Чаму другі варыянт «дармаедскага» дэкрэта, як і першы, незаконны і неэфектыўны, разбіраемся разам з экспертамі.
Дэкрэт № 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства прывёў толькі да аднаго выніку — аб’яднаў жыхароў вялікіх і маленькіх гарадоў, якія выйшлі ў 2017 годзе на вулічныя пратэсты. Яшчэ ён паказаў, што грамадзяне не рвуцца выконваць любы капрыз улады, бо сотні тысяч атрымаўшых лісты «шчасця» проста праігнаравалі патрабаванне ўрада і прэзідэнта плаціць у казну «дармаедскі» падатак.
Улада не стала прызнаваць, што дэкрэт неэфектыўны, а зрабіла людзям ласку, «аптымізаваўшы» яго і ператварыўшы ў дэкрэт № 1 аб садзейнічанні занятасці. Зараз з незанятых, на думку чыноўнікаў, у эканоміцы будуць браць поўны кошт некаторых камунальных паслуг, а адмыслова створаныя камісіі - прапаноўваць ім працу.
[the_ad id="112 956"]
— Калісьці ў савецкай Канстытуцыі было напісана, што кожны савецкі чалавек абавязаны працаваць. У сучаснай беларускай Канстытуцыі і ў падпісаных краінай міжнародных пагадненнях прадугледжваецца менавіта права на працу. А прымусовая праца забараняецца, за выключэннем працы па прыгаворы суда, — тлумачыць юрыст Сяргей Балыкін.
Базы незанятых у эканоміцы складаліся без згоды саміх грамадзян, без пастановы судоў або санкцый пракурораў. У іх знаходзіцца шмат асабістай інфармацыі пра жыхароў краіны. Гэта супярэчыць заканадаўству аб персанальных дадзеных.
З’яўленне падобнага дэкрэта — псіхалагічная і гістарычная праблема для краіны, адзначае кіраўнік праекта «Кошта урада» Уладзімір Кавалкін.
— Гэты праект не павінен быў нарадзіцца наогул. Але ён з’явіўся, дзякуючы гістарычнай памяці, у тым ліку савецкай. Гэта ў часы Андропаўшчыны і позняга Савецкага Саюза людзей спрабавалі прымушаць працаваць падобнымі мерамі. Мы ведаем, чым тады ўсё скончылася, — кажа эканаміст.
Ці плацяць падаткі «дармаеды»?
Калі ўлады кажуць, што «дармаеды» не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, яны скажаюць рэальнасць. Удзельнічаюць усе, як мінімум, за кошт ускосных падаткаў. Любая камерцыйная структура плаціць дзяржаве 20% (калі не мае льгот) ад кожнага прададзенага тавару ці паслугі і ўключае гэты падатак у цану для спажыўцоў. Гэта значыць, купляючы прадукт у кампаніі, якая плаціць падаткі ў Беларусі, чалавек ускосна плаціць у бюджэт. Дарэчы, падатак на даданую вартасць складае прыкладна траціну ўсіх падатковых паступленняў. Па дадзеных праекта «Кошта урада», у мінулым годзе кожны грамадзянін уносіў у бюджэт больш за 100 рублёў у месяц у выглядзе ўскосных падаткаў.
[the_ad id="82 761"]
Затраты на працу «дармаедскіх» камісій у шмат разоў перавысяць эканамічны эфект ад усіх мер, што прымаюцца па выяўленні незанятых у эканоміцы, спроб іх працаўладкаваць, а таксама ад грашовых паступленняў за аплату жыллёва-камунальных паслуг.
— Гэты палітычны праект, не пралічаны ні з эканамічнага, ні з сацыяльнага складніка, будзе абсалютна стратным, — прагназуе Уладзімір Кавалкін.
Супраць логікі «сацыяльнай дзяржавы»
Да гэтага часу не вельмі зразумела, на каго менавіта накіраваны дэкрэт. Калі ўлады ўпэўнены, што ўзровень шэрай эканомікі ў краіне настолькі вялікі, то варта было б прымаць меры, якія стымулявалі б людзей выходзіць з ценю. Больш эфектыўным было б прадастаўленне падатковых ільгот альбо вакацый, якія сталі б падмогай для тых, хто займаецца, напрыклад, прадпрымальніцкай дзейнасцю. А падатак на «дармаедства» або павышаныя тарыфы за камунальныя паслугі - гэта не тая мера, якая вымусіць людзей легалізаваць сваю дзейнасць, перакананая навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.
Кожны месяц за камунальныя паслугі так званыя дармаеды будуць плаціць прыкладна на 20−30 рублёў больш, чым астатнія грамадзяне.
Працуючым нелегальна акурат будзе прасцей заплаціць крыху больш за ЖКП, таму што ў іх, у адрозненне ад беспрацоўных, ёсць на гэта грошы.
[the_ad id="82 763"]
Пакуль жа асноўны ўдар прыйшоўся на тых людзей, якія з-за адсутнасці занятасці апынуліся альбо практычна на мяжы беднасці, альбо за яе рысай. Многія з іх хацелі б знайсці працу, але не маюць такой магчымасці. Нярэдкія выпадкі, калі жыхар рэгіёну ці сельскай мясцовасці не можа знайсці працу, згодную з яго ўменнямі, з-за закрыцця адзінага горадабудаўнічага прадпрыемства, мізэрных заробкаў і проста адсутнасці адпаведных вакансій.
Куды імкнуцца беларускія медыкі. І што іх чакае за мяжой?
— Праблема тут, хутчэй, у тым, што дзяржава не стварае магчымасці працаўладкавацца. Бо калі кваліфікацыя работнікаў не адпавядае той, што патрабуецца на рынку працы, трэба дапамагаць гэтым людзям перанавучацца, а не ўскладаць на іх дадатковы падатак у выглядзе поўнай аплаты камунальных паслуг, — тлумачыць Марыя Акулава.
Што тычыцца людзей з алкагольнай або іншай залежнасцю, якія не маюць ні кваліфікацыі, ні дастатковай для працы дысцыпліны, то часцей за ўсё працадаўцу такія працаўнікі не патрэбныя, дапаўняе Сяргей Балыкін.
Браць з іх дадатковыя зборы — гэта практычна падштурхоўваць іх да крыміналу.
Тыя ж, хто ў стане і хоча працаваць, і без стымулаў з боку дзяржавы шукаюць і знаходзяць працу — хтосьці ў сваім горадзе ці за сто кіламетраў у сталіцы, а хтосьці з’язджае на заробкі ў Расію ці Польшчу, адзначаюць эксперты.
— Мы не можам казаць, што людзі не хочуць працаваць, а сядзяць і чакаюць, што ўрад прынясе ім грошы. Людзі актыўна шукаюць працу, проста не могуць знайсці яе ў краіне, — кажа Уладзімір Кавалкін.
Калі б улады надалі больш увагі таму, як дапамагчы народу перажыць перыяд трансфармацый у эканоміцы, то людзі без якога-
небудзь на іх ціску самі вырашылі б пытанне з занятасцю, лічаць эксперты.
— Многія доўгі час займаліся адной справай, якая страціла сваю актуальнасць. Каб уладкавацца на працу, гэтым людзям трэба будзе асвоіць новыя навыкі. Дзяржава магла б не патрабаваць з іх дадатковага ўкладу ў эканоміку прама сёння, а падтрымаць так,
каб гэтыя людзі змаглі пачаць працаваць і падтрымаць эканоміку заўтра, — падкрэслівае Марыя Акулава.
Такі падыход паспрыяў бы таму, што людзі, якім не ўдаецца рэалізаваць сябе па сваёй спецыяльнасці, змаглі б набыць дадатковую прафесію і павысіць свае шанцы на рынку працы.
Для глабальнага змянення сітуацыі ўраду варта было б заняцца стварэннем такіх умоў у эканоміцы, пры якіх з’явяцца новыя працоўныя месцы, арганізаваць такі бізнес-клімат, пры якім у краіну пойдуць інвестыцыі, перакананы Уладзімір Кавалкін. Гэта значыць працаваць над структурнымі рэформамі, перакваліфікацыяй работнікаў і адэкватнымі дапамогамі па беспрацоўі.