Януш Радзівіл — адна з тых постацей, якую розныя народы былой Рэчы Паспалітай ацэньваюць па-рознаму. Для палякаў ён — здрайца, для літоўцаў і беларусаў - хутчэй патрыёт. Ён смела вырашыў скарыстаць гістарычны момант, каб абараніць Айчыну нечаканым для многіх чынам — здрадзіўшы Польшчы і пайшоўшы на саюз са шведамі.
А што, калі б гэты крок спрацаваў? Што, калі б ВКЛ сапраўды выйшла з Рэчы Паспалітай і звязалася вуніяй са Швецыяй? Мы б сёння жылі ў багатай пратэстанцкай краіне, а замест БДУ марай абітурыентаў быў бы Стакгольмскі ўніверсітэт? Разважаем аб няспраўджаных магчымасцях гісторыі разам з еўрапейскім беларускім выдавецтвам Gutenberg Publishers.
А што, калі б Януш Радзівіл не памёр раптоўна?
За вокнамі ўжо займаўся шэры світанак 31 снежня 1655 года, а вялікі гетман Януш Радзівіл так і не заснуў. Фізічна князь адчуваў сябе нядрэнна, аднак псіхічна знаходзіўся ў стане глыбокай дэпрэсіі. Ён, які некалькі гадоў таму выратаваў Рэч Паспалітую ад казакоў і быў самым знакамітым і, магчыма, самым магутным у краіне чалавекам, зараз хаваўся пасярод падляскіх багнаў у Тыкоцінскім замку і не ведаў, што яму прынясе новы, 1656 год.
Трэба было вырашаць масу справаў, неяк арганізоўваць абарону ад атрадаў канфедэратаў і маскоўскага войска, кантактаваць са шведамі, якія загразлі ў Польшчы, але гетману не хацелася. Усё марна, ён кінуў усе карты на стол, заключыўшы ўнію са Шведамі. Ідэя была нядрэнная, можна было вырваць Вялікае Княства з татальнай залежнасці ад Кароны Польскай, але тут навалілася ўсё адразу — і маскавіты, і казакі, і прусакі…
Замак у Тыкоціне. Яго адбудавалі з нуля ў 2002−2005 гадах. Фота: Konarski, commons.wikimedia.org
Эх, а чаму яму не нясуць падагрэтага віна, якое ён загадаў яму падаць з паўгадзіны таму? Гарачае чырвонае віно добра разварушвала мазгі, разганяла кроў і прымушала рухацца. Раптам за дзвярыма пачуўся грукат і, не пастукаўшыся, у пакой уляцеў начальнік аховы Стальбоўскі.
«Княжа, — Стальбоўскі выглядаў вельмі знерваваным, — пахолак Грыневіч пакаштаваў вашага віна, выпадкова пакаштаваў, і амаль адразу скурчыўся, чорнымі плямамі пайшоў, памірае…»
Януш Радзівіл нічога не прамовіў. Ён моўчкі глядзеў на Стальбоўскага і той бачыў, фізічна адчуваў, як у вачах князя разгараецца агонь. Стальбоўскі даўно не бачыў гэтага агню ў вачах галоўнага Радзівіла, але добра ведаў, што гэта прадвяшчае. Ён бачыў яго пад Лоевам, калі катавалі палонных казакоў, пасадзіўшы іх на калы і пусціўшы на плытах у Кіеў, бачыў, калі Януш Радзівіл вёў у бой супраць маскавітаў і калі падпісваў унію са Швецыяй.
«Падлы нікчэмныя, атруціць мяне захацелі, мяне — князя, гетмана! Выкінем іх назаўжды з Вялікага Княства», — сказаў Радзівіл быццам для сябе. Потым ён устаў і сказаў гучна: «На дзясятую гадзіну раніцы пакліч усіх да мяне, будзе савет… Атрутніка адшукаць, катаваць яго так, каб расказаў усё, скуру яго каралю Яну Казіміру адправім, каб ведаў, як цягацца з Радзівіламі».
Гістарычныя факты: Януш Радзівіл памёр у Тыкоціне
Ворагаў у Радзівіла хапала, перадусім гэта быў кароль Ян Казімір і прадстаўнікі Польшчы. Раней, восенню 1655, князь і яго прыхільнікі (больш за 1000 прадстаўнікоў літоўскай шляхты) падпісалі са шведамі так званую Кейданскую вунію. Паводле яе ўмоваў, ВКЛ выходзіла з саюзу з Польшчай і ўступала ў канфедэрацыю са Швецыяй. Сябе ж Радзівіл бачыў у будучыні ўладаром Літвы.
