Гродна 100 гадоў таму праславілася як «база» серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам амаль пяці гадоў пара маладзёнаў выпраўлялася на свае «працы» (так яны называлі рабункі і забойствы). Ахвярамі Збоньскіх сталі больш за 50 чалавек. Гістарычны канал Hrodna 11:27 расказвае поўную вусцішы крывавую гісторыю гродзенскіх Боні і Клайда.
Станіслаў пазнаёміўся з Германідай Шыковіч на адной з цэнтральных вуліц Вільні ў канцы 1918 года. Гэта быў час пасля падзення Расійскай імперыі, напярэдадні вайны паўсталых на яе парэштках маладых рэспублік — Польскай ды Савецкай.
23-гадовы Станіслаў, які некалі дэзерціраваў з рускай арміі і далучыўся да легіёнаў Пілсудскага, у Вільні займаўся рэквізіцыяй. Ён быў невысокага росту, але вылучаўся неверагодна шырокімі плячыма, быццам у мядзведзя. Яго, з правільнымі рысамі твару, русавалосага, блакітнавокага, можна было назваць прыгожым. Магчыма таму яго і прыкмеціла Германіда Шыковіч, якая разам з мужам і братам займалася вулічнымі крадзяжамі.
Аднак Станіслава Збоньскага абрабаваць не атрымалася, бо ён сам выхоўваўся ў сям'і прафесійнай варшаўскай кішэншчыцы. Выпадковая сустрэча на вуліцы прывяла Станіслава ў гатэль «Славянскі», дзе прыгожая і элегантная Германіда (паводле яе слоў, мела ўжо амаль 18 гадоў) жыла разам з братам і мужам. Цягам ночы яны ладзілі шалёныя забавы, прагульваючы нарабаваныя грошы, а сканчалася ўсё оргіямі да самага світання.
Станіслаў і Германіда моцна зблізіліся, але гэта не спадабалася мужу дзяўчыны. Падчас адной з вечаровых сварак Германіда выняла схаваную на ўсялякі выпадак брытву і перарэзала мужу горла. Затым кінулася ў абдымкі збітага з панталыку Стасіка, як яна называла Збоньскага. «Усяночная оргія скончылася сном каханкаў у лужыне застылай крыві забітага», — пісала пасля «Gazeta Narodowa».
У час, калі да Вільні набліжаліся бальшавікі і польскія ўлады спрабавалі арганізаваць абарону, забойства ў віленскім гатэлі «Славянскі» засталося без пакарання.
Германіда разам з братам Баляславам узялі Станіслава ў сваю маленькую банду. Ён займаўся падробкай дакументаў, каб атрымліваць вайсковыя прыпасы ды абмундзіраванне. Калі паўстала пагроза выкрыцця, Германіда ўгаварыла Станіслава дэзерціраваць з польскага войска. Але да гэтага аказаўся не гатовы Баляслаў, які не жадаў дзяліць сястру, адначасова і яго каханку, з іншым мужчынам.
Пасля дэзерцірства з войска Станіслаў Збоньскі вырашыў на час пакінуць Вільню. Ён выправіўся ў Гродна, каб там заняцца махінацыямі з падробленымі дакументамі. З ім паехаў і Баляслаў. У горадзе над Нёманам яны правялі некалькі паспяховых акцый і прадалі здабытыя праз махлярства рэчы на Сенным рынку. Пасля Станіслаў прапанаваў Баляславу прайсціся рэйдам па навакольных вёсках для рэквізіцыі коней."У той жа дзень перад поўднем падаліся мы на Ласосну, але там нічым мы не пажывіліся. Калі ж настаў вечар, мы пайшлі на адпачынак і ляглі каля стогу сена. Баляслаў хутка заснуў. Скарыстаўшыся магчымасцю, я дастаў з кішэні складны ножык і ўдарыў яго два ці тры разы па карку. Баляслаў, не прыходзячы ў сябе, сканаў. Каб схаваць сляды, я наваліў на яго стог сена, добра прыкрыў і падаўся ў Гродна, адкуль цягніком выехаў у Вільню да Шыковіч", — даваў пазней паказанні Збоньскі.
Станіслаў вярнуўся да Германіды і спачатку прыдумаў гісторыю пра быццам бы арышт Баляслава ў Гродне бальшавікамі. Але пасля не стрымаўся і расказаў праўду. На яго здзіўленне, дзяўчына моцна ўзрадавалася, падрабязна распытала пра тое, як ён хаваў цела і ці не пакінуў слядоў. Таксама папрасіла больш ніколі яе не падманваць. Так Станіслаў і зрабіў.
