Менш за суткі правёў бадзяжны сабака ў адлоўнiку САГа, перад тым як яго ўсыпілі. Супрацоўнікі патлумачылі свой учынак неабходнасцю: з жывёлай справіцца яны немаглі.
Аднаго з сабак дзікай зграі, якая тэрарызуе ўскраіну горада, удалося злавіць пенсіянеру Івану Каленіку, якому бадзяжныя жывёлы задушылі коз. Здзічэлага сабаку гродзенец перадаў супрацоўнікам САГу, тыя ж паабяцалі завезці жывёлу ў адлоўнiк і пасадзіць у вальер. Абяцанне супрацоўнікі выканалі. Але, як высветлілася, жывёла паводзіла сябе ў вальеры вельмі агрэсіўна і справіцца з ёй не маглі нават некалькі супрацоўнікаў.
Немагчыма было падысці
«Сабака ноч правёў у вальеры. Раніцай калі прыйшоў ветэрытар, было прынята рашэнне жывёлiну ўсыпіць, бо яна была вельмі агрэсіўнай, – расказвае майстар ўчастка САГу па ўтрыманні і адлове безнаглядных жывёл Алег Алешка. – Да сабакі ў вальеры было немагчыма падысці і абслужыць, толькі з дапамогай рэлаксантаў жывёліну ўдалося супакоіць. Я думаю, сабака проста здзічэў у такіх умовах, у якіх ён знаходзіўся, хоць сам выглядаў нядрэнна.
Што да іншых бадзяжных сабак, то будзем іх адлоўліваць. Нашы магчымасці вельмі абмежаваныя: петлі, cачкі. Адстрэл безнаглядных жывёл у нас забаронены, і магчымы толькі ў крайніх выпадках».
“Бессэнсоўныя смерці будуць паўтарацца”
Валанцёры, якія ў Гродне выступаюць у абарону безнаглядных жывёл, занепакоеныя гэтым выпадкам і не хочуць, каб у будучыні тое ж адбылося і з іншымі жывёламі, якія трапяць у адлоўнiк САГу.
“У дадзеным выпадку незразумелыя дзеянні супрацоўнікаў САГу. У выпадку, калі сабака выяўляла агрэсію і ўкусіла чалавека – сабаку неабходна было ізаляваць і вытрымаць каранцін у 10 сутак, каб высветліць ці хворая яна на шаленства, – распавядае старшыня гродзенскага грамадскага аб’яднання абароны жывёл «След жыцця» Дар’я Рашэтнікава. – Бессэнсоўныя смерці жывёл у нас будуць паўтарацца зноў і зноў, пакуль мы не пачнем змагацца з прычынай узнікнення такіх сітуацый – адсутнасцю чыпіравання і пакарання за выкіданне жывёлы”.














