Калі аўтар блога Fandom.by спантанна глядзеў у кіно «Праметэя», ён нічога не ведаў пра яго сувязь з «Чужым». Гэтыя гісторыі здаліся яму абсалютна рознымі, хай нават і адбываюцца яны ў адным свеце. Зараз, пасля прагляду «Чужы: Запавет», і крыху пакапаўшыся ў гісторыі стварэння двух апошніх фільмаў, ён разумее, наколькі быў блізкі да праўды.


Кінакампанія 20th Century Fox планавала «Праметэй» як непасрэны прыквел да першага фільма «Чужы». Для гэтага ў рэжысёрскае крэсла быў закліканы Рыдлі Скот — няшчасны стары, замучаны просьбамі фанатаў зняць новы фільм пра ксенаморфаў. Маўляў, хто, калі не ён? Стары конь баразны не псуе.

Перашапачатковы варыянт сцэнарыя быў дасканала прапрацаваны і моцна злучаў прыквел з арыгіналам 1979 года стык у стык. Але Рыдлі Скот настаяў на перапрацоўцы сцэнарыя ў той выгляд, які мы ўбачылі на экране: на жаль, у ім з’явіўся не толькі глыбокі філасофскі падтэкст, але і мноства лагічных несутыковак. Вынік атрымаўся спрэчны. Мала таго, што чужых у фільме гледачы так і не ўбачылі, так яшчэ і канцоўка зусім ніяк не суадносілася з тым, з чаго ўсё пачыналася ў 1979 годзе. З-за ўсяго гэтага «Праметэй» трапіў пад вострую крытыку, хаця ўвогуле ўяўляў сабою прыгожы і запамінальны твор.

Prometheus

У 20th Century Fox памеркавалі, што другі раз такая адсябяціна дакладна не спрацуе, але і сварыцца са Скотам, відавочна, не хацелі. Таму натуральны працяг «Праметэя» пайшоў у пракат з назвай «Чужы: Запавет». І хай бы толькі назва. Уся стужка ўяўляе сабой поле бою паміж Рыдлі Скотам і кінакампаніяй. Першы на старасці год хоча здымаць інтэлектуальнае кіно і развіваць філасофскія ідэі, паднятыя яшчэ ў «Беглым па лязе». Другія з’яўляюцца заложнікамі чаканняў шырокай аўдыторыі, якой патрэбен паўнавартасны фільм па франшызе чужых: не пра волатаў-альбіносаў, не пра кальмара, не пра ідэю Бога-творцы, а пра ксенаморфаў. Толькі вядомыя брэнды гарантуюць прыбытак, усё астатняе — рызыка.

І вось у выніку гэтага непрымірымага змагання, якое адбываецца не толькі паміж прыхільнікамі развіцця тых ці іншых ідэй, але і ў галовах кожнага з удзельнікаў, нараджаецца «Чужы: Запавет». Чаканая прэм’ера адбылася, і зараз гэта змаганне вылілася на сайты, блогі, форумы і сацсеткі, узбударажыўшы фанацкую супольнасць.

Праблемы ўспрымання

Alien-Covenant-04

Такога кардынальнага разыходжання ў водгуках я не бачыў з часоў «Абуджэння Сілы». І што самае цікавае, хваляць і лаюць фільм таксама за рознае.

Больш за ўсё, вядома, дастаецца «тупым навукоўцам», якія ходзяць без скафандраў, усюды тычуць свой нос і распускаюць рукі. Праўду кажучы, я раней таксама пільна ставіўся да цвярозага розуму і гістарычнай верагоднасці ў кіно. Абураўся, калі прымітыўныя эвокі перамагалі добра падрыхтаваных штурмавікоў на Эндары, а галоўныя героі якога-небудзь баевіка дзівам ратаваліся ад згубы. Але потым за нейкі кароткі прамежак часу я раптам быццам пасталеў і зірнуў на падобныя рэчы з другога боку. Неяк неспадзявана я стаў лепш адчуваць і разумець кіно на свядомым і падсвядомым узроўнях. Даваць аўтарам большы крэдыт даверу і прымаць рэчы такімі, якія яны ёсць. Да таго ж, я больш даведаўся пра навакольную рэчаіснасць і зразумеў, што ў рэальным жыцці бывае такое, што ніводнаму кіношніку і не снілася.

Прыкладам, у «Праметэі» гледачы лаялі галоўных персанажаў за тое, што яны ўцякалі ад касмічнага карабля ў форме абаранка па простай, а не звярнулі ў бок.

Здорава разважаць, седзячы ў крэсле і назіраючы запаволеную здымку з вышыні птушынага палёту. На жаль, у герояў такой магчымасці не было і яны рабілі самае відавочнае: аддаляліся ад месца катастрофы. Гэта мы з боку бачым, што карабель каціцца, і можам спрагназаваць яго далейшую траекторыю. Ды і тое, гэта будуць толькі здагадкі, бо ён мог бы ў любы момант заваліцца набок, разваліцца на кавалкі ці выбухнуць. Ва ўсіх гэтых выпадках, змена кірунку зрабіла б толькі горш. І ўсе разумнікі б потым крычалі: «Вось якога ліха яна віляла? Трэба было проста бегчы як мага далей!»

Ды і якая наўвогуле розніца, як яны там беглі? Цікавіць толькі факт: зваліўся карабель ці не, выжылі героі ці не — астатняе гэта пытанне відовішчнасці. Калі вам гэта сітуацыя здаецца неверагоднай, пашукайце, колькі лесарубаў штогод гіне ў адных толькі ЗША. Гэта ж проста крок у бок зрабіць трэба, калі дрэва валіцца! Ну, тупыя амерыкосы!

Пра скафандры ўжо таксама збітая тэма. У першым «Чужым» персанаж быў у скафандры, і нічым яму гэта не дапамагло, а ў «Праметэі» персанаж зняў скафандр і нічога дрэннага з ім у гэтым эпізодзе не здарылася.

Star-wars-memes

Самая пашыраная праблема ўспрымання ў тым, што мы ацэньваем падзеі зыходзячы з нашых рэалій. Мы прыйшлі на трылер і ведаем, што павінна здарыцца штосьці дрэннае. Персанажы гэтага не ведаюць. Для нас космас гэта варожая тэрыторыя. Для іх гэта, імаверна, тое ж, што і суседняя вуліца. Астранаўт тысячу разоў давяраў сістэме аналізу паветранага асяроддзя, чаму ён павінен сумнявацца цяпер? Да таго ж, калі б героі ўсё заўсёды рабілі слушна, то ніякага фільма б і не было. Ці ён быў бы іншым, але пытанні ўсё адно б нікуды не дзеліся.

Мы бачым экіпаж касмічнага карабля і адразу лічым іх элітай чалавецтва, таму што ў нашым свеце гэта сапраўды так. Але цалкам верагодна, што заркалёт у будучыні, гэта тое ж, што і аўтамабіль зараз. А капітан каланізатарскага карабля на 2000 чалавек, гэта прыкладна як кіроўца аўтобуса, а зусім не апошняя надзея зямной цывілізацыі.

Можна падысці да гэтага пытання і з псіхалагічнага пункту гледжання. Фільмы жахаў і трылеры адмыслова робяць такімі, таму што многія людзі глядзяць іх з несвядомай мэтай самасцвярджэння: «Галоўныя героі тупыя і іх забіваюць, я б так не паступіў і выжыў, а значыць, я разумней і мацней, мне нічога не пагражае». Гэта дае станоўчыя эмоцыі. Па сутнасці гэта натуральнае развіццё антычных відовішчаў. Плебс заўсёды любіў назіраць, як кагосьці раздзіраюць на часткі. Гэта казыча нервы і ў канчатковым выніку прыводзіць у эйфарыю ад уласнай бяспекі.

Што рабіць?

Alien-Covenant-03

Аблаяць любы, нават самы геніяльны фільм не цяжка. Значна складаней яго зразумець. А каб зразумець фільм, трэба задаваць правільныя пытанні. Пытанне: «Чаму яна ў прыбіральню адна пайшла?» не з’яўляецца правільным. Правільнае пытанне: «З якой мэтай рэжысёр паказаў нам гэты эпізод? Што ён хацеў гэтым сказаць?» Калі пілот разгортвае карабель з 2000 душ на борце, каб выратаваць 2−3 чалавек, гэта кажа не пра тое, што ён тупы, а пра тое, што жыцці некалькіх сваіх сяброў ён цаніць вышэй, чым тысячы незнаёмых яму жыццяў, што цалкам праўдападобна.

І я не кажу, што ў кожнага ўчынка, паказанага на экране, ёсць нейкі глыбокі сэнс ці алегорыя. Зусім не. Нехта гіне выпадкова, нехта па неасцярожнасці, нехта з-за панікі, нехта ў барацьбе. Давайце паставім правільнае пытанне: «Што аўтар хацеў паказаць нам усімі гэтымі смярцямі?» Мой адказ: чалавечую недасканаласць. Людзі са сваімі эмоцыямі і памылкамі гэта толькі фон, на якім больш ярка выступаюць сапраўдныя героі франшызы. І калі вы думаеце, што гэта ксенаморфы, то памыляецеся.

І ў арыгінальным фільме 1979 года, і ў «Праметэі» галоўнай прычынай усіх бедаў з’яўляюцца андроіды. Выдатны штучны інтэлект перавысіў сваіх стваральнікаў і нават стваральнікаў сваіх стваральнікаў. Ён валодае неверагоднай эрудыцыяй, умее перадаваць эмоцыі і тварыць, але людзі ўсё адно лічаць яго толькі абслугай. Што б ён ні рабіў, для людзей ён назаўжды застаецца чужым

Ды раскажы ўжо нарэшце пра фільм! Ісці ці не?

Alien-Covenant-02

Карціна вельмі асабістая, таму чужыя думкі ніякім чынам не дапамогуць вам сфармаваць сваё ўласнае меркаванне. Маё назіранне такое: калі чалавеку спадабаўся «Праметэй», то і «Чужы: Запавет» найхутчэй спадабаецца, бо новая лента гэта дэ-факта «Праметэй 3». «Праметэй 2» ствараецца пад рабочай назвай «Чужы: Абуджэнне», калі нічога не перайграецца.

Калі ж апошні фільм пра чужых, які вы глядзелі, быў на яшчэ на відэакасеце, то я б парэкамендаваў спачатку паглядзець «Праметэя», інакш ад культурнага шоку не ўхіліцца.

Справа ў тым, што лінейка «Праметэя» адрозніваецца ад «Чужога» яшчэ больш, чым серыя «Чужы супраць Драпежніка». Гэта ўжо зусім іншае кіно, якое па жаданні ці то кінавытворцаў, ці то гледачоў захавала некаторую атрыбутыку зыходнай франшызы.

Цёмныя калідоры з аварыйным асвятленнем змяніліся велізарнымі прасторамі ў халоднай палітры. На змену непрыстойным жартам дальнабойнікаў і ваякаў прыйшлі цытаты з Бібліі, Шэкспіра, Вагнера і іншай класікі. І тут раптам ізноў гэтыя яйкі, тварахапы… Я ўжо тры дні спрабую пераварыць гэты фільм, але ён усё ніяк не засвоіцца.

Alien-Covenant-01

З аднаго боку, здаецца, што калі б аўтары не чапляліся за мінулае і ўвесь гэты фансэрвіс, то мог бы атрымацца надзвычайны навукова-фантастычны шэдэўр, які б перасягнуў і «Прыбыццё», і «Інтэрстэлар», і ўсё астатняе. З іншага боку, можа, уся гэта халодная эстэтыка толькі і жыве за кошт змяшэння з агіднай біялогіяй чужых і ўсяго, што з імі звязана?

Ух… У мяне ўжо закіпае галава. Пакуль яна канчаткова не выбухнула, я б хацеў падзякаваць усіх акцёраў за выдатную гульню. Нават другарадныя персанажы выглядалі вельмі пераканаўча, не кажучы ўжо пра Фасбендара, які ў маіх вачах проста-такі рэабілітаваўся за «Крэда забойцы».

У фільме вельмі крутая музыка, цудоўны візуальны стыль, класныя спецэфекты. Пастаноўка пэўных сцэн — надзвычайная. Дый увогуле фільм глядзіцца на адным дыханні. Спадзяюся, што працяг усё ж будзе зняты. Асабіста я б вельмі хацеў, каб у наступным фільме персанажы дзейнічалі выключна па інструкцыі, але ўсё адно гінулі яшчэ хутчэй насуперак усім прыхільнікам цвярозага розуму.