Чатыры гады таму Эдгар трапіў у аварыю. 21 дзень ён знаходзіўся ў коме, ніхто не даваў гарантыі, што ён выжыве, а тым больш зноў будзе хадзіць. Але, насуперак сказанага лекарамі, праз год хлопец стаў адчуваць свае ногі - у яго з’явіўся шанец вярнуцца да нармальнага жыцця. Каб дасягнуць запаветнай мэты, Эдгару прыйшлося кардынальна змяніць свае погляды і жыццё.

Здарэнне адбылося ў маі 2013 года. У той фатальны дзень Эдгар ехаў на сваім матацыкле і сутыкнуўся з машынай. Ён атрымаў мноства пераломаў, лекары не маглі даць гарантыі яго сваякам, што ён выжыве. Хлопец быў у коме.

Цуд, у якi ніхто не хацеў верыць

«Мне патрэбна была тэрміновая аперацыя, але ніхто з гродзенскіх лекараў не хацеў брацца за мяне. Усё баяліся адказнасці. Адзіныя, хто дапамог — лекары, якія адразу прыбылі на месца ДТЗ, — кажа Эдгар. — Але ратаваць мяне прыехалі дактары з Мінска, ім спатрэбілася некалькі гадзін, каб дабрацца да Гродна. Калі б не яны, я б не выжыў».

Ніхто не казаў, што хлопец зможа ў будучыні жыць нармальным жыццём, але ў адзін момант усё стала мяняцца. Паступова ён пачаў адчуваць свае ногі. Лекары былі здзіўлены, казалі, што гэта цуд. Сам Эдгар цудам гэта не лiчыць, бо ўсё жыццё займаўся спортам: маўляў, гэта і дапамагло не толькі выжыць, але і аднавіцца.

Эдгар Якабсан трапіў у аварыю, калі яму было 24 гады.
Эдгар Якабсан трапіў у аварыю, калі яму было 24 гады.
У Эдгара з’явілася мэта, да якой ён стаў ісці. Першы час усё было добра — патрэбныя былі яшчэ дзве аперацыі, тады хлопец хадзіў бы. Пазваночнік амаль аднавіўся, але на фоне перажытага адразу пасля аварыі стрэсу пайшоў збой у арганізме, заклінавалi тазасцегнавыя суставы, яны абраслі костнымі нарастамі, іх трэба было выдаляць.

«Пасля чарговай аперацыі ў мяне паўсталі цяжкасці ў асабістым жыцці, чарговы вялікі стрэс. Зноў з-за яго збой у арганізме, зноў утварыліся гэтыя касцяныя нарасты на суставах. Праз год дазволілі зрабіць паўторную аперацыю. Калі быў у шпіталі - зноў тая ж праблема і стрэс. Вынік зноў той жа, аперацыя дарэмна, пры чым ускладненні атрымаў яшчэ цяжэйшыя, чым пасля першай аперацыі».

Стары знаёмы прапанаваў дапамогу

Лекары сказалі Эдгару, што яму трэба яшчэ чатыры аперацыі. Яны маюць быць куды складанейшыя за першыя, можна будзе страціць шмат крыві. Да іх трэба старанна падрыхтавацца.

«На апошняй аперацыі я страціў 3,5 літры крыві, якую пасля мне залівалі назад з донарскай. Была вельмі вялікая нагрузка на сэрца. Пасля кожнай аперацыі я мучыўся тры месяцы ад болю, гэта дзікі боль, перажыць які зноў, ведаючы, што ўсё можа пайсці марна, гэта цяжка. Я апусціў рукі, я зачыніўся ў сваім пакоі і нікуды не выходзіў, я быў адзін, апатыя, дэпрэсія. Здавалася, гэта кропка, але ў адзін дзень мне напісаў мой даўні знаёмы Аляксандр Салаўёў, з якім раней мы разам трэніраваліся. Ён даведаўся пра маю сітуацыю і прапанаваў пайсці ў трэнажорную залу для аднаўлення».

Зала дапамагае ажыццявіць мэту

Кіраўніцтва трэнажорнай залы «Адрэналін» пайшло на сустрэчу Эдгару — ён можа прыходзіць сюды бясплатна. З ім пачаў індывідуальна працаваць той самы Аляксандр Салаўёў, які працуе тут інструктарам.

«З Аляксандрам мы паставілі мэту падрыхтаваць маё сэрца і цела да наступных аперацый, каб я перанёс іх нармальна. На трэніроўках я зноў адчуў, што я жывы, маё цела перастала быць друзлым як раней, мышцы зноў здабылі тонус, мая галава стала светлай.

Гэта дапамагло выйсці з той ямы, у якой я быў. Я пачаў спаць добра, а быў я са збітымі біялагічнымі гадзінамі, з друзлым целам і забітым здароўем, з галавой у якой бардак і адны дрэнныя думкі.

Прыходзячы на трэніроўку, я адчуваю падтрымку, я бачу людзей якія ідуць да сваёй мэты і сам іду да яе".

Інструктар залы "Адрэналін" Аляксандр Салаўёў дапамагае Эдварду спускацца з трэнажорнай залы
Інструктар залы «Адрэналін» Аляксандр Салаўёў дапамагае Эдварду спускацца з трэнажорнай залы

Ёсць прагрэс і далей будзе лепш

Эдгар наведвае трэніроўкі 2−3 разы на тыдзень. Для яго інструктар распрацаваў спецыяльную праграму для аднаўлення і падрыхтоўкі да аперацый.

«Каб умацаваць сардэчную мышцу, каб нармалізаваць кроў у арганізме, мы робім максімальна разнастайныя практыкаванні, — кажа Аляксандр Салаўёў. — Мы падабралі комплекс практыкаванняў, якія можна і трэба выконваць седзячы ў вазку, часам мы перасаджваемся на трэнажоры.

Мы ўжо можам адціскацца на брусах, выконваць падцягванні, рабіць жым штангі лежачы, жым гантэлямі. Прагрэс у гэтым усім ёсць. Калі Эдгар раней высцікаў толькі 30 кілаграм ад грудзей, то цяпер мы дасягнулі 60 кілаграм. Мышачная памяць у яго ёсць, бо ён доўгі час займаўся спортам. І гэта немалаважна, што спорт прысутнічаў у яго жыцці, дзякуючы яму ён і працягвае аднаўляцца. Сіла мышц з кожным разам павялічваецца. З часам мы прыступілі і да нажных трэнажораў".

На кожнай трэніроўцы Эдгар ужо можа працаваць з нажным трэнажорам
На кожнай трэніроўцы Эдгар ужо можа працаваць з нажным трэнажорам

Жыць і рухацца наперад

Эдгар ставіць перад сабой некалькі мэт і ўсе яны простыя і цалкам рэальныя. У першую чаргу хлопец чакае вырашальных аперацый, каб суставы разблакавалі, і працягвае паляпшаць новае асабістае жыццё. Таксама ён збіраецца пашыраць свой бізнес і працягваць хобі, звязанае з фатаграфіяй.

«Яшчэ хачу купіць маленькі домік на беразе Нёмана, каб па раніцах выходзіць на падворак і рабіць ранішнюю гімнастыку. Таксама рыхтаваць сняданак каханым людзям і поўнымі сіламі рухацца наперад разам, не спыняючыся».

8

[irp posts="12 434″ name="Арнольд Шварцэнэгер — любоў на ўсё жыццё. Як гродзенец у 45 гадоў стаў паспяховым бодыбілдэрам"]