Далей былі крадзяжы і махлярствы з падробленымі дакументамі, з-за якіх хлопец у мундзіры падхарунжага ўрэшце апынуўся за кратамі. Але ў студзені 1919 годзе, калі ў Вільню ўваходзілі бальшавікі, Станіслаў уцёк з вязніцы і вярнуўся да Германіды.
Першай сумеснай ахвярай Станіслава Збоньскага і Германіды Шыковіч стала жонка кантрабандыста з вуліцы Кальварыйскай, 6 у Вільні. Пара зняла ў яе кватэру, каб пасля абрабаваць. Жанчыну задушылі ў студзені 1919 года ў час сну, але грошай, схаваных насамрэч у коміне, забойцы не знайшлі. Схапіўшы некалькі каштоўных рэчаў забойцы-пачаткоўцы рушылі ў Варшаву — Станіслаў збіраўся пазнаёміць «жонку» са сваёй маці.
Калі цягнік спыніўся ў Лідзе, маладзёнаў затрымала жандармерыя: падвялі падробленыя дакументы. Прыдаліся спрыт і кемлівасць Шыковіч, якая дзе патрэбным словам, а дзе і не толькі, дамаглася вызвалення.
У Варшава паўстала іншая праблема. Маці Станіслава, якая разам з айчымам прафесійна займалася крадзяжамі ў сталіцы, не ўпадабала Германіду і вырашыла яе атруціць.
Аднойчы, калі пара збіралася ў тэатр, маці Збоньскага накарміла нявестку атручанай катлетай. Германідзе стала блага ў сярэдзіне першага акту спектаклю. Станіслаў падхапіў «жонку» на рукі, падляцеў да фурманкі і загадаў гнаць на кватэру, выклікаўшы туды доктара. Урач своечасова дапамог ачысціць страўнік. А падчас слухання лёгкіх з шыі Германіды сарваўся медальён, які тут жа прыхапіла маці Станіслава.
Адкрыўшы медальён, унутры тая знайшла невялічкі фотаздымак, у якім пазнала… сваю шасцігадовую дачку! У свой час маці Станіслава Збоньскага аддала тую ў іншую сям’ю ў Рыгу. Жанчына расчулілася, пачала задаваць Германідзе пытанні пра дзяцінства, пра якое тая мала што памятала, але ўсё адно стала відавочна: Германіда — гэта тая аддадзеная дачка Збоньскай, сястра свайго каханка і «мужа»!
Больш пані Збоньская не прадпрымала спробаў атруціць «жонку» свайго сына і нават дапамагла ёй вырабіць фальшывыя дакументы на імя Яніны Збоньскай, іншай сваёй дачкі, якая памерла ў васьмігадовым узросце. Так Германіда, па першым мужу Шыковіч, стала Янінай Збоньскай.
Яніна Збоньская, ад прыроды прыгожая, з дасканалым веданнем шасці моваў (польская, беларуская, руская, нямецкая, татарская і ідыш), умела знаходзіць падыход да любога, асабліва да маладых мужчын.
Усё рабілася па адной схеме: Яніна знаёмілася з заможным мужчынам, даведвалася, дзе той хавае свае сродкі, затым знаёміла свайго новага каханка з братам Станіславам, а пасля прапаноўвала выехаць разам за горад «да сваякоў». Тут ахвяру паілі, а затым забівалі ў лесе, пакідаючы голае цела без дакументаў у якім-небудзь яры ці нават снезе.
Так здарылася з адным маладым ды заможным жыхаром Познані. Ён працаваў у Варшаве і ўжо бачыў Яніну Збоньскую сваёй жонкай. А ў выніку быў застрэлены Станіславам ў лесе падчас сну.
І ўсё ж варшаўскае жыццё не пайшло ў Збоньскіх. Тады яны перабіраюцца ў Гродна, якое ім вельмі палюбілася, ды так, што за наступныя пяць гадоў яны шматразова сюды вярталіся. Найбольш, акрамя розных гатэляў, яны жывуць на Фабрычнай, 9 [сёння — ваколіцы вуліцы Рабочай, побач з упадзеннем Гараднічанкі ў Нёман].
