Валянцін родам з Мінска, але ўжо чатыры месяцы жыве і працуе ў Гродне. У новы для сябе горад ён узяў са сталіцы гiраскутар, які з прыходам вясны стаў яго асноўным відам транспарту. На ім хлопец без перашкод і таўкучкі ў тралейбусах дабіраецца на працу.
[the_ad id=”16085″]
Хапае на чатыры гадзіны
Праблем з перамяшчэннем па горадзе хлопец не мае. Каб даехаць ад кінатэатра “Кастрычнік” на Савецкую, Валянцiну трэба
каля 30 хвілін.
“Агулам я езджу на гiраскутары каля васьмі месяцаў. Для мяне гэта зручны від транспарту, лепш чым ровар – тут не трэба круціць педалі. Кіраваць можна толькі націскам нагі, галоўнае трымаць раўнавагу, – кажа Валянцiн. – Зараджаецца такі апарат ад звычайнай разеткі, як мабільны тэлефон. У маім гiраскутары поўнай зарадкі хапае на чатыры гадзіны язды”.
Хлопец кажа, што па горадзе ехаць зручна – тратуары добрыя. Перад бардзюрамі і іншымі перашкодамі ён прытармажвае або іх аб’язджае. Пад горку такі транспарт таксама едзе, проста трэба трохі нахіліцца. Недахоп – адсутнасць руля. Гіраскутары ёсць і з рулямі, яны нашмат хутчэй, але і значна даражэй.

Гiраскутар лепш за ровар
У Беларусі такі вулічны транспарт можна купіць праз інтэрнэт. Гiраскутары бываюць розныя па камплектацыі і хуткасці, можна падабраць сабе любы. Валянцін свой купляў у Маскве ў 2016 годзе за 150 долараў. Са слоў хлопца, у Беларусі такі зараз каштуе каля 200.
“Калі б мне зараз прапанавалі выбар паміж роварам і гiраскутарам, то я б абраў другі варыянт. Там не трэба круціць педалі, проста стаў і паехаў. Праблем, каб дабрацца на працу, у мяне не ўзнікае.
Сярэдняя хуткасць якую я развіваю прыблізна 10 км/г . Вядома, можна і больш разагнацца, але гэта ўжо паўплывае на раўнавагу і можна папросту ўпасці. Яшчэ мінус гiраскутара ў тым, што можа рэзка скончыцца батарэя і ён проста затармозіць, а чалавек ад нечаканасці ўпадзе. Асабіста я падаў шмат разоў.
Ёсць ужо гiраскутары, якія разганяюцца да 45 км/г, але мне здаецца, яны вельмi небяспечныя, бо я не ўяўляю, як на такіх ездзіць па горадзе і трымаць раўнавагу – гэта рэальна страшна”.

З першага разу ніхто не можа паехаць
Валянцін лічыць што гiраскутары – транспарт будучыні. У развітых краінах можна часта ўбачыць людзей, якія ў паўсядзённым жыцці карыстаюцца імі. Нават у Мінску гiраскутары пачалі набываць папулярнасць.
“Тут не трэба марнаваць грошы на бензін, гэта экалагічны від транспарту – можна падзарадзіцца электрычнасцю ў любым месцы. Пакуль гэта незвычайна – людзі пастаянна звяртаюць увагу і пытаюць, на чым гэта я еду, дзе можна купіць такі апарат і як ім кіраваць. Бывала, людзі падыходзілі і прасілі пракаціцца, я даю без праблем. Але ніхто з першага разу не можа паехаць – усе губляюць раўнавагу. Гэта як упершыню стаць на ролікі. Каб навучыцца ездзіць трэба каля двух дзён трэнiровак”.
У Гродне людзей, якія выбіраюць гiраскутар як штодзённы транспарт, няма. Але Валянцін лічыць, што гэта пытанне часу. Ён упэўнены, што ў будучыні на вуліцах горада іх будзе усё больш.



