Людзі і справы

Забароненыя кнігі ў Беларусі: экстрэмізм, «няправільная» любоў і «небяспечная» гісторыя

У Беларусі пасля 2020 года пад забарону і абмежаванні трапілі каля 20 кніг. Іх забаранялі за апісанне аднаполых адносін, па просьбе праўладных актывістаў і пасля прызнання экстрэмісцкімі. Да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права рэдакцыя Hrodna.life сабрала пералік кніг, якія трапілі пад рэпрэсіі ў Беларусі.

Забароненыя кнігі ў Беларусі бываюць, умоўна, двух відаў. Часцей за ўсё такія кнігі ўключаюць у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адбываецца гэта па рашэнні суда, звычайна з падачы якога-небудзь сілавога органа, напрыклад, пракуратуры.

Ёсць і больш нефармальныя віды забаронаў. Кнігу могуць негалосна забараніць распаўсюджваць праз дзяржаўныя кнігарні, могуць і націснуць на прыватныя, каб яны прыбралі непажаданую кнігу з паліц. Такое «тэлефоннае права» часта спрацоўвае пасля звароту ў мясцовыя органы праўладных актывістам накшталт Вольгі Бондаравай. Яна часта знаходзіць у кнігах «прапаганду ЛГТБ+» альбо «нацызм».

Спіс забароненых кніг у Беларусі (абмежаваны распаўсюд альбо прызнаны экстрэмісцкімі)
  1. «Лето в пионерском галстуке», Кацярына Сільванава, Алена Малісава
  2. «Мифы о Беларуси», Вадзім Дзеружынскі
  3. «Welcome to Belarus», Алесь Гутоўскі
  4. «1984», Джордж Оруэл
  5. «Балада пра маленькi буксiр», Іосіф Бродскі
  6. «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi», Уладзімір Арлоў, Павел Татарнікаў
  7. «Неизвестная война», Ота Скарцэні
  8. «Вызваленыя» i Заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 г. г. у дакументах беларускiх архiваў«
  9. "Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета», Віктар Ляхор
  10. Зборнік артыкулаў «Беларусь на распутье», рэдактар Анатоль Тарас
  11. «Беларуская нацыянальная iдэя», Дзмітрый Лукашук, Максім Гаруноў
  12. «Сабакі Эўропы», Альгерд Бахарэвіч
  13. «Краткий курс истории Беларуси IX — XXI вв», Анатоль Тарас
  14. «Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941−1944гг.)», Святлана Казлова
  15. «Апошняя кнiга пана А.», Альгерд Бахарэвiч
  16. «Адысея капiтана БНР», Анатоль Гатоўчыц
  17. «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня», Сяргей Сюзеў
  18. «Выбраныя творы», Лідзія Арабей
  19. «Выбраныя творы», Ларыса Геніюш
  20. «Выбраныя творы», Наталля Арсеннева
  21. «Выбраныя творы», Уладзімір Някляеў
  22. «Драматычныя творы, вершаваныя аповесцi i апавяданнi» (у двух тамах), Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
  23. «Горькие годы: Трагедия Западной Беларуси 1944−1954», Александр Татаренко
  24. «Недозволенная память. Западная Беларусь в документах и фактах. 1921−1954», Александр Татаренко

«Лето в пионерском галстуке», Кацярына Сільванава, Алена Малісава

Што здарылася:

Гродзенскі гарвыканкам вырашыў выключыць «кнігі ЛГБТ-тэматыкі» з продажу ў крамах «ОZ кнігі». У Расіі пасля прыняцця ў лістападзе 2022 года закона аб забароне прапаганды кнігі былі таксама канфіскаваныя з шэрагу крамаў, а аўтары прызнаныя замежнымі агентамі.

Пра што кніга:

Кніга прысвечана гомасэксуальным адносінам двух юнакоў - піянера Юры і Валодзі, якія сустрэліся ў піянерскім лагеры летам 1986 года. Ім не ўдалося «перамагчы» сваю гомасэксуальнасць і ў працягу кнігі яны працягнулі адносіны, калі сталі дарослымі.

«Мифы о Беларуси», Вадзім Дзеружынскі

Што здарылася:

Кнігу знялі з продажу ў гродзенскай краме «Green». Кіраўніцтва гіпермаркета правяло разбіральніцтва пасля звароту актывісткі Вольгі Бондаравай.

Пра што кніга:

У кнізе «Мифы о Беларуси» разглядаюцца найбольш распаўсюджаныя міфы пра народ і краіну. «Беларусы — адзіны ў свеце народ, уяўленні якіх аб саміх сабе поўныя міфаў і памылак, часам вельмі дзіўных і нават недарэчных. Якую сферу жыцця ні вазьмі, усюды гэтыя міфы. Парадокс у тым, што да іх усе прывыклі, іх амаль ніхто не заўважае, не ўсведамляе», — піша ў анатацыі аўтар.

«Welcome to Belarus», Алесь Гутоўскі

Што здарылася:

Кнігу знялі з продажу ў гродзенскай краме «Green». Кіраўніцтва гіпермаркета правяло разбіральніцтва пасля звароту актывісткі Вольгі Бондаравай.

Пра што кніга:

«Беларусь — неверагодна прыгожая краіна, багатая сваёй чароўнай прыродай. Нашая прырода разнастайная, а кожная паравіна года адметная і непаўторная. Лес і вада — нашая найвялікшая каштоўнасць, якой мы ганарымся. Але, на жаль, не кожны можа ўбачыць гэтую красу, асабліва жыхары вялікіх гарадоў, якім будзе даспадобы наш альбом. Фатограф чулым і пільным позіркам углядаўся ў беларускія краявіды і здолеў па-майстэрску перадаць іх магію. Альбом адрасаваны беларусам і шаноўным гасцям нашай краіны», — піша пра кнігу «Welcome to Belarus» аўтар.

«1984», Джордж Оруэл

Што здарылася:

У дзяржаўныя кнігарні ў траўні 2022 года паступіла распараджэнне: зняць з продажу раман Джорджа Оруэла «1984». Так што гэта забароненая ў Беларусі кніга — як мінімум у дзяржаўным гандлі. Пры гэтым у прыватных крамах яе ўсё яшчэ можна купіць.

Пра што кніга:

Антыўтопія Джорджа Оруэла «1984» апісвае таталітарнае грамадства. Жыхары пазбаўленыя грамадзянскіх правоў і індывідуальнасці, ідэя парадку абсалютызуецца, існуе культ асобы Вялікага Брата, ад людзей патрабуюць поўнага і некрытычнага падпарадкавання ўладам.

«Балада пра маленькi буксiр», Іосіф Бродскі

Што здарылася:

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 18 кастрычніка 2022 года ўнёс кнігу ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Пра што кніга:

Гэта дзіцячая кніга нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага, выдадзеная ў выдавецтве «Янушкевіч». На думку выдаўца Андрэя Янушкевіча, кніга прыцягнула ўвагу сілавікоў яшчэ падчас ператрусу ў краме «Кнігаўка» ў траўні 2022 года. Тады супрацоўнікам ГУБАЗіК падалася падазронай афарбоўка карабліка на вокладцы — яны ўбачылі ў ёй схаваную бчб-сімволіку.

«Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi», Уладзімір Арлоў, Павел Татарнікаў

Што здарылася:

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 18 кастрычніка 2022 года ўнёс кнігу ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Пра што кніга:

Гэта папулярнае гістарычнае выданне альбомнага фармату ад пісьменніка і гісторыка Уладзіміра Арлова, праілюстраванае знакамітым кніжным ілюстратарам Паўлам Татарнікавым. Яно распавядае пра найважнейшыя падзеі гісторыі Беларусі ад сярэднявечча да канца XVIII ст.


Да 2020 года экстрэмісцкімі прызнавалі кнігі, як правіла, звязаныя з нацызмам, анархізмам, тэрарызмам, распальваннем варожасці. Забароненымі кнігамі ў Беларусі з гэтай прычыны лічацца:

  • Alan Bullock, Hitler, A Study In Tyranny,
  • Adolf Hitler, Mein Kampf;
  • George L. Mosse, Nazi Culture;
  • George Lincoln Rockwell, This Time the World;
  • George Lincoln Rockwell, White Power;
  • Soldier’s Manual for MOS 11С — Indirect Fire Infantryman: Skill level;
  • Soldier’s Manual, MOS 11С, Indirect Fire Infantryman: Skill level 2/¾″.
  • Юрген Граф, «Миф о холокосте. Правда о судьбе евреев во второй мировой войне»;
  • Сяргей Ніканенка, «Православным о православии. Популярное богословие, или богословие для чайников»;
  • Л. Холбі, «Ответный удар»;
  • «Поваренная книга анархиста»;
  • «Исход» (падлеткавая проза).

Пасля 2020 года падобныя кнігі таксама ўключаліся ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта наступныя публікацыі:

  • «Основы веры в свете Корана и Сунны», аўтары Саліх ас-Сухеймі, Абд-ар-Раззак аль-Бадр, Ібрахім ар-Рухейлі;
  • «Комментарий к «трем основам», аўтар Саліх бін Фаўзан аль-Фаўзан;
  • «Десионизация», аўтар В. Емяльянаў;
  • «Славяно-Арийские Веды. Саньтии Веды Перуна. Книга Мудрости Перуна. Круг Первый. Сага об Инглингах», аўтар Левашоў Н.У.

«Неизвестная война», Ота Скарцэні

Што здарылася:

Суда Цэнтральнага раёна Мінска 18 лістапада 2022 года прызнаў кнігу экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Пра што кніга:

Кніга-мемуары афіцэра СС пра Другую сусветную вайну. Пераклад з французскай выйшаў у Мінску ў выдавецтве «Папуры» яшчэ ў 2012 годзе.

«Вызваленыя» i Заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 г. г. у дакументах беларускiх архiваў"

Што здарылася:

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 12 студзеня 2023 прызнаў зборнік экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Пра што кніга:

Дакументы, якія змяшчаюцца ў зборніку, сабраны з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці. Яны адлюстроўваюць стаўленне насельніцтва заходніх раёнаў Беларускай ССР (да верасня 1939 года-паўночна-ўсходніх ваяводстваў Рэспублікі Польшча) да палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў савецкай улады ў перыяд з верасня 1939 г. па чэрвень 1941 г.

«Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета», Віктар Ляхор

Што здарылася:

Суд Ленінскага раёна Гродна ў красавіку 2022 года прызнаў кнігу экстрэмісцкімі матэрыяламі пасля заявы праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай.

Пра што кніга:

Аўтар кнігі рэканструяваў мінулае Беларусі праз сімвалы, колеры і вобразы. Ён апісаў беларускія народныя арнаменты, Крыж Еўфрасінні Полацкай, Біблію Скарыны, Статут ВКЛ, слуцкі пояс, нацыянальны сцяг і герб Пагоня. Найбольшую ўвагу аўтар звярнуў на ваенную сімволіку.

Зборнік артыкулаў «Беларусь на распутье», рэдактар Анатоль Тарас

Што здарылася:

Кніга прызнана экстрэмісцкай па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 13 траўня 2022 года.

Пра што кніга:

Зборнік гістарычных артыкулаў.

«Беларуская нацыянальная iдэя», Дзмітрый Лукашук, Максім Гаруноў

Што здарылася:

Кніга прызнана экстрэмісцкай па рашэнні суда Мінскага раёна Мінскай вобласці ад 17 траўня 2022 года.

Пра што кніга:

Гэта зборнік 85 інтэрв'ю з вядомымі беларусамі на 600 старонак. Інтэрв'ю бралі ў рамках перадачы «Ідэя X» на «Еўрарадыё» вядучыя Дзмітрый Лукашук і Максім Гаруноў. Яны пыталіся гасцей пра тое, у чым жа палягае беларуская нацыянальная ідэя.

«Сабакі Эўропы», Альгерд Бахарэвіч

Што здарылася:

Кніга прызнана экстрэмісцкай па рашэнні суда Мінскага раёна Мінскай вобласці ад 17 траўня 2022 года.

Пра што кніга:

Адна з самых паспяховых і вядомых кніг сучаснага беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча. А таксама адна з самых вядомых забароненых кніг у Беларусі. Раман складаецца з шасці вялікіх гісторый, сплеценых у адну. Што злучае вёску Белыя Росы-13, якая знаходзіцца на тэрыторыі расійскага Рэйха, і constructed language, таемную мову бальбута? Чаму беларуская шаптуха адпраўляецца на далёкі востраў, дзе будуецца ідэальная краіна Крывія? Што за пасланне закапалі ў лесе вучні звычайнай сярэдняй школы, і чый труп знаходзяць у 2049 годзе ў танным берлінскім гатэлі?

«Краткий курс истории Беларуси IX — XXI вв», Анатоль Тарас

Што здарылася:

Кніга прызнана экстрэмісцкай па рашэнні суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 12 верасня 2022 года.

Пра што кніга:

Падзеі гісторыі ў кнізе паказаны з нацыянальнага пункту гледжання. Аўтар распавёў пра найважнейшыя падзеі за 12 стагоддзяў на тэрыторыі рассялення беларускага этнасу: з узнікнення старажытных плямёнаў да незалежнасці Беларусі. Аўтар абверг многія міфы і памылкі.

«Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941−1944гг.)», Святлана Казлова

Што здарылася:

Кніга прызнана экстрэмісцкай па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 7 кастрычніка 2022 года.

Пра што кніга:

У навуковай манаграфіі ўсебакова прааналізавана аграрная палітыка нацыстаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1941−1944 гг. Асаблівую ўвагу аўтар надала пытанням планавання, забеспячэння і ажыццяўлення на практыцы аграрных мерапрыемстваў. Гэта цікавы выпадак, калі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Беларусі трапляе цалкам навуковае выданне, заснаванае на гістарычных дакументах. У аснову манаграфіі Святланы Казловай пакладзена кандыдацкая дысертацыя аўтара, падрыхтаваная і абароненая ў 2006 годзе ў Інстытуце гісторыі НАНБ. Ніякіх пярэчанняў гэтая праца тады не выклікала, яна без асаблівых праблем прайшла і абарону на навуковым Савеце інстытута, і зацвярджэнне Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй.

«Апошняя кнiга пана А.», Альгерд Бахарэвiч

Што здарылася:

Суд Цэнтральнага раёна Мінска ў сакавіку 2023 прызнаў кнігу экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Пра што кніга:

Кніга Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А. складаецца з 30 казак, якія распавядае купцу-выдаўцу пісьменнік, які трапіў у доўг. З кожным днём казачны свет апавядальніка становіцца ўсё больш рэальным, а рэальнасць, у якой адбываецца дзеянне, пачынае ўсё больш ператварацца ў казку — так што ў рэшце рэшт мяжа паміж фантазіяй і явай канчаткова сціраецца.

«Адысея капiтана БНР», Анатоль Гатоўчыц

Што здарылася:

Суд Добрушскага раёна Гомельскай вобласці 16 сакавіка 2023 года ўключыў кнігу ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Пра што кніга:

Гэта дакументальная аповесць журналіста Анатоля Гатоўчыца пра беларускага патрыёта і палітвязня Цімоха Вострыкава (1922 — 2007). Вострыкаў у складзе групы беларускіх эмігрантаў у 1952 годзе вярнуўся на радзіму як прадстаўнік Рады БНР, каб змагацца за яе незалежнасць, быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў зняволення. На волю выйшаў у 1975 годзе, жыў і памёр у Гомелі. Кніга выйшла ў Гомелі ў 2019 годзе.

«Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня», Сяргей Сюзеў

Што здарылася:

Кнігу прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі па заяве пракуратуры Маскоўскага раёна Мінска.

Пра што кніга:

Гэта зборнік вершаў. У анатацыі пазначана, што кніга апісвае «жыццё беларускага народа ў перыяд кіравання» Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар называе кнігу «крыкам душы простага чалавека».

Кніга даступная ў інтэрнэце. Напрыклад, на платформе «Литрес». Адзіны водгук не вельмі пахвальны: «Не вядзіцеся на назву і анатацыю. Гэтая кніга не мае ніякага дачынення да жыцця беларускага народа. Гэта графаманскія, жахлівыя … нават вершамі не магу назваць … выхлапы эмоцый аўтара ў нібыта вершаванай форме».

«Выбраныя творы», Лідзія Арабей

Што здарылася:

Паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 15 жніўня 2023 года «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі адразу чатыры кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Пра што кніга:

Кніга выбраных твораў беларускай пісьменніцы выйшла ў серыі «Беларускі кнігазбор» у 2013 годзе.

«Выбраныя творы», Ларыса Геніюш

Што здарылася:

Паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 15 жніўня 2023 года «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі адразу чатыры кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Пра што кніга:

Кніга выбраных твораў беларускай паэтэсы выйшла ў серыі «Беларускі кнігазбор» у 2000 годзе.

«Выбраныя творы», Наталля Арсеннева

Што здарылася:

Паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 15 жніўня 2023 года «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі адразу чатыры кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Пра што кніга:

Кніга выбраных твораў беларускай пісьменніцы выйшла ў серыі «Беларускі кнігазбор» у 2002 годзе.

«Выбраныя творы», Уладзімір Някляеў

Што здарылася:

Паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 15 жніўня 2023 года «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі адразу чатыры кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Пра што кніга:

У аднатомнік беларускага паэта і празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Някляева ўвайшлі вершы, паэмы, песні, апавяданні, нарысы і дзённікавыя запісы 1969−2009 гадоў. Кніга выйшла ў серыі «Беларускі кнігазбор» у 2009 годзе.

«Драматычныя творы, вершаваныя аповесцi i апавяданнi» (у двух тамах), Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Што здарылася:

Творы ўключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Мінінфарма паводле рашэння суда Жыткавіцкага раёна ад 8 лістапада 2023 года.

Пра што кніга:

Двухтомны зборнік твораў класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча выпусціла дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў 2007−2008 гг. Да гэтага «экстрэмісцкімі» прызналі вершы класіка 1861 года «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда».

«Горькие годы: Трагедия Западной Беларуси 1944−1954», Александр Татаренко

Што здарылася:

Кнігу прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі 6 снежня 2023 года суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна.

Пра што кніга:

У гэтай кнізе, якая грунтуецца на архіўных дакументах, разглядаюцца такія пытанні, як рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны, дзейнасць НКУС у канцы і пасля вайны, канцлагеры НКУС у БССР у 1944 г., турмы НКУС у Баранавічах, Слоніме, Нясвіжы, Навагрудку і інш.,
пасляваеннае жыццё ў заходніх раёнах Беларусі - праблема інвалідаў, дзяцей-сірот, стварэнне дзіцячых дамоў, закрытых прытулкаў для дзяцей рэпрэсаваных палякаў.

«Недозволенная память. Западная Беларусь в документах и фактах. 1921−1954», Александр Татаренко

Што здарылася:

Рашэнне аб уключэнні кнігі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў прыняў суд Баранавіч і Баранавіцкага раёна 5 красавіка 2024 года.

Пра што кніга:

Кніга выйшла ў 2006 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў серыі «Белыя плямы беларускай трагедыі» (больш у гэтай серыі кніг не выходзіла). «Недозволенная память» ахоплівае гісторыю Заходняй Беларусі з 1921 па 1954 гады, тэкст заснаваны на архіўных фатаграфіях і дакументах.

У прадмове аўтар адзначае, што кніга ўяўляе сабой спробу рэанімаваць гістарычную памяць і «пераадолець неадназначнасць у ацэнцы падзей, якія адбываліся ў Беларусі, і ў прыватнасці ў Баранавіцкай вобласці, у 20−50-я гады ХХ стагоддзя».


Гэта забароненыя кнігі ў Беларусі па стане на 9 красавіка 2024 года. Спіс забароненых кніг мог пасля гэтай даты пашырыцца.

Святкаванне Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права заклікана спрыяць прасоўванню кніжнай справы і заахвочванню чытання. 23 красавіка — сімвалічная дата ў сусветнай літаратуры. Гэты дзень з’яўляецца гадавінай смерці шэрагу выбітных пісьменнікаў: Уільяма Шэкспіра, Мігеля Сервантэса і Інкі Гарсіласа дэ ла Вегі. Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА, якая адбылася ў Парыжы ў 1995 годзе, абрала гэтую дату для аддачы належнага кнігам і пісьменнікам ва ўсім свеце, заклікаючы заахвоціць кожнага атрымаць доступ да кніг.

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024