Ці ёсць на Захадзе «закрытыя» архівы? Ці ёсць там ідэалагічны прэсінг на гістарычную навуку? Чаму ў Беларусі мы цешымся з’яўленню глянцавай «Нашай гісторыі», а ў Польшчы ўжо даўным-даўно пры кожнай газеце выходзіць свой папулярны гістарычны дадатак? Малады гісторык Ян Гардзееў адказваў на пытанні budzma.by.
Ян Гардзееў, патомны беларускі гісторык, які жыве і працягвае вучобу ў Польшчы. Яну 24 гады, з якіх 22 ён пражыў у Кракаве, пры гэтым працягвае лічыць сябе гарадзенцам і любіць дадаваць: «Гэта мой горад! А вы тут хто?..» У Горадню разам з тым прыязджае рэгулярна, каб працаваць у архівах.
Так, мой дзед і бацька — вядомыя ў сваіх колах гісторыкі (гаворка пра Івана Коўкеля і Юрыя Гардзеева — аўт.). Разам з тым ні дзед, ні бацька не змушалі, маўляў, маеш стаць гісторыкам. Мне сказалі, што я маю свабодны выбар. Пайшоў на гісторыю, бо цікавіўся ёю з дзяцінства — вось і ўсё.
Я вучуся ў Ягелонскім універсітэце ў інстытуце гісторыі. Там тры спецыялізацыі: педагогіка, антрапалогія і архівістыка. Апошнюю я палічыў найбольш практычнай для гістоыка. Архівіст — гэта дадатковая спецыялізацыя, дапамагае навучыцца працаваць у архівах, каб ведаць, дзе шукаць, як правільна карыстацца дакументамі, чытаць. Пасля трох гадоў вучобы абараніўся і атрымаў бакалаўра, у гэтым годзе планую атрымаць магістра.
У кожнай краіне ёсць з розных прычын «закрытыя» архівы, не толькі ў Беларусі. Класічны прыклад — гэта Ватыкан, дзе можна карыстацца толькі дакументамі старэйшымі за 100 гадоў. Але агулам і ў Польшчы, і на Захадзе архівы больш дасяжныя. І не толькі таму, што туды можна зайсці. Там, напрыклад, можна фатаграфаваць дакументы, а не толькі замаўляць сканы і ксераксы, як у Беларусі. Зручна ж: сфатаграфаваў і пайшоў дадому расчытваць.
Наконт архіваў службаў бяспекі не хачу хлусіць, з імі ў Польшчы я асабіста не працаваў. Разам з тым з’яўляецца маса гістарычных публікацыяў, заснаваных на гэтых архівах, таму працаваць з імі можна. Кейс з архівамі спецслужбаў - праблема постсавецкіх краінаў. У той жа Латвіі з таго, што чуў, толькі ў гэтым годзе збіраюцца адкрываць архівы КДБ. Што пра Беларусь казаць?..
Ясна, фактар ідэалогіі ў гісторыі ёсць паўсюдна. Але я не чуў пра пастаянны прэсінг ідэалогіі зверху, каб нехта загадваў пісаць у «правільным» ключы. Проста ёсць розныя навукоўцы са сваімі поглядамі, якія дыскутуюць паміж сабой. У Беларусі цалкам іншая сітуацыя: ёсць праўладная постсавецкая плыня, ёсць заходнерусісцкая, ёсць нацыянальная… Пры гэтым калі ты бярэш «нязручную» паводле ідэалогіі тэму для працы (напрыклад, войны ВКЛ з Масковіяй) — не факт, што з ёй абаронішся. Для Польшчы гэта нонсэнс.
Ёсць, вядома, гісторыя з Бурым [Былы камандзір АК, які забіваў мірнае беларускае насельніцтва. На той момант АК ужо была расфармаванай — рэд.], якога пракуратура спачатку прызнала злачынцам, пасля — апраўдала. Кіруючая партыя ў Польшчы юрыдычна не мае ўплыву на такія рашэнні, але застаецца фактар кан’юнктуры. То бок прэсінг не ідэалагічны, але фінансавы. Напрыклад, ці падтрымаюць вашы даследаванні альбо інстытут?.. Інстытут нацыянальнай памяці (IPN), які робіць безліч праектаў, як у плане навукі, так і ў плане папулярызацыі (коміксы, календары і г. д.) таксама зацікаўлены ў фінансаванні - так ёсць.
Калі ты атрымаў спецыяльнасць гісторыка — гэта не значыць, што пойдзеш абавязкова выкладчыкам у школу ці ВНУ. Шмат людзей працуюць у вялікіх фірмах, карпарацыях, менеджменце. Агульнаеўрапейская тэндэнцыя: гісторыкі ідуць у палітыку ды спецслужбы. Мне здаецца, што стаўленне да інтэлігенцыі ў Польшчы лепшае, статус больш высокі. Там не пачуеш, як у Беларусі, грэбліва-паблажлівага: «А, нейкі там настаўнік…»
Рэгулярна заходжу ў кнігарні Кракава, калі бываю тут — то і ў Горадні. У Польшчы адназначна большы аб’ём гістарычнай літаратуры. Непараўнальна большы. Можна казаць пра іншы ўзровень падтрымкі, розную колькасць насельніцтва… але гаворка таксама і пра якасць! І тут я кажу не толькі пра манаграфіі, але і пра папулярныя выданні.
У Польшчы папулярныя гістарычныя часопісы выдае ў якасці дадатку кожная больш-менш сур’ёзная газета. Ёсць канкурэнцыя, выбар, праваскіраваныя і леваскіраваныя ў плане поглядаў… У Беларусі ж зусім нядаўна з’явілася «Наша гісторыя» — пакуль адзіны аналаг. Маем, што маем.
Разам з тым у шапіках Беларусі можна ўбачыць безліч замежных, то бок расійскіх, гістарычных часопісаў. Дастаткова глянуць на вокладку, каб зразумець узровень: Сталін, НЛА, з кім спала Кацярына ІІ… Усё ясна. І для мяне гэта балючае пытанне. Прадукт атрымліваецца і чужы ментальна, і неякасны. Што ў чалавека ў галаве застанецца? Добра, каб у Беларусі хаця б на дзяржаўным узроўні нейкія аналагі выдавалі, каб збалансаваць рынак.
Памятаю, бацька чытаў «Спадчыну», «Беларускі гістарычны часопіс». Але яны зніклі! Можа, фінансавання не было альбо добрага маркетынгу. Такая вось галеча ў плане папулярнай гісторыі - гэта бяда. Людзі будуць чытаць чужое, памяць будзе чужая выбудоўвацца. Маўляў, «мы ваявалі з ВКЛ, якое было нашай дзяржавай…» — абсурд. Гэта ж тое самае, каб у нас прадаваліся часопісы, якія распісваюць падзеі часоў Вітаўта з пункту гледжання Тэўтонскага ордэна, які нас «вызваляў» ад прыгнёту балтаў-паганцаў.
Іншая рэч, што на двары ўжо ХХІ ст., і папяровы часопіс — далёка не самы модны трэнд. З гэтым мы ўжо моцна спазніліся. Цяпер час сацсетак, ролікаў на Youtube ды мемаў. Я таксама гэтым займаюся: больш за 5 гадоў рабіў гістарычныя допісы на масавай гарадзенскай платформе ў «Вконтакте». Зараз працягваю тое самае ў адной папулярнай агульнабеларускай суполцы. Часу ў мяне ўсё меней, але такую працу я лічу добрай інвестыцыяй у беларускасць.
Увогуле, нельга супрацьпастаўляць папулярную гісторыю і акадэмічную. Адно не мае перашкаджаць іншаму, наадварот — спрыяць. Гісторыя як навука мае ісці сваім шляхам сур’ёзных даследаванняў. Папулярная плыня мае на яе абапірацца, чэрпаць веды ды пераказваць факты звычайным людзям на простай мове.
Спрашчэнне ў дадзеным выпадку — не прыніжэнне. Аўтамеханік не абавязаны ведаць тэрміны ці ўмець чытаць летапісы на мёртвых мовах, а вось ведаць сваю гісторыю павінен. Роўна як і гісторык не мае быць карыфеем у аўтамеханіцы, але ж павінен ездзіць на аўто з тэхаглядам, правільна?
Не думаю, што беларусы — нейкая агістарычная нацыя, якая адмаўляе і забываецца на мінулае. Іншая рэч, што ў Польшчы сама гістарычная памяць больш сістэмная і развітая. Яна развівалася паралельна нацыятворчым працэсам, якія ў нас замарудзіліся. Скажам, у міжваенны час беларусы не мелі сваёй дзяржавы, як палякі ці латышы. Значыць, не вырасла пакаленне, якое ведала: «Мая краіна, мае межы, мая гісторыя».
Уявіце, якая каша была ў галовах беларусаў у ХХ стагоддзі: у школу хадзілі да 1939-га пры Польшчы ці ў БССР, пасля немцы, пасля зноў Саюз, пасля незалежнасць, пасля зноўку згортванне нацыянальнага дыскурсу… У галовах пасля такія кульбіты нараджаюцца, што цяжка ўявіць. А калі патлумачыш — нехта пачуе, а нехта не паверыць, бо яму ўжо столькі разоў за жыццё давалі розную інфармацыю, што чалавек заблытаўся.
Ці збіраюся я вяртацца? Ёсць план больш рамантычны, ёсць — больш прагматычны. Згодна з апошнім, для беларускай навукі магу зрабіць цяпер больш у Польшчы, чым тут. І гэта не мая думка, мне кажуць: «Пачакай трохі…» Рэч жа нават не ў эканоміцы, а ў стаўленні дзяржавы да роднай гісторыі, да нацыятворчых працэсаў. Калі ў Польшчы скажаш: «Niech żyje Polska!» — табе дзяржава папляскае ў далоні. У Францыі: «Vive la France!» — тое самае. А ў Беларусі гукнеш: «Жыве Беларусь» — рэакцыя можа быць як мінімум дваякай…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…