Першыя месяцы Збоньскія вядуць сябе даволі мірна: Станіслаў грае на вуліцы на гармоніку, Яніна адорвае падарожнікаў сваёй прыгажосцю, не забываючыся і на кішэнную справу. Аднак грошай не хапае, таму пара вырашае выехаць «падзарабіць» у Брэсце.
На чыгуначнай станцыі ў Брэсце Збоньскія пазнаёміліся з настаўніцай, якая прыехала ў горад купіць кніжкі. Каб не чакаць доўга цягніка, жанчыне прапанавалі схадзіць у неіснуючую сядзібу Збоньскіх пад Брэстам. У трох кіламетрах ад горада ў невялічкім ляску паснедалі, напаілі настаўніцу, а потым Станіслаў застрэліў яе з браўнінга на знак Яніны. У забітай адабралі 10 тысяч марак, упрыгожанні і нават паліто. Калі Збоньскія выходзілі з лесу, іх заўважылі два ляснічых. Але ад іх пара ўцякла.
На вакзале забойцы прадалі рэчы настаўніцы, а пасля Яніна прапанавала наведацца ў родныя ёй мясціны — вёску Крыстынава Драгічынскага павету (сёння — аграгарадок Палескі Лунінецкага раёну Брэсцкай вобласці). Каля гэтай вёскі 13 верасня 1921 года Станіслаў Збоньскі, падгавораны Янінай, застрэліў нанятага 20-гадовага фурмана. У ахвяры забралі чатыры тысячы марак, добрыя боты ды каня з возам. Збоньскія, разыграўшы дзякуючы гэтаму заможную пару, з’явіліся ў той жа дзень у вёсцы Глінна (сёння — Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Там жыла сястра Яніны, якая толькі што вярнулася з бежанства з цэнтральнай Расіі. Збоньскія ўзялі 18-гадовую пляменніцу Яніны-Германіды да сябе ў Гродна. Там яны прадалі каня з возам за 100 тысяч марак.
Да вясны-лета 1924 у Польшчы выкарыстоўваўся ў якасці валюты не польскі злоты, а так званая польская марка. Гэтая валюта ў 1923−1924 гадах стала ахвярай шалёнай гіперінфляцыі ў Польшчы: у 1923 — 5601%, а ў 1924 — 3580,1%. Польская марка губляла вартасць літаральна кожную хвіліну! Менавіта таму ў канцы красавіка 1924 года ў межах рэформы, якую праводзіў прэм’ер-міністр Уладзіслаў Грабскі, замянілі марку на злоты. Некалькі месяцаў абедзве валюты выкарыстоўваліся паралельна. Рэформа была паспяховая і ўжо ў 1925 інфляцыя знізілася да 16,1%.
Аднак жыццё з пляменніцай у Збоньскіх не заладзілася. Ды настолькі, што паміж каханкамі пачаліся сваркі. Падчас адной з іх Станіслаў ледзь не забіў Яніну, стукнуўшы яе каменем па галаве. Каб не панесці адказнасці, ён прыкінуўся нервова хворым і трапіў у гарадскі шпіталь. Праз некалькі дзён Яніна прыйшла і сказала, што прабачае Станіслава. І прапанавала вырашыць іх агульную праблему ў выглядзе пляменніцы.
Для гэтага яны выправіліся ў вандроўку ў Вільню. За горадам Станіслаў застрэліў пляменніцу Яніны. А па вяртанні ў Гродна, паўкіламетра за Ласоснай, на невялікім узгорку, парослым дрэвамі, пара забіла яшчэ адну жанчыну, з якой пазнаёміліся ў цягніку — ахвяра ехала да родных у Друскенікі. Усё было па той самай схеме: разгаварыліся, выпілі, жанчына заснула, яе застрэлілі ў сне, а пасля абрабавалі і вярнуліся на вуліцу Фабрычную.
Аднак на гэтым справа не скончылася. Ад забітай Збоньскія даведаліся, што яе муж жыве ў Брэсце і валодае невялічкім капіталам. Да яго і паехалі: Станіслаў у форме супрацоўніка шпіталя, а Яніна ў адзежы сястры міласэрнасці са знакам Чырвонага Крыжа. Мужчыну расказалі, што яго жонка раптоўна захварэла ў цягніку і цяпер быццам бы знаходзіцца ў шпіталі ў Беластоку. Збоньскія быццам бы выпадкова яе сустрэлі і дапамаглі. Пацвярджэннем былі дакументы ўжо забітай жанчыны. Мужчыну ж, паводле слоў пары, пашчасціла, таму што ў гэтым шпіталі ёсць адна вакансія адмыслова для яго. І жонка быццам бы прапанавала сабраць самыя каштоўныя рэчы ды тэрмінова ехаць у Беласток на новую працу.
Так той і зрабіў. Па дарозе яго напаілі і забілі, а рэчы прадалі і вярнуліся ў Гродна. Ды ненадоўга. Хутка быў выезд спачатку ў Кобрын, дзе ахвярай стаў фурман, далей Пінск, дзе Збоньскія абрабавалі гатэль. Там іх схапілі на вакзале. Аднак паліцыя не ведала пра іх папярэднія злачынствы. Да таго ж у Збоньскіх на руках дакументы на прозвішча Карасінскіх, якіх яны забілі раней. У выніку Яніна правяла чатыры месяцы ў вязніцы ў Пінску. Станіслаў - на месяц больш.
Чытайце таксама: Спрэчка з-за гродзенскага замка, «напад» на Свіслач, арышты камуністаў: чым жыў Гродна 100 гадоў таму (19 жніўня — 1 верасня 1924 года)
Пасля вызвалення пара забойцаў пакінула Пінск. Скраўшы сякеру, яны накіраваліся ў Янаў (сёння — Іванава), дзе нанялі фурмана, якога забілі па дарозе ў Драгічын, а цела закапалі. Аднак паліцыя хутка даведалася пра забойства. Яніна не губляла галавы, а сама прыйшла ў паліцыю пад выглядам настаўніцы па нейкую дробную інфармацыю. Высветліўшы, што паліцыя нічога дакладна не ведае пра забойства, яна спакойна з’ехала са Станіславам з возам і канём забітага фурмана ў Кобрын, а далей у Брэст, дзе ўсё нарабаванае і было прададзена.
У лесе каля мястэчка Ражанка пара паспела забіць і абрабаваць бежанца, які вярнуўся з Расіі. Пасля некалькі месяцаў Збоньскія жылі напоўніцу ў Гродне. Калі ж грошы скончыліся, зноў падаліся ў Ражанку: Яніна апранулася санітаркай, а Станіслаў з перавязанай галавой граў ролю яе пацыента, для якога была нанятая фурманка. Фурмана па дарозе да Гродна забілі, а каня з возам прадалі. Пасля было яшчэ некалькі выездаў «на працы» — то пад Брэст, то пад Баранавічы, дзе ў рукі Збоньскіх трапіла пара коней забітага селяніна. Аднаго каня яны прадалі ў Мастах, а для другога Станіслаў зладзіў у Гродне сапраўдны аўкцыён.
Жыццё бяжыць і, здаецца, пара больш не мае патрэбы ў забойствах. Яніна нават выязджае ў Сувалкі да адной сваёй знаёмай, якая працуе ў буфеце на чыгуначным вакзале. І выпадкова даведваецца, што родны брат сяброўкі - інжынер у Гродне, які няблага зарабляе. Яніна вяртаецца ў Гродна і цягам некалькі тыдняў ладзіць раман з маладым інжынерам, а пасля падгаворвае Станіслава Збоньскага забіць свайго новага каханка. Ды так, каб той падчас рабавання і не падумаў, што Яніна звязаная са злачынцам.
Напад адбыўся ў ваколіцах Гродна, Яніна кінулася ў ногі Станіславу, маліла аб літасці і ўпрошвала інжынера распавесці, дзе той трымае свае грошы. Калі ж той расказаў, Станіслаў застрэліў хлопца. А пасля пара наведалася ў кватэру забітага, з якой забрала 700 тысяч марак і 30 рублёў у золаце.
Забойства ўскалыхнула Гродна і хутка паліцыя знайшла вінаватага… але не Збоньскіх, а іншага інжынера! Забіты працаваў з ім, а матывам мела быць быццам бы помста.
Збоньскія ж спакойна забаўляліся на вуліцах Гродна, змянялі гатэль за гатэлем, увесь час вяртаючыся на здымную кватэру на Фабрычнай.
