звяртаюцца, міліцыя заўсёды праводзіць праверку. З прававога пункту гледжання, калі чалавек проста стаіць з працягнутай рукой, гэта не лічыцца парушэннем, а калі ён настойліва чапляецца да грамадзян, то тады гаворка можа ісці аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці», — распавялі ў прэс-службе УУС.

Сапраўдныя ўцекачы не просяць міласціну

У 2017 годзе мы расказвалі пра выпадак каля Свята-Пакроўскага сабора: жанчына стаяла з фатаграфіяй дзіцяці і называла сябе уцякачкай з Украіны. Яна казала, што з’яўляецца даверанай асобай сям'і Баркоўскіх і збірае грошы на лячэнне іх дзіцяці. Насамрэч усе рэквізіты былі выдуманымі і жанчына была махляркай.

У Гродне актыўна дапамагае ўцекачам абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа. Там распавялі Hrodna.life, што ўцекачы з блізкага замежжа не будуць стаяць і прасіць міласціну.

«Калі ўцекачы да нас звяртаюцца, то мы можам дапамагчы ім, — распавядае прадстаўнік Чырвонага крыжа Валерый Краеўскі. — Мы аказваем кансультатыўную, гуманітарную дапамогу і іншы раз дапамагаем у працаўладкаванні. Калі ж да нас не звяртаюцца, то мы не будзем хадзіць і вылоўліваць на вуліцы людзей, якія называюць сябе бежанцамі. З тых, хто да нас звяртаўся, ніхто ніколі не жабраваў».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life