У рэдакцыю Hrodna.life 9 красавіка прыйшла гродзенка Тэрэза Саловіч, якая вырашыла падзяліцца сваім сямейным фотаархівам. Больш за 100 старых здымкаў некалі належалі яе дзядзьку Мечыславу Шчэнснаму, які служыў у Гродне ў 76-м пяхотным палку імя Людвіка Нарбута і загінуў у Польшчы ў баях з немцамі ў верасні 1939 года. Больш падрабязную гісторыю афіцэра і яго падраздзялення мы раскажам у верасні - да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. А пакуль невялікія падрабязнасці і некалькі ўнікальных здымкаў.
Мечыслаў Шчэнсны нарадзіўся ў Крывым Беластоцкага ваяводства ў 1911 годзе. У сярэдзіне 1930-х гадоў ён пераехаў у Гродна, тут праходзіў службу ў 76-м пяхотным палку імя Людвіка Нарбута.
У 1920-я і 1930-я гады, аж да пачатку Другой сусветнай вайны, 76-ы полк дыслакаваўся ў Гродзенскім гарнізоне. Ваенны гарадок у той час знаходзіўся на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Касцюшкі, Бэма, Сабескага і Нарбута. Сёння яны носяць іншыя назвы і ў гэтым месцы ўкліньваюцца астраўкі жылога сектара, крамы і розныя арганізацыі.
У Гродне малады афіцэр сустрэў дзяўчыну Яніну Бубко. У пачатку 1939 года маладыя пажаніліся, жылі на сучаснай вуліцы Заводскай. Неўзабаве Мечыслаў, тады ўжо ў званні паручніка, у складзе свайго палка адпраўляецца на перадавую сустракаць немцаў. Загінуў афіцэр на 4-ы дзень вайны — 4 верасня ў Сулеюве (Лодзінскае ваяводства).
У пасляваенныя гады жонка Мечыслава Яніна, якая засталася жыць у Гродне, шукала праз Чырвоны Крыж магілу свайго мужа. У 1974 годзе яна атрымала ліст з канцылярыі Рыма-Каталіцкай парафіі святога Фларыяна горада Сулеюва, пра тое, што яе муж пахаваны на мясцовых могілках, з салдатамі, якія загінулі пры абароне горада.