Перыядычна чыгункай пара выязджала ў Вільню. Там яны забілі аднаго з сялянаў, прадаўшы яго каня ў Лідзе. У Львове Яніна знаёміцца з амерыканцам, цела якога ўтапілі ў прыбіральні і завалодалі пяццю тысячамі долараў. Затым абрабавалі касіраў лясных заводаў каля Ковеля. Пры чым для гэтага Збоньскія апрануліся ў вайсковую форму, разыгралі праверку дакументаў, завалодаўшы рэвальверамі касіраў, пасля тых голымі прывязалі да дрэваў у заснежаным лесе і застрэлілі. У руках забойцаў апынуліся два мільёны марак, пярсцёнкі і гадзіннікі. Далей былі: застрэленая сям’я ляснічага каля Чанстаховы ды пара каханкаў ў лодцы на Вісле ў Варшаве, задушаная рушнікамі сям’я заможнага землеўладальніка ў Седлецкім і, нарэшце, яшчэ адзін фурман у Баранавічах.
Вясною 1924 года менавіта ў Баранавічах Станіслаў урэшце ў адным з гатэляў трапіў на вочы паліцэйскаму, які запатрабаваў у яго дакументы, падазраючы ў датычнасці да апошняга забойства ў ваколіцах горада. Збоньскі здолеў збегчы, ускочыўшы ў цягнік і дабраўся да Скідзеля, дзе і быў схоплены падчас крадзяжу. Так ён трапіў у гродзенскую турму пад прозвішчам Карасінскага.
Яніна ж вымушаная была з Баранавічаў выехаць у Вільню, дзе яе схапілі ў час кішэннага крадзяжу. Яе западозрылі ў датычнасці да некалькіх забойстваў у ваколіцах Вільні, аднак замест таго, каб усё адмаўляць, жанчына прызналася, што яна — сведка тых забойстваў, якія здзейсніў яе муж Карасінскі. Следства высветліла, што гэты Карасінскі сядзіць у гродзенскай турме і чакае хуткага вызвалення. Чакае гэтага вызвалення нават адміністрацыя, паколькі асуджаны тэрарызаваў сукамернікаў, яго пераводзілі з камеры ў камеру і ў выніку змясцілі ў адзіночку. Хутка было ўсталявана, што Карасінскі - гэта насамрэч Станіслаў Збоньскі.
Следчы, да якога трапілі паказанні Яніны Збоньскай з абвінавачваннямі Станіслава, адчуў, што штосьці тут не клеіцца. Разумовыя здольнасці моцнага як мядзведзь хлопца не прадугледжвалі часам занадта дэталёвага планавання забойстваў. У выніку следчы пайшоў на наступны крок: ён распавёў, што жонка Станіслава Яніна, затрыманая ў Вільні, абвінаваціла яго ў некалькіх забойствах у Вільні, за што яму пагражае смяротнае пакаранне.
Станіслаў, якога следчы апрацоўваў цягам тыдня, урэшце вырашыў распавесці усё. Праўда, пазней Яніна Збоньская ўсё адмаўляла, казала, што каханак вырашыў ёй адпомсціць, што ён мяняў жанчын як пальчаткі - Маню на Іру ды гэтак далей. Але следчыя высветлілі, што Збоньскі быў верны толькі адной жачыне — Яніне Збоньскай, якая карысталася рознымі псеўданімамі, у тым ліку сярод іх былі Маня і Іра.
Да таго ж следства высветліла, што ніякая яна насамрэч не Яніна Збоньская. Завуць яе Марыя Сапега, 1894 года нараджэння, ураджэнка вёскі Крыстынава. Калі ў пяць гадоў Марыя засталася круглай сіратой, яе на выхаванне ў суседнюю вёску Глінна ўзяла родная сястра Кацярына (па мужу — Календа). Марыя Сапега мела яшчэ брата Аляксандра, які жыў у Беластоку, з якога нікуды не ад’язджаў.
Марыя Сапега з дзяцінства займалася крадзяжамі, неаднойчы сцягвала ў вяскоўцаў і родных бялізну і ежу, за што была шматразова бітая, а аднаго разу нават не далічылася пары зубоў. З дзяцінства Марыя прыдумляла сабе розныя імёны, пад якія стварала цэлыя гісторыі, чым вельмі палохала родных. У 14 гадоў (1908 год) дзяўчынка з’ехала ў Пінск на службу да заможнага яўрэйскага гандляра, якога ў хуткім часе абрабавала і ўцякла ў горад Курск, дзе жыла з нейкім каханкам. З 1914 да 1921 гады звесткі пра яе ў паліцыі адсутнічалі.
13 верасня 1921 года яна разам са Станіславам Збоньскім прыехала ў вёску Карастынава, каля якой пасля іх ад’езду выявілі цела забітага яўрэя з Драгічына. Затым пара накіравалася ў вёску Глінна. Тут Марыя Сапега ўгаварыла сястру Кацярыну адправіць з ёю сваю старэйшую дачку, 18-гадовую Еўдакію. Маўляў, хай бы тая паглядзела, як жыве цётка. Пасля гэтага Еўдакія знікла.
19 ліпеня 1924 года ў Баранавічах Станіславу Збоньскаму прысудзілі смяротнае пакаранне. На той час былі высветленыя абставіны 37 забойстваў: у Вільні - 4, Бяла Падляска — 4, Гродна — 3, Варшава — 3, Ковель — 3, Чанстахова — 3, Ліда — 2, Баранавічы — 2, Сасновічы — 2, Сахачаў - 2, Брэст — 2, Драгічын — 1, Ласосна — 1, Беласток — 1, Пінск — 1, Ваўкавыск — 1, Львоў - 1, Кельцы — 1.
Цягам наступных двух гадоў доўжыліся суды. Пасяджэнні ладзіліся ў Гродне, Пінску, Беластоку, Баранавічах, Вільні. На іх усплывалі ўсё новыя і новыя падрабязнасці забойстваў, а таксама высветлілася, што Збоньскія забілі не 37 чалавек, а як найменш 52.
Аднак напярэдадні павешання, якое планавалі правесці ў Варшаве, Яніне Збоньскай ужо прыпісвалі здзяйсненне 80 забойстваў, здзейсненых нават у Францыі. Усё справа ў тым, што Яніна вылучалася вялікай фантазіяй. Яна распавядала гісторыі пра тое, што яе «муж» Станіслаў быў ледзь не вурдалакам і забіваў, бо яму патрэбна была кроў. Яна апісвала жудасныя падрабязнасці забойстваў у мясцовасцях, дзе Збоньскія, як высветліла следства, ніколі і не былі. У выніку следчымі за аснову былі ўзятыя паказанні Станіслава, якія пацвярджаліся знойдзенымі целамі або фактамі знікнення людзей.
Падчас суду ў Брэсце Збоньская праглынула некалькі металічных прадметаў і трапіла ў гарадскі шпіталь. Праз два тыдні яна адтуль паспяхова ўцякла: падманула паліцыянтаў, якія за ёй глядзелі, і выдзыгнула ў акно. Яе, пераапранутую як старая жанчына, выпадкова затрымалі на чыгуначным вакзале.
Станіслава Збоньскага расстралялі ў Вільні 31 ліпеня 1926 года. У апошнія хвіліны ён крычаў і плакаў, праклінаў «чараўніцу», як называў Яніну Збоньскую, казаў, што гэта яна падпарадкавала яго сваёй волі, нават спрабаваў збегчы. Прыйшлося скручваць Станіслава некалькім моцным паліцэйскім і прывязваць да слупа, дзе той крычаў, роў як звер, пакуль яго не супакоілі чатыры кулі, пушчаныя ў галаву. Родная маці адмовілася ад сустрэчы з ім.
Яніну Збоньскую працягвалі судзіць. У кастрычніку 1926 года суд у Сувалках асудзіў яе на смяротнае пакаранне праз павешанне. Усяго яна была прыгавораная да трох смяротных пакаранняў. Апеляцыйны суд у Варшаве спачатку адмяніў павешанне з-за нейкіх недахопаў падчас судовага працэсу. Аднак гэтага хапіла толькі каб замяніць павешанне на расстрэл.
У вязніцы ў лютым 1927 года Яніна, каб адцягнуць смяротнае пакаранне, праглынула 48 цвікоў, дзве іголкі і тры лыжкі раздробленага шкла. Своечасовае ўмяшанне лекараў уратавала ёй жыццё, але не ўсё шкло ўдалося дастаць з кішак і ў апошнія свае дні серыйная забойца моцна пакутавала. Яніна Збоньская, яна ж Германіда Шуковіч, яна ж Марыя Сапега па мянушцы «Манька», была пакараная смерцю ў 1927 годзе ці то ў Варшаве, ці то ў Ваўкавыску.
Найбольш падрабязна і праўдзіва гісторыя злачынстваў серыйных злачынцаў, якія стала жылі ў Гродне, была расказаная на старонках гродзенскай газеты «Nadniemeński kurjer Polski», дзе цягам лета-восені 1924 года выйшаў цыкл «Збоньскія. Гісторыя, якой да таго не фіксавалі крымінальныя хронікі» («Zbońscy. Historia jakiej dotąd nie notowały kroniki kryminalne»). Ён і лёг у аснову гэтага артыкула.
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …