У гэтым годзе яўрэйскае свята Ханука выпала на 25 снежня – дзень, калі многія хрысціяне адзначаюць Божае Нараджэнне. Гэта дзіўнае супадзенне адбылося ў пяты раз за апошнія 111 гадоў. Увечары ў гродзенскай сінагозе сабраліся не толькі яўрэі, але і хрысціяне, не толькі каб адзначыць свята, але і каб радавацца 25-годдзю вяртання сінагогі iўдзейскай абшчыне Гродна.
Людзей на святкаванне прыйшло больш, чым звычайна. Былі нават ганаровыя госці, сярод іх пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гібб і сям’я бізнесменаў Зухавiцкiх, якая спансіруе рэстаўрацыю сінагогі.
Гродзенскі рабін Іцхак Кофман і старшыня iўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі напачатку сказалі прамову i запалілі галоўныя свечкі горада на сінагозе. Дапамагаў ім у гэтым уладальнік “ЗОВ-мэбля” Алег Зухавiцкi.

“Наша Ханука зноў збірае шмат людзей, як гэта было раней. Я рады, бо дажыўшы да сівізны толькі цяпер даведаўся як вітаць Хануку, мае бацькі мяне гэтаму не навучылі. Калі нам перадалі будынак сінагогі, нас было 2000, і толькі каля 10 чалавек магло чытаць Тору. Нам патрэбен быў духоўны лідар і мы запрасілі рабіна Іцхака Кофмана, каб у Гродне адраджалася тое яўрэйскае жыццё, якое было да вайны”, – сказаў Барыс Квяткоўскі.
Пасля запальвання галоўных свеч, госці свята прайшлі ў сінагогу, дзе быў падрыхтаваны салодкі стол і музычны вечар.
https://youtu.be/n0bvMwXc1I0
На стол у гэты вечар прынята класці традыцыйныя ханукальныя пончыкі, садавіну і іншыя прысмакі. Дзецям у гэты дзень расказваюць гісторыю свята Ханукi, а таксама дараць падарункі.
Сярод традыцыйных гульняў для дзяцей самай папулярнай з’яўляецца “свiвон” або “дрэйдл” – нешта накшталт рускага ваўчка або юлы.
“Мы святкуем Хануку – перамогу, якая была больш за 2000 гадоў таму. Перамогу над грэкамі, якія не дазвалялі яўрэям выконваць традыцыі. Мы дзякуем Усявышняму, што ў нас сёння ёсць тое месца, дзе мы можам малiцца па законам іўдзейства, і жыць пры гэтым спакойна. Робім мы гэта ў найстарэйшай сінагозе, як рабілі нашы папярэднікі”, – сказаў рабін Іцхак Кофман.
На агляд была прадстаўлена выстава выяў сінагогі ў розныя часы: ад малюнкаў Напалеона Орды да сучасных фотаздымкаў.
Што такое Ханука
Ханука – свята свечак, якое штогод яўрэі адзначаюць на працягу васьмі дзён. Свечкі запальваюць у памяць аб цудзе, які адбыўся ў час асвячэння храма пасля перамогі войскаў Іегуды Макавея над войскамі цара Антыёха ў 164 годзе да н.э. Гэтае свята вельмі важнае для яўрэяў, бо сімвалізуе, што вера ў Бога вечная, і ёсць рэчы, у прыватнасці духоўныя, якія нельга ў чалавека адабраць.























