Кандыдаты ў дэпутаты ўсіх узроўняў у Беларусі абавязаны расказаць, колькі зарабілі за апошні год. Інфармацыю аб даходах будучых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў напярэдадні выбараў апублікавала дзяржпрэса. Паколькі дэкларацыі за 2023 год яшчэ не падавалі, кандыдаты падзяліліся лічбамі за 2022 год. Найбагацейшыя «народныя абраннікі» атрымліваюць амаль па 8000 рублёў у месяц. Менш заможныя — ад 2000 да 5000 рублёў. Hrodna.life публікуе рэйтынг заробкаў будучых дэпутатаў парламента.
У спіс мы ўключылі толькі тых кандыдатаў, у чыёй перамозе ўпэўненыя. Паколькі выбары прадвызначаны і загадзя вядома, каго нібыта абяруць выбаршчыкі, мы не публікуем інфармацыю аб даходах дэкаратыўных кандыдатаў.
Вось колькі зарабляюць будучыя дэпутаты парламента Беларусі. Спіс складзены па змяншэнні ад найбагацейшага.
Чытайце таксама: Без апазіцыі і назіральнікаў, але з узмоцненай аховай. Інструкцыя на выбары-2024 у Беларусі
7856 рублёў у месяц — Алег Раманаў, старшыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь»
Раманаў, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 52 («Гродзенская-Паўночная»), за 2022 год зарабіў 94 276,05 рублёў - гэта 7865 у месяц.
Акрамя таго, з маёмасці ў яго ёсць у Гродне кватэра 86,7 кв.м. і яшчэ палова кватэры 60,6 кв.м., а таксама дом 45,1 кв.м. і ўчастак 0,2153 га ў Гродзенскім раёне, гараж на 15,7 кв.м. і машына Volvo XC 90 2007 года.
7664 рублёў у месяц — Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
Орда, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 56 («Нёманская»), за 2022 год зарабіў 91 970 рублёў - 7664 у месяц.
Яшчэ ў яго ёсць кватэра 126,2 кв.м. у Мінску і дом 57,9 кв. у Дзятлаве.
5786 рублёў у месяц — Валянцін Семяняка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў
Семяняка, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 58 («Слонімская»), за 2022 год зарабіў 69 438,42 рублёў - 5786 у месяц.
Таксама ён валодае двума дамамі ў Зэльвенскім раёне: адзін дом плошчай 107,6 кв.м. з зямельным участкам 0,1225 га, другі дом — 51,1 кв.м. з участкам 0,1148 га. Яшчэ ў Семянякі ёсць дзве машыны: Mazda CX-7 2011 года і Масквіч 2140 1978 года.
5563 рублёў у месяц — Андрэй Анісімаў, дырэктар Гродзенскай філіі «Белпошты», палкоўнік КДБ
Анісімаў, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 51 («Гродзенская-Ленінская»), з 2022 года зарабіў 66 764,73 рублёў - 5563 у месяц.
Акрамя таго, у палкоўніка ва ўласнасці кватэра 56 кв.м. у Мінску, участкі 0,0741 га і 0,063 га ў Гродзенскім раёне, садовы домік 21,9 кв.м. у Гродзенскім раёне.
Чытайце таксама: На 13 удзельнікаў - 14 кандыдатаў. Хто ідзе ў дэпутаты па Гродзенскай вобласці - знаёмых асоб мала
4858 рублёў у месяц — Антон Кулісевіч, старшыня Бераставіцкага райвыканкама
Кулісевіч, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 53 («Гродзенская памежная»), за 2022 год зарабіў 58 303 рублі - 4858 у месяц.
Таксама ён валодае домам на 88,4 кв.м. і ўчасткам 0,1446 га ў Бераставіцкім раёне, мае кватэру 53,5 кв.м. у Гродна і машыну Renault Sandero 2019 года.
4758 рублёў у месяц — Аляксандр Сангін, дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў
Сангін, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 57 («Замкавая»), за 2022 год зарабіў 57 099,50 рублёў.
У яго ёсць дзве кватэры: 65,5 кв.м. у Лідзе і 62,4 кв.м. у Гродне. Таксама ёсць машына Volkswagen Polo 2015 года.
4669 рублёў у месяц — Алена Патапава, дзеючая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў
Патапава, якая вылучаецца па выбарчай акрузе № 50 («Гродзенская-Кастрычніцкая»), за 2022 год зарабіла 56 037,42 рублёў.
У яе ёсць кватэра 65,8 кв.м. у Гродне і дзве машыны: Audi 100 1990 года і Volkswagen Passat 2006 года.
4472 рублі ў месяц — Ігар Шалудзін, старшыня Астравецкага райвыканкама
Шалудзін, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 59 («Смаргонская»), за 2022 год зарабіў 53 671,28.
У яго ёсць дом 165,3 кв.м. у Смаргоні, участак 0,1409 га там жа, а яшчэ прычэп BELAZ 8120 2000 года.
4352 рублі ў месяц — Міхаіл Аксянюк, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта
Аксянюк, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 49 («Гродзенская-Занёманская»), за 2022 год зарабіў 52 225 рублёў.
У яго ёсць дзве кватэры: у Мінску (77,6 кв. м.) і Брэсце (66,7 кв. м.), а таксама Opel Kadett 1985 года выпуска.
4005 рублёў у месяц — Віталь Ракавец, дырэктар Іўеўскага лясгаса
Ракавец, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 54 («Іўеўская»), за 2022 год зарабіў 48 067,09 рубля.
У яго ёсць дом 84 кв.м. у Іўі і Kia Ceed 2016 года.
3585 рублёў у месяц — Кацярына Серафіновіч, намеснік дырэктара «ЛідаМедыяКампанія» (аб'яднання мясцовай раённай газеты, тэлебачання і радыё)
Серафіновіч, якая вылучаецца па выбарчай акрузе № 55 («Лідская»), за 2022 год зарабіла 43 019,53 рубля.
У яе ёсць кватэра 37,1 кв.м. у Лідзе, гараж 21,6 кв.м. у Лідскім раёне і машына Opel Astra 2010 года.
3051 рублёў у месяц — Віктар Пляскач, дырэктар Ваўкавыскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства
Плескач, які вылучаецца па выбарчай акрузе № 48 («Ваўкавыская»), за 2022 год зарабіў 36 618,26 рубля.
У яго ёсць у Ваўкавыску дом на 198,4 кв.м. і машына Audi A6 2014 года выпуску.
2206 у месяц — Надзея Хальцова, дырэктар гімназіі № 1 у Мастах
Хальцова, якая вылучаецца па выбарчай акрузе № 60 («Шчучынская»), за 2022 год зарабіла 26 480 рублёў.
У яе ёсць кватэра 57,4 кв.м. у Мастах.