Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч увасобіўся ў аднаго з 29 000 вязняў гродзенскага гета, а Цэнтр гарадскога жыцця ператварыўся ў схованку на гарышчы дому. Тут 23 ліпеня адбылася прэм’ера тэатралізаванага перформанса “Запісная”. Пастаноўку зрабіла рэжысёрка Ганна Суліма паводле дзённікавых запісаў невядомага яўрэя. Нататнік з тыпаграфскім надпісам “Запісная” знайшлі на даху аднаго з дамоў у Гродне.

“Менавіта ў гэтым горадзе…”

Ганна Суліма зараз працуе ў Мінску. З Гродна яе звязвае гісторыя сям’і. Некалі бабуля Ганны працавала ў адной з сем’яў гродзенскіх яўрэяў. У адпачынку рэжысёрка прыехала ў Гродна, каб знайсці інфармацыю пра гэтых людзей. У выніку – знайшла і інфармацыю, і спраўджанне даўняга жадання аб пастаноўцы.

“Запісная”. У Гродне паказалі перформанс паводле дзённіка вязня гета

Тэатральны перформанс паводле дзённіка яна задумала некалькі гадоў таму. Тады “Запісная” загучала музыкай мінскага кампазітара Дзяніса Кудраўцава і голасам самой Ганны. А вось зрабіць пастаноўку атрымалася толькі зараз, у Гродне.

“Менавіта ў гэтым горадзе на руінах гета быў знойдзены дзённік вязня. Яго аўтарам быў мужчына, меркавана, яму было каля 40 гадоў. Ён хаваўся з іншымі вязнямі на гарышчы аднаго з дамоў у цэнтры горада. Пісаў на польскай мове. Апошні запіс быў зроблены 8 красавіка 1943 года”.

“Запісная”. У Гродне паказалі перформанс паводле дзённіка вязня гета

Мужчына пачаў весці запісы ў лютым 1943, перад ліквідацыяй гродзенскага гета. Паводле нямецкіх данясенняў ад 13 сакавiка 1943 года, горад стаў “юдэнфрай” – “вольным ад яўрэяў”. Але яшчэ ў маі паліцыя лавіла на вуліцах і забівала асобных яўрэяў. З 29 000 вязняў двух гродзенскіх гета ў жывых пасля вайны засталося каля 200 чалавек.

“Гэта баліць многім гродзенцам”

Руслан Кулевіч дапамагаў Ганне ў пошуках інфармацыі па гісторыі сям’і яўрэяў, у каторых працавала яе бабуля. Убачыўшы заангажаванасць журналіста ў тэму, Ганна прапанавала яму сыграць вязня гета. Руслан запрасіў выступіць Раісу Шымбарэвіч, гродзенку 1935 года нараджэння. Яна ў 1942 годзе заходзіла ў гета да сваіх знаёмых і падзялілася ўспамінамі аб тых часах.

“Запісная”. У Гродне паказалі перформанс паводле дзённіка вязня гета

На прэм’еру перформанса прыйшло амаль паўсотні гледачоў. “Гэта тэма, каторая баліць многім гродзенцам”, – казаў адзін з наведвальнікаў перфоманса, рэжысёр Васіль Калач. Узімку ён разам з акцёрамі тэатра “Гексаген” і рэдакцыяй Hrodna.life рыхтаваў тэатралізаваную экскурсію па гродзенскім гета.


Па гета з Русланам Кулевічам: гродзенцы прайшлі слядамі ахвяр Халакоста


“Шчыра скажу, за 20 гадоў у прафесіі не было больш тэмы, каб так выварочвала душу навыварат, у якую б я сам так ужываўся, як артыст і рэжысёр. Не важна, яўрэі ці не яўрэі. Тыя, што жывуць у Гродне, хоць палякі, хоць беларусы – нельга сказаць, што іх гэта не тычыцца. Мы – гродзенцы. Кожны з нас трохі яўрэй. Гэта нам баліць. Мы – людзі, каторым не ўсё роўна. Я вельмі рады, што  тут сабраліся тыя, хто ведае, памятае, адчувае”.

Завяршыў сустрэчу выступ Алеся Дзянісава з песняй на вершы Алеся Чобата з “Кароткай гісторыі Беларусі”.

https://youtu.be/TIVkCm4rsKU

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]