30 ліпеня на паркоўцы каля гіпермаркета «Карона» на вуліцы Янкі Купалы міліцыя затрымала больш за дзясятак гродзенцаў. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з дапамогай аўтамабіля. У большасці ў якасці рэчыўнага доказу канфіскавалі машыны і мабільныя тэлефоны.
Паводле паведамленняў Telegram-каналаў увечары на паркоўцы гіпермаркета павінен быў пачацца аўтапрабег, але людзі на аўтамабілях былі затрыманыя яшчэ да пачатку акцыі. Як паведамляюць сведкі, падставай для іх затрымання паслужылі белыя стужкі на аўтамабілях. Былі затрыманыя і выпадковыя мінакі.
Усіх затрыманых (больш за дзясятак чалавек) даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна.
Расказвае Ала Булак:
«На паркоўцы былі два бусы з АМАПам і супрацоўнікамі ДАІ. Яны хадзілі і выглядвалі людзей. Я ў машыне сядзела, да мяне падышлі, сказалі ехаць з імі ў РАУС. Але калі я стала абурацца, мне сталі пагражаць непадпарадкаваннем. У выніку нас з мужам даставілі ў пастарунак. Там забралі аўтамабіль і мабільныя тэлефоны. Я вельмі абураная сітуацыяй».
Артур Кшэўскі кажа, што падставай для затрымання маглі паслужыць белыя стужкі.
«Я быў у двухстах метрах ад крамы, але і мяне затрымалі. Я чуў, як супрацоўнікі міліцыі перагаворваліся, каб затрымліваць усіх, у каго белыя стужачкі. Міліцыя ведала пра аўтапрабег і ўжо рыхтавалася затрымліваць людзей і іх аўтамабілі».
Цімур Лучкін ішоў у краму па прадукты і быў затрыманы:
«Я нічога не парушаў і не паспеў дакурыць цыгарэту, як да крамы пад’ехала цэлая карэта супрацоўнікаў і мяне прынялі. І такіх як я было некалькі чалавек — яны затрымлівалі людзей, якія ішлі ў краму. Спачатку забіраюць, а потым у пастарунку прад’яўляюць».
Яўгенія чула пра аўтапрабег, які мусіў адбыцца ўвечары 30 ліпеня, але не планавала ў ім удзельнічаць.
«Я прыехала з цікаўнасці і трымалася наводдаль. Бачыла, як пад’язджалі машыны супрацоўнікаў міліцыі і таму не была з усімі. Вырашыла сядзець у машыне і працаваць. У адзін момант я вырашыла паехаць дадому, я нават не паспела выехаць з паркоўкі, як да мяне пад’ехалі на машынах і затрымалі. Быццам я перавозіла цэлы атрад баявікоў. Завезлі мяне ў пастарунак на вуліцу Гая, там склалі пратакол — забралі тэлефон і аўтамабіль. Асабістыя рэчы дазволілі забраць».
Ірыну Ленцевіч затрымалі з малалетнім дзіцём на завулку Перамогі.
«Нас спыніў супрацоўнік ДАІ, праверылі дакументы і сказалі, што ў іх няма прэтэнзій па лініі ДАІ, але ўсё роўна трэба праехаць у РАУС для разбіральніцтва. Прычыну вельмі доўга не называлі. Потым мне сказалі, што ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве каля „Кароны“. Так, я там была, але не ўдзельнічала ў мерапрыемствах. Калі нас прывезлі ў міліцыю дзіця баялася, асабліва калі прыйшла дама і сказала, што вымушана будзе звярнуцца ў органы апекі і папячыцельства. Гэта што яшчэ такое?».
Усіх затрыманых пратрымалі ў РАУС каля трох гадзін. Ім выдалі позвы, па якіх трэба з’явіцца ў пастарунак 1 жніўня ў 11:30. У гэты дзень у 12:00 у Гродна прыязджае на пікет кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Затрыманыя лічаць, што іх адмыслова выклікаюць у гэты дзень, каб яны не трапілі на сустрэчу.
У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама распавялі Hrodna.life, што ўсіх затрыманых 30 ліпеня адпусцілі. Прычыну затрымання і канфіскацыі транспарту патлумачыць пакуль не могуць.
У пачатку ліпеня 2020 года аштрафавалі жыхара Скідзеля Яўгена Клімука. Ён ездзіў па Скідзелі са сцягам «Страна для жизни». Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і склалі пратакол па арт. 23.34 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). На яго аўтамабіль, потым і на другі, наклалі арышт. Згодна з пратаколам,
Клімук з хуліганскіх меркаванняў перашкаджаў праезду аўтатранспарту.
Мужчыну змясцілі ў ізалятар на трое сутак. Яго аўтамабілі да ўступлення ў сілу пастановы суда былі арыштаваныя як рэчавыя доказы. Транспарт Яўгену Клімуку ўжо вярнулі. Яго аштрафавалі на 15 базавых велічыняў (405 рублёў).
У судзе Ленінскага раёна Гродна 29 ліпеня прайшоў адміністрацыйны працэс у дачыненні да Уладзіміра Родчанкі за ўдзел 14 ліпеня ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з дапамогай аўтамабіля. Суддзя Руслан Гурын прызнаў Уладзіміра Родчанку вінаватым у правапарушэнні і асудзіў яго на штраф 25 базавых велічыняў (675 рублёў). Суддзя вырашыў вярнуць машыну Родчанку, а два бел-чырвона-белыя сцягі, знятыя з аўто, знішчыць.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…