У 14.00 6 верасня ў цэнтры Гродна быў запланаваны чарговы марш нязгодных з дзеяннямі ўладаў гараджан. Пратэстоўцы збіраліся ў шасці кропках горада, каб дайсці на Савецкую плошчу. Ужо на гэтым этапе пачаліся жорсткія затрыманні ў розных частках горада. Калону, якая змагла сабрацца на плошчы Савецкай і ішла ў бок ТРК «Trinity», канчаткова разбілі на праспекце Янкі Купалы. Пры затрыманні і мужчын, і жанчын душылі, цягнулі іх па асфальце і распылялі газ прама ў твар. Пазней прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама сказала Hrodna.life, што міліцыя не збівала людзей, а АМАП мае права на прымяненне сілы і спецсродкаў.

Рэдакцыя Hrodna.life сабрала гісторыі затрымання ад відавочцаў. Двое з трох пажадалі застацца ананімнымі, бо баяцца пераследу з боку сілавікоў.

«З задавальненнем затаптаў у гразь кепку аднаго з затрыманых»

— Мы ішлі ад ГЦ «OldCity», чалавек 50−60. Міліцыя нас суправаджала да шпіталя. Калі мы ўбачылі, што дарога перакрытая, збочылі на вул. Астроўскага. І тут пад’ехаў мікрааўтобус, аўтазак і «легкавая» міліцыя.

Мы ў счэпку. АМАП пачаў мужчын выцягваць. Я ўпершыню гэта паблізу ўбачыла. Страшнавата было. Мяне неяк адразу адсунулі. Мужыкоў міма мяне ў аўтазак цягалі. Біць не білі, проста цягнулі жорстка.

"Два чалавекі заламалі рукі, трэці пачаў душыць, я страціў прытомнасць". Як затрымлівалі гродзенцаў на Маршы адзінства 6 верасня
Марш адзінства ў Гродне 6 верасня

На тэрыторыі бальніцы ішла жанчына з мужам і хлопчыкам гадоў 10. Яна так крычала. Яе дзіця спужалася «чорных дзядзькаў».

Гэтыя «чорныя дзядзькі» і тры-чатыры цёткі былі неяк па-зверску настроены. Там дзядуля быў з палачкай. Усё казаў: «Што ж вы робіце». Адзін з АМАПаўцаў чамусьці па-ўкраінску сказаў: «Ідзь, дзіду, да дому». Уразіла, як адзін з АМАПаўцаў з задавальненнем затаптаў у гразь кепку аднаго з затрыманых.

Вечером был дома.Узялі яны чалавек 10−12. Потым з’ехалі. Майго сына потым каля Брэста забіралі, ужо ўвечары. Не жорстка. А ў РАУС (Кастрычніцкага раёна — Hrodna.life) наогул усё ветліва. Пратакол напісалі і адпусцілі. Вечарам быў дома.

«Мяне ўдарылі ў жывот з пытаннем, ці хачу я пераменаў»

— Мы ішлі на вул. Гарнавых, каля «Малочнага міру». З двух бакоў на скрыжаванні перад мостам быў АМАП. Я быў у першых шэрагах збоку, на мяне накінуўся супрацоўнік АМАПу, які прыбег з боку паліклінікі.

Перад мной стаяла жонка, ён схапіў мяне за шыю і пачаў цягнуць. Жонка і нейкая жанчына ва ўзросце спрабавалі мяне адбіць, потым мы ўпалі, жонка на мяне. Яна трымала мяне за ногі, яе іншы АМАПавец падняў за ногі і руку і адкінуў на тратуар, а на жонку — жанчыну ва ўзросце.

"Два чалавекі заламалі рукі, трэці пачаў душыць, я страціў прытомнасць". Як затрымлівалі гродзенцаў на Маршы адзінства 6 верасня
Марш адзінства ў Гродне 6 верасня

Мяне закруцілі і павялі да аўтазака. Каля аўтазака мяне ўдарылі ў жывот з пытаннем, ці хачу я пераменаў. Калі я ўжо сядзеў у аўтазаку, завялі дзвюх дзяўчат, адной з іх было блага, яна трымалася за галаву і прасіла дапамогі, але праз нейкі час яна страціла прытомнасць і моцна ўдарылася аб металічную падлогу.

Нас павезлі на Гая (на Гая, 4 знаходзіцца Кастрычніцкі РАУС — Hrodna.life), яе выцягнулі за рукі і больш я пра яе нічога не ведаю. Нас паставілі стаяць каля сцяны прыкладна на 2 гадзіны, потым сталі складаць пратаколы. Я віну прызнаў і нічога не адмаўляў. У РАУС і аўтазаку больш не білі. Па выніку ў мяне рассечаны нос, спухла рука і розныя ўдары. Забралі нас каля 13.00, а выпусцілі каля пяці гадзін. Жонцы парвалі джынсы, на назе рана да крыві, сінякі па целе ўсім і, ад таго, што звалілася жанчына на яе, баляць рэбры.

"Два чалавекі заламалі рукі, трэці пачаў душыць, я страціў прытомнасць". Як затрымлівалі гродзенцаў на Маршы адзінства 6 верасня
Дзяўчына паказвае рэчы, якія былі згубленыя пры затрыманні

Пратакол склалі, суд прызначылі. Лічу, скаргу пісаць бессэнсоўна. Яны за забойства не пачалі справу, а тут сінякі толькі.

«Я страціў прытомнасць — ачуняў у бусе на падлозе»

— 6 верасня каля 13.00 мы, чалавек 30, выйшлі з вул. Савецкіх пагранічнікаў. Мы перайшлі па вул. Гарнавых на бок, дзе кафэ «Калабкі». Нам сказалі, што ідзе калона са шклозавода. Вырашылі пайсці ёй насустрач. Мы ішлі па левым баку, дзе каля прыватнага сектара ёсць скрыжаванне. Адтуль вылецеў аўтазак і нам перагарадзіў дарогу. Адразу за аўтазакам вылецеў бус. Я ішоў у першых шэрагах. Думаю, уцякаць ужо не буду.

У першых шэрагах адны дзяўчаты чамусьці апынуліся. Мы з дзяўчатамі ўзяліся ў счэпку. І ўсе. Два АМАПаўцы мне заламалі рукі, трэці пачаў душыць. Я страціў прытомнасць — ачуняў ў бусе на падлозе. Мне яшчэ наступілі нагой на спіну. Без прытомнасці быў нядоўга — напэўна, з-за таго, што ён моцна схапіў мяне за шыю. Колькі дакладна быў без прытомнасці, не магу сказаць. Я сказаў: «Прыбяры ногі, я ўстану».

"Два чалавекі заламалі рукі, трэці пачаў душыць, я страціў прытомнасць". Як затрымлівалі гродзенцаў на Маршы адзінства 6 верасня
Андрэй Багдзевіч у час затрымання страціў прытомнасць. Фота: Алена Кавальчук

Забралі пару чалавек з нас. Потым усіх «перакінулі» ў аўтазак. Мы кружылі на кальцы філармоніі - ледзь-ледзь было відаць у акно. Пастаялі, і пачалі закідваць людзей. Напампавалі поўны аўтазак: дзе павінна было быць чатыры чалавекі, было восем.

Закінулі хлопца — у яго, хутчэй за ўсё, была паламаная рука, другая — у крыві. Твары былі разбітыя ў многіх. Было дзве дзяўчыны — адной прама ў аўтазаку стала дрэнна. Яна ўпала, але ёй ніхто не аказваў дапамогу. Мы крычалі, крычалі, ламалі, біліся: «Выклікай хуткую!». Адзін АМАПавец кідаўся і казаў: «Я не магу, я не магу, у мяне загад». Яе паднялі, на лавачку паклалі. І павезлі на Гая — але гэта доўга.

На Гая я аж здзівіўся: «вы хочаце, каб папаліць — папаліце», «хочаце папіць — папіце». Вывелі з аўтазака, міліцыянты разабралі па 1−2 чалавек па кабінетах, і апытвалі нас. Пасля апытання ім паступіла каманда адабраць ва ўсіх тэлефоны — гэта я чуў, і выпускаць не раней 16.30. Нас апыталі, спусцілі на першы паверх, у камеры не саджалі. Адпусцілі. На Гая ставіліся больш-менш паважліва.

Я потым ездзіў у БХМД: мне балела шыя, галава, ціск высокі быў. Пратакол складзены. Позва прыйдзе, будзе суд.

"Два чалавекі заламалі рукі, трэці пачаў душыць, я страціў прытомнасць". Як затрымлівалі гродзенцаў на Маршы адзінства 6 верасня
"Два чалавекі заламалі рукі, трэці пачаў душыць, я страціў прытомнасць". Як затрымлівалі гродзенцаў на Маршы адзінства 6 верасня
"Два чалавекі заламалі рукі, трэці пачаў душыць, я страціў прытомнасць". Як затрымлівалі гродзенцаў на Маршы адзінства 6 верасня

Чытайце таксама: Десятки задержаний, газ и удушения. Как протестовал Гродно 6 сентября