Падчас разгляду справы аб забойстве таксіста Андрэя Этэля вольных месцаў у залі не было. На першае пасяджанне, што адбылося 10 красавіка у Гродзенскім абласным судзе, прышлі сваякі пацярпелага, знаёмыя, калегі-таксісты, журналісты. Жорсткае забойства скалыхнула горад летась у жніўні. Па падазрэнню былі затрыманы двое хлопцаў, трохі старэйшых за 20 год. Следства вялося больш за паўгода. Зараз, цягам двух тыдняў, будзе праходзіць суд.
У ноч, што стала для таксіста апошняю, ён не вельмі хацеў ісці на працу, узгадвала жонка забітага. Маўляў, днём працаваў на пляцоўцы, дзя сям’я рыхтавалася будаваць дом, вярнуўся стомлены, вагаўся, ці не застацца дома. Да рашэння ўсё ж выйсці на працу схілі матэрыяльныя чыннікі. Праз тыдзень збіраліся ехаць на адпачынак, то Андрэй вырашыў, што грошы лішнімі не будуць.
План начнога заробку падказаў Артуру знаёмы. «Замовіў» угнаць на продаж машыну дарагой маркі і абяцаў шчодра расплацца.
Прыняўшы прапанову, Артур паклікаў Аляксандра, з каторым былі знаёмы з дзяцінства, далучыцца, бо грошай мелася хапіць і на дваіх. Артур падрыхтаваў і ўзяў з сабой пару слясарных малаткоў, вяроўкі, «радыё-глушылку» і нож. Аднак у прадуманым заранёў плане нешта пайшло не так. Машыны, за якой Артур сачыў цягам некалькіх дзён, не аказалася ноччу на месцы. Каб узяць хоць нешта, хацелі пашукаць прахожых ў цёмных завулках, але ноччу нікога сустрэць не ўдалося. Якраз у гэты час побач прыпынілася таксі, каб высадзіць пасажыраў. Вырашыўшы, што тут можна будзе разжыцца фінансамі, маладыя людзі селі ў машыну і папрасілі давезці іх да Капцёўкі.
Абодва абвінавачаных размясціліся ў машыне на заднім сядзенні. У раёне вёскі Гібулічы адзін з іх папрасіў прыпыніць машыну, каб выйсці па патрэбе. Другі, застаўшыся сам-насам з вадзіцелем, нанёс таму ўдар па галаве. Са словаў абвінавачанага, удар быў лёгкі, бо сумняваўся і «не ведаў, як ударыць». Калі ж вадзіцель пачаў супраціўляцца, і вырваўся з машыны, то даганяў і працягваў біць ужо са страху — таму, што «не бачыў іншага выйсця». Другі з абвінавачаных таксама узельнічаў ў збіцці. З яго словаў, напарнік зваў і крычаў, што адзін не спраўляецца.
Усяго таксісту нанеслі 57 удараў. Білі малаткамі, кулакамі, а потым — камянямі і нагамі. Паводле абвінавачання, сярод пашкоджанняў было як мінімум два такіх, што нават паасобку маглі быць дастатковымі прычынамі смерці.
Абвінавачаныя часам па-рознаму расказвалі аб падзеях і акалічнасцях той ночы. Але на першым паседжанні суддзя палічыў дастатковымі іх паказанняў у форме «вольнага расповяду». Удакладненне і высвятленне супярэчнасцяў будзе адбывацца на далейшых паседжаннях.
Са словаў абвінавачаных, машыну пасля збіцця таксіста яны угналі, каб толькі пакінуць месца здарэння. Увесь іх здабытак ад нападу склаў 250 тысяч (недэнамінаваных) рублёў і пару долараў. Аднак абвінавачанне лічыць скрадзеным і сам аўтамабіль, і ўсё, што было ў ім — навігатар, рацыя, відэарэгістратар… Нават парасон, партманэ і кішэнныя каляндарыкі ўвайшлі ў гэты пералік. Агулам кошт рэчаў пацягнуў на «крадзеж у асоба буйных памерах». Ацягчаючымі абставінамі сталі перадумышленая змова, разбойныя дзеянні і стан алкагольнага ап’янення абвінавачаных. Сваю віну абвінавачаныя прызнаюць часткова.
Адзін з абвінавачаных, Артур, нарадзіўся і вырас у вёсцы недалёка ад Гродна. Там ён і быў прапісаны разам з бацькамі. Хлопец халасты, у Гродне здымаў кватэру, сустракаўся з дзяўчынай. Другі, Аляксандр, пасля смерці маці патрапіў у дзіцячы дом, пасля выхоўваўся ў апякунскай сям'і. Як сірата, атрымаў кватэру. З 2015 года — жанаты. За час, пакуль хлопец знаходзіўся пад следствам, у яго нарадзіўся сын.
Жонка і дачка забітага Андрэя Этэля жывуць ў Гродне, маюць пакой у інтэрнаце. Жонка працуе бухгалтаркай, зарабляе каля 400 рублёў штомесяц. У сувязі са стратай кармільца на дачку атрымлівае пенсію. Падтрымліваюць сям’ю родныя і калегі. Аднак планы пра будаўніцтва дома сышлі разам з мужам, а ці ўдасцца атрымаць крэдыт, калі падыдзе чарга на кватэру - з такімі даходамі застаецца пад пытаннем, распавядае Марыя Этэль.
Калегаў-таксістаў з розных фірм горада на суд прыйшло больш дзесятка. Для іх трагедыя, што адбылася летась, не робіцца з часам менш вострай. Падчас перапынкаў мужчыны расказвалі, што не так і рэдка сустракаюцца кліенты, што уцякаюць не заплаціўшы ці пагражаюць вадзіцелям таксі. На такія выпадкі ў кожнага ёсць свае спосабы засцярогі - узгадвалі і навыкі рукапашнай, і пярцовыя балончыкі, і неабходнасць «чуйкі» — умення прадбачыць сітуацыю і адмаўляць сумнеўным кліентам.
Што да пакарання, то іх меркаваннем, «вышэйшая мера» - вельмі лёгкі спосаб расплаты за падобнае злачынства. «Пажыццёвае зняволенне — каб увесь час памяталі і каб плацілі тым, чыйго роднага забілі».
[irp]
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…