Гродзенец, які жыве ў Злучаных Штатах выратаваў амаль знішчаную ўраганам легендарную савецкую яхту, узняў на ёй беларускі сцяг і спрабуе удыхнуць у яе другое жыццё, піша Уладзімір Сіверын, AIF.BY.
У 1989 годзе ў ангельскім Саўтгемптане дадзены старт кругасветнай рэгаце на ветразных яхтах «Whitbread». Сярод 23 удзельнікаў савецкая гоначная акіянская яхта-дэбютант пад назвай «Фазісі». Яе выхад многія палічылі вар’яцтвам, прадракалі бясслаўе. Савецкія канструктары, якія стваралі мадэль, нават не бачылі заходніх аналагаў, цалкам кіруючыся ўласным уяўленням. Канструявалі ў Ленінградзе, будавалі на суднаверфі ў грузінскім Поці, дастаўлялі ў Англію на самалёце.
Камандаванне яхтай прыняў на сябе вядомы амерыканскі яхтсмен Скіп Новак. У выніку «Фазісі» прыйшла да фінішу 11-й, зрабіўшы сапраўдны спартыўны подзвіг.
Тая кругасветная рэгата так і засталася адзінай у гісторыі не толькі савецкага яхцінгу, але і дзяржаў, якія ўтварыліся пасля распаду СССР. Пра «Фазісі» амаль забыліся аж да канца 2017 года, калі пра яхту зноў загаварылі. Дакладней, загаварыў адзін чалавек — гродзенец Юрый Раўлушка, які эміграваў два дзесяткі гадоў таму ў ЗША. Ён нарадзіўся ў Мурманску, але затым апынуўся ў Беларусі. Вучыўся на вячэрнім аддзяленні Гродзенскага дзяржуніверсітэта, захапляўся боксам. Трэніраваўся і працаваў у СК «Буравеснік», стаў захапляцца парусным спортам.
«Арганізаваў каля вёскі Азёры яхт-клуб „Капітан“. З аднадумцамі пераабсталявалі пад яго вяслярную базу. Дванаццаць гадоў быў яго дырэктарам. Клуб і цяпер „на плаву“, хіба што змяніў назву. Ну, а я пераехаў жыць у Амерыку. Ажыццяўляю наземныя перавозкі. Амерыку аб’ездзіў уздоўж і ўпоперак. Адначасна займаюся яхцінгам. Да гэтага часу ўдзельнічаю ў розных рэгатах», — расказвае Юрый.
З «Фазісі» шлях Юрыя скрыжаваўся ў 2013 годзе. Яе ўладальнікам была асацыяцыя польскіх яхтсменаў Паўночнай Амерыкі і Канады. Юрыя запрасілі на яхту на пасаду памочніка капітана. Разам з іншымі ён рамантаваў і рыхтаваў яхту, затым прайшоў на ёй больш за тысячу марскіх міль (амаль 2 тысячы кіламетраў).
— У 2015 годзе на «Фазісі» у раёне Бярмудскага трыкутніка мы трапілі ў шторм, — успамінае Юрый Раўлушка. — Праз 8 гадзін барацьбы апынуліся ў эпіцэнтры ўрагану. Выжылі цудам, але яхта была сур’ёзна пашкоджана.
Праз некалькі гадзін пасля падачы сігналу SOS нас заўважылі з самалёта берагавой аховы ЗША і даслалі выратавальны верталёт. Для эвакуацыі прапанавалі адплыць ад яхты на сотню метраў у бушуючы акіян, пакінуўшы «Фазісі». Параіўшыся паміж сабой, наша каманда прыняла рашэнне не кідаць яхту і пачаць дрэйф. Як аказалася пасля, рашэнне выбралі дакладнае. Праз суткі непадалёк праходзіў сухагруз. Мы звязаліся з яго камандай, маракі падзяліліся з намі ежай і вадой.
Яхта выдатна вытрымала чарговае суровае выпрабаванне. Як і ў 1989 годзе, дайшла да берага, дзе мы зрабілі рамонт і затым вярнуліся ў Нью-Ёрк.
— З цягам часу я пераехаў у Чыкага, а «Фазісі» працягвала баразніць акіян, пакуль восенню 2017 года яе не накрыў чарговы ўраган «Ірма», — працягвае аповяд Юрый Раўлушка. — Стыхія знішчыла і пашкодзіла 2500 яхт і судоў.
У якасці прадстаўніка PYANA я неадкладна вылецеў на Кей-Уэст. Пабітая «Фазісі» ляжала на баржы. Кідаліся ў вочы меткі марадзёраў. Але, нават нягледзячы на гэта, для мяне яна была па-ранейшаму элегантнай, грацыёзнай і фактычна роднай. І неяк сама сабой прыйшла думка, што я проста не маю маральнага права даць ёй сысці ў забыццё. Бо гэта легенда сусветнай велічыні, якая заслужыла права застацца жывой! Таму прыняў рашэнне, што б там ні стала выратаваць яхту.
Разважаючы пра далейшы лёс «Фазісі», Юрый Раўлушка падкрэсліў, што гісторыя наканавала яхце хадзіць пад расійскім сцягам. Таму выказаў гатоўнасць перадаць яе пры зацікаўленасці з боку правапераемніцы СССР. Ну, а пакуль падняў на яхце сцяг Рэспублікі Беларусь. Разважыў, што раней яна мела адносіны да Расіі, затым Польшчы, а цяпер належыць яму — чалавеку, які стаў яхтсменам ў Беларусі.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…