Ён паклаў пачатак сучаснаму мастацтву, бо проста прыгожыя карціны перасталі цікавіць. Ён быў неверагодна працавітым і за дзень мог намаляваць больш за 20 карцін. Першым словам, што сказаў будучы мастак было – “lápiz” (аловак), а першымі малюнкамі – лапкі галубоў. Пра творчасць і жыццё знакамітага мастака і стваральніка аднаго з “-ізмаў” – кубізму, распавяла мастачка Вікторыя Ільіна 13 верасня, на першай сустрэчы лекторыя “-арты ды –ізмы сучаснага мастацтва”. Мяркуецца, што надалей мастацкі “лікбез” будзе праходзіць ў Цэнтры гарадскога жыцця штосераду.

1.Роля кубіка
Кажуць, што першым жыццезмяняльным кубам у жыці Пабла стала вялікая скрынка, якую бацькі будучага мастака выкарысталі ў якасці хадункоў для малога. Трымаючыся за яго, ён рабіў свае першыя крокі. Вось так і дайшоў пасля да кубізму.
2. Хто вынайшаў кубізм
Слова “кубізм” прыдумалі не аўтары новага накірунку, а мастак Анры Маціс. Пабачыўшы ў 1908 годзе пейзаж “Дамы́ ў Эстаке” сябры Пікаса, Жоржа Брака, Маціс усклікнуў: “Што за кубікі!” Так з лёгкай рукі майстра і сталі называць новы жывапіс кубізмам. Характэрныя рысы кубізму – выкарыстанне падкрэслена геаметрызаваных умоўных формаў ды імкненне “раздрабіць” рэальныя аб’екты на стэрэаметрычныя прымітывы.

3.Галубіныя лапкі
Бацька Пікаса быў салонным мастаком і маляваў “прыгажосць на замову”. Асноўнымі герроямі выяваў былі кветачкі і галубкі. Малому Пабла бацька дазваляў дамалёўваць птушкам лапкі.
4. Маляванне замест разлікаў
Пікаса не меў здольнасцяў да матэматыкі, зато ўмеў маляваць ў люстэркавым адлюстраванні. Расказваюць, гэта дапамагло яму на экзамене. Настаўнік, што хацеў дапамагчы яму не праваліцца, сеў насупраць і пісаў рашэнні ў сваім сшытку. Пікаса “змалёўваў” адказы, якія бачыў дагары нагамі. Пазней гэтай здольнасцю мастак забаўляў сяброў у кавярнях.

5. Блакітны і ружовы
Блакітны берэт і блакітны перыяд Пікаса – гэта не пра паветраны дэсант. Так называюць перыяд творчасці мастака, калі ён маляваў сумных цыркачоў і акрабатаў на Манмартры. Любімая колеравая гама таго часу – блакітна-шэрая. Да слова сказаць, быў у жыцці мастака і ружовы перыяд. Скончыўся увесь гэты “гламур” у 1906 годзе – мастаку захацелася чаго-небудзь больш сучаснага.

6. Філасофскі бардэль
Мяркуюць, што сюжэт “Авіньёнскіх дзявіц”, з якога пачалася новая плынь жывапісу, навеяны бардэлем барселонскага Гатычнага кварталу з вуліцы Каррэр д’Авіньо. Першапачаткова карціна мела назву “Філасофскі бардэль”. На палатне – пяць аголеных жанчын, напісаных у рознай манеры.

Твары двух нагадваюць афрыканскія маскі. Тая, што справа ўверсе – адхіляе рукою заслону. Жартуюць, што яна адкрывае шлях новаму мастацтву.

7. Глядач у ролі су-творцы
Новае бачанне мастацтва ад Пікаса не прапаноўвала гатовых рашэнняў і традыцыйнага ўспрыняцця прыгожага. На яго карцінах з’явіліся нібы асклепкі прадметаў, што аселі на холст пасля выбуху. Ад гледача такія выявы патрабуюць “сустрэчнай творчай працы” – умення сабраць з кавалкаў цэлае і самастойна пашукаць сэнс ды эстэтыку.

8. Вавёрка-выгнанніца
Часам на халстах кубістаў можна ўбачыць тое, што майстры і не збіраліся маляваць. Аднойчы, назіраючы, як працуе Жорж Брак, Пікаса паказаў сябру, што на халсце з’вілася вавёрка. Каб яе “выгнаць” Браку давялося прыкласці нямала намаганняў. Жартуюць, што “выгнанніцу” злавіў сам Пікаса і пазней выкарыстоўваў гэты эфект ва ўласных творах.
9. Моль як муза
Аднаго разу мастак знайшоў натхненне ў тым, што яго паліто амаль цалкам з’ела моль. Пакуль жонка у роспачы пазірала на паўпразрыстыя астаткі воўны, праз якія свяцілася падкладка, мастак захапляўся дасканаласцю формы былога адзення. У выглядзе абгрызенага шкілета паліто яму спадабалася значна больш.
10. Востры на аловак і на слова
Час ад часу Пікаса расплочваўся ў кавярнях аўтографам, пакінутым на сурвэтцы. Калі ж аднойчы гаспадар установы папрасіў яго намаляваць побач што-небудзь яшчэ, знакаміты мастак адказаў: “Я хачу проста заплаціць за абед, а не купляць цэлы рэстаран.”

Вікторыя Ільіна – мастачка, нарадзілася і жыве ў Гродне. Скончыла мастацкае вучылішча імя Глебава і Беларусккую Акадэмію мастацтваў, член Саюза мастакоў Беларусі. Выкладае ў дзіцячай мастацкай школе.



