Спадчына

«Запісная». У Гродне паказалі перформанс паводле дзённіка вязня гета

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч увасобіўся ў аднаго з 29 000 вязняў гродзенскага гета, а Цэнтр гарадскога жыцця ператварыўся ў схованку на гарышчы дому. Тут 23 ліпеня адбылася прэм’ера тэатралізаванага перформанса «Запісная». Пастаноўку зрабіла рэжысёрка Ганна Суліма паводле дзённікавых запісаў невядомага яўрэя. Нататнік з тыпаграфскім надпісам «Запісная» знайшлі на даху аднаго з дамоў у Гродне.

«Менавіта ў гэтым горадзе…»

Ганна Суліма зараз працуе ў Мінску. З Гродна яе звязвае гісторыя сям'і. Некалі бабуля Ганны працавала ў адной з сем’яў гродзенскіх яўрэяў. У адпачынку рэжысёрка прыехала ў Гродна, каб знайсці інфармацыю пра гэтых людзей. У выніку — знайшла і інфармацыю, і спраўджанне даўняга жадання аб пастаноўцы.

Тэатральны перформанс паводле дзённіка яна задумала некалькі гадоў таму. Тады «Запісная» загучала музыкай мінскага кампазітара Дзяніса Кудраўцава і голасам самой Ганны. А вось зрабіць пастаноўку атрымалася толькі зараз, у Гродне.

«Менавіта ў гэтым горадзе на руінах гета быў знойдзены дзённік вязня. Яго аўтарам быў мужчына, меркавана, яму было каля 40 гадоў. Ён хаваўся з іншымі вязнямі на гарышчы аднаго з дамоў у цэнтры горада. Пісаў на польскай мове. Апошні запіс быў зроблены 8 красавіка 1943 года».

Мужчына пачаў весці запісы ў лютым 1943, перад ліквідацыяй гродзенскага гета. Паводле нямецкіх данясенняў ад 13 сакавiка 1943 года, горад стаў «юдэнфрай» — «вольным ад яўрэяў». Але яшчэ ў маі паліцыя лавіла на вуліцах і забівала асобных яўрэяў. З 29 000 вязняў двух гродзенскіх гета ў жывых пасля вайны засталося каля 200 чалавек.

«Гэта баліць многім гродзенцам»

Руслан Кулевіч дапамагаў Ганне ў пошуках інфармацыі па гісторыі сям'і яўрэяў, у каторых працавала яе бабуля. Убачыўшы заангажаванасць журналіста ў тэму, Ганна прапанавала яму сыграць вязня гета. Руслан запрасіў выступіць Раісу Шымбарэвіч, гродзенку 1935 года нараджэння. Яна ў 1942 годзе заходзіла ў гета да сваіх знаёмых і падзялілася ўспамінамі аб тых часах.

На прэм’еру перформанса прыйшло амаль паўсотні гледачоў. «Гэта тэма, каторая баліць многім гродзенцам», — казаў адзін з наведвальнікаў перфоманса, рэжысёр Васіль Калач. Узімку ён разам з акцёрамі тэатра «Гексаген» і рэдакцыяй Hrodna.life рыхтаваў тэатралізаваную экскурсію па гродзенскім гета.


Па гета з Русланам Кулевічам: гродзенцы прайшлі слядамі ахвяр Халакоста


«Шчыра скажу, за 20 гадоў у прафесіі не было больш тэмы, каб так выварочвала душу навыварат, у якую б я сам так ужываўся, як артыст і рэжысёр. Не важна, яўрэі ці не яўрэі. Тыя, што жывуць у Гродне, хоць палякі, хоць беларусы — нельга сказаць, што іх гэта не тычыцца. Мы — гродзенцы. Кожны з нас трохі яўрэй. Гэта нам баліць. Мы — людзі, каторым не ўсё роўна. Я вельмі рады, што тут сабраліся тыя, хто ведае, памятае, адчувае».

Завяршыў сустрэчу выступ Алеся Дзянісава з песняй на вершы Алеся Чобата з «Кароткай гісторыі Беларусі».

youtu.be/TIVkCm4rsKU

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025