“Нерэгулярныя” міжгароднія маршруткі з Гродна працягваюць ездзіць рэгулярна – як кажуць, “да першай канфіскацыі”. Але ці ўвесь такі транспарт сапраўды павінен быць завязаны на аўтавакзалы? Hrodna.life знайшоў тып маршрутак, для якіх уведзеныя 26 лютага змены наогул не маюць сэнсу. А таксама яшчэ раз параўнаў “небяспечных” перавозчыкаў з аўтавакзалаўскімі.
У пацыентаў забяруць транспарт да бальніцы?
Пад новыя правілы трапляюць маршруткі, якія возяць людзей з райцэнтраў у Абласную бальніцу. Яны збіраюць пасажыраў па горадзе, вязуць у бальніцу, чакаюць і пасля вяртаюцца да дому. Такі расклад цалкам задавальняе пасажыраў.

Кіроўцы гэтых маршрутак збянтэжаны больш за астатніх сваіх калег. Яны могуць згубіць працу, а пасажыры – зручны і не дарагі спосаб дабрацца да бальніцы. Вакзал нікому з іх наогул не патрэбны!
Людзям з інваліднасцю будзе горш
Сітуацыя з маршруткамі занепакоіла “Беларускае таварыства інвалідаў”. Гродзенская абласная арганізацыя напісала зварот у Мінск.
“Мы таксама лічым, што гэта будзе нязручна для ўсіх, і для інвалідаў у прыватнасці: як для вазочнікаў, так і для сляпых. Асабліва калі трэба зранку дабрацца да вакзалу – гэта складана, прасцей сесці каля дома, – кажа Васіль Лукашэвіч, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі “Беларускага таварыства інвалідаў”. – Мы адпавілі ліст у цэнтральнае ўпраўленне, каб яны таксама нас падтрымалі”.

Лукашэвічу, як кіраўніцу абласной арганізацыі, паступілі звароты ад занепакоеных людзей з інваліднасцю. Ён кажа, што калі ў Мінску ў кожным раёне ёсць сацыяльнае таксі, дык у Гродне яно адно на ўвесь горад, а пра раёны і казаць няма чаго. Таму нашмат прасцей, калі за такімі людзьмі маршрутка прыедзе пад дом, чым прымушаць іх самастойна ехаць на вакзал і з яго.
“Нерэгуляршчыкі” – таннейшыя і больш гнуткія
А што для астатніх пасажыраў, для якіх карыстанне вакзаламі магло б мець хаця б нейкі сэнс? Мы параўналі маршруткі з вакзальнымі прапановамі на двух папулярных напрамках.
Паездка з Гродна да Брэста з кампаніяй brest-grodno.by абыйдзецца ўсяго ў 12 рублёў. Праз 3,5 гадзіны вы будзеце на месцы. Кошт праезду ў маршрутках або аўтобусах ад аўтавакзала вагаецца ад 14,5 да 17,1 рублёў. У розны час выязджаюць аўтобусы з розным маршрутам: самым не выгадным будзе варыянт праз Кобрын – менавіта ён каштуе 17,1 і займае аж 4,5 гадзіны!

Дабрацца да Мінска можна таксама за 12 рублёў з прыватнікамі (ёсць некалькі фірм) і за 13,31 з аўтавакзала. Прыватныя маршруткі адпраўляюцца ў першы рэйс у 3.30, з вакзалу можна адправіцца на гадзіну пазней. З 4.30 наступныя вакзальныя рэйсы ідуць амаль адзін за адным: 5, 6, 9, але потым – перапынак ажно да 13.30. Інтэрвал руху ў прыватных кампаній – ад 30 хвілін да гадзіны.
Цэны розныя, бо аўтавакзал за свае паслугі бярэ грошы: як за права на ім спыняцца, так і працэнт з продажы квіткоў. Пасрэднік на шляху паміж перавозчыкам і пасажырам уплывае на канчатковую цану паслугі.
Працуюць без змен
Гродзенскія “нерэгуляршчыкі” пакуль працуюць без змен. Дыспетчар brest-grodno.by расказала, што фірма ўвесь час прымае замовы, цэны не змяніліся – як і раней, гэта 12 рублёў.
Гродзенскія кіроўцы кажуць, што за парушэнне правіл перавозу пакуль нікога не аштрафавалі. Штраф, дарэчы, не маленькі – ад 20 да 50 базавых (490-1225 рублёў).
Кіроўца фірмы M6 express Вячаслаў кажа: “Пакуль працуем, што будзе далей – невядома”. Пра забастоўкі, што былі ў Слуцку і Салігорску, адгукаецца крытычна:
“Забастоўка толькі тады будзе мець плён, калі яна будзе агульнай. Сёння не працуюць толькі некалькі фірм у двух гарадах. Улады падрыхтаваліся і дадалі на тыя маршруты аўтобусаў, каб не было напружанасці”.
Толькі забастоўка ва ўсіх гарадах разам магла б выклікаць паралюш транспарту і масавую незадаволенасць пасажыраў.
Вячаслаў прапануе задумацца: як усе маршруткі, калі б захацелі працаваць паводле новых правіл, размясціліся б на вакзалах? Нават пры мінімальным часе стаяння – 5 хвілін – у многіх гарадах трэба было б як мінімум дабудоўваць платформы. Але кіроўца думае, што будзе інакш: “Хутчэй проста частка перавозчыкаў апынецца “па за бартом” і згубіць бізнес”.