Супраць планаў Януша выступіла частка літоўскіх магнатаў пад кіраўніцтвам Сапегаў. Таму Радзівілу і прыйшлося хавацца ў Тыкоціне. Кароль Швецыі Карл Густаў свайму саюзніку не дапамог.
У польскай грамадскай думцы Януш Радзівіл зараз функцыянуе як здраднік — перадусім праз уплыў рамана «Патоп» Генрыка Сянкевіча. Пісьменнік не патлумачыў матывы гетмана: вялікую пагрозу, якую летам 1655 года Вялікаму Княству Літоўскаму ўяўлялі маскоўскія войскі. Радзівіл бачыў магчымасць абараніць Айчыну праз саюз са Швецыяй. Таксама Сянкевіч не надаў увагі палітыцы караля Яна Казіміра, які са свайго боку дадаткова распальваў канфлікт.
Шляхта ў Рэчы Паспалітай часта вяла сваю гульню, нярэдка — супраць манархаў. Асабліва любілі гэтым займацца вялікія магнацкія роды. Ды і паміж імі канфлікты былі звычайнай справай. Узяць хаця б шматгадовую канкурэнцыю Сапегаў і Радзівілаў.
Адчуць сябе шляхціцам можна ў настольнай гульні «Шляхта. The Nobility» ад еўрапейскага беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher.
Гэта прыгожа выдадзеная стратэгічная гульня на тэму беларускай гісторыі з лёгкім водарам фэнтэзі: алхіміяй, скарбамі і выштукаванай зброяй. Да гульні далучаная кніжачка з біяграфіямі знакамітых постацей.
Гульня «Шляхта. The Nobility» пасуе кожнаму: яна не патрабуе ведання Беларусі, мае просты механізм, беларускасці ёй надае мастацкі складнік.
Хочаце набыць добрую беларускую кніжку? Знайсці якасны падарунак для сяброў? Выдаць свой беларускі друкаваны праект? Звяртайцеся да выдавецтва Gutenberg Publisher.
А што, калі б Радзівіл перацягнуў на свой бок казакоў?
Далей Радзівіл дзейнічаў імкліва. Ён угаварыў шведаў не рабіць марныя спробы захапіць усю тэрыторыю Кароны і абмежавацца акупацыяй Варшавы. Тыя, пацярпеўшы паразу пад Яснай Гурай, ахвотна паслухалі гетмана і перакінулі вялікія атрады на тэрыторыю Вялікага Княства.
Разам з войскам Януша Радзівіла шведы летам 1656 года адбілі Гродна і Мінск у маскавітаў, а атрад Багуслава Радзівіла ў верасні гэтага года вярнуў Вільню. Палякі, сабраўшыся з сіламі, хацелі атакаваць Вялікае Княства з захаду, але раптам пад Львовам з’явіліся загоны казакоў гетмана Багдана Хмяльніцкага. Два гетманы пераадолелі старадаўнюю нянавісць, бо Радзівіл паабяцаў казакам заўважнае месца ў будучай шведска-літоўскай федэрацыі. Ды ў яго і не было ніякіх нагодаў гэтага не рабіць, паколькі рэлігійная талерантнасць была асновай для будучай паўночнай дзяржавы. Казакі імкліва кінуліся рабаваць ваколіцы Львова і Любліна.
Гістарычныя факты: Януш Радзівіл змагаўся з казакамі Хмяльніцкага
На момант смерці Януша Радзівіла ішла крывавая вайна з Масквой, прычынай якой было акурат паўстанне Хмяльніцкага і тое, што эліты Рэчы Паспалітай не змаглі своечасова дамовіцца з казакамі і гарантаваць ім годнае месца ў дзяржаве. Гэта ў выніку і прывяло да таго, што палова Украіны адышла да Расіі.
У канцы 1655 года амаль уся тэрыторыя Рэчы Паспалітай была фактычна акупаваная Швецыяй і Расіяй.
Януш Радзівіл прымае пасланцоў Багдана Хмяльніцкага, 1651 г. Малюнак Абрахама ван Вестэрфельда, прыдворнага мастака Януша Радзівіла. Крыніца: commons.wikimedia.org
А што, калі б вайна скончылася раней і з поспехам для ВКЛ?
Вайна скончылася ўвосень 1658 года, пакінуўшы цалкам новы расклад у гэтай частцы Еўропы. Польшча, разрабаваная і панішчаная, засталася без казацкай Русі і без Вялікага Княства. ВКЛ стала цэнтральнай часткай вялікай дзяржавы, якая пачыналася за Балтыйскім морам, а заканчвалася недалёка ад Чