Гродзенскія выратавальнікі ТВВОД выклалі ў сетку відэа выратавання сабакі, які плыў на крызе па Нёмане. Hrodna.life звязаўся з героямі і даведаўся, як праходзіла аперацыя і чаму яны ўзяліся за гэта.

Сабакі па Нёмане плаваюць вельмі рэдка, а на крызе — ратавальнікі наогул не ўзгадваюць выпадкаў. Ведучы вахтавае назіранне 29 студзеня, супрацоўнікі ТВВОД заўважылі за чыгуначным мостам жывёлу, якая плыла на крызе і не магла патрапіць на бераг.

«На крыгах у асноўным плаваюць толькі вароны. Застацца абыякавым да таго, што сабака апынуўся ў бязвыхаднай сітуацыі, мы не маглі. Сабака кідаўся на крызе ад краю да краю і мы пачалі дзейнічаць», — распавядае вадалаз Кірыл Паграбняк.

Вахтавы, які заўважыў сабаку на крызе, паведаміў пра гэта вадалазам, у якіх якраз былі штодзённыя заняткі на Нёмане. На лодцы мужчыны паплылі да жывёлы.

«Разам з калегам Віктарам Петушком на лодцы мы падплылі да края крыгі. Як толькі мы былі побач, сабака ўжо сам падпоўз да нас на рукі. Аперацыя заняла каля 15 хвілін. Зараз выратаваная жывёла з намі, мы яе пакармілі. Відаць, што сабака хатні, але пакуль уладальнікі не аб’явіліся, мы яе (гэта сука) назвалі Матроскіна», — дадаў Кірыл.

"Пакінуць у бядзе не маглі". Ратавальнікі расказалі, як здымалі з крыгі сабаку
Кірыл Паграбняк назірае за сітуацыяй на Нёмане
Ратавальнікі гатовыя перадаць уладальнікам жывёлу. Калі гаспадары не знойдуцца, сабаку, магчыма, пакінуць на станцыі - Матроскіна ўжо з усімі пасябравала.
"Пакінуць у бядзе не маглі". Ратавальнікі расказалі, як здымалі з крыгі сабаку
Матроскіна ўжо заступіла на вахту
Апісанне жывёлы: сука, карычневай афарбоўкі, мае белы аброжак. Уладальнікам звяртацца на цэнтральную выратавальную станцыю ТВВОД на вуліцы Маставая, 56. Тэлефон: 8 0152 72-36-49

"Пакінуць у бядзе не маглі". Ратавальнікі расказалі, як здымалі з крыгі сабаку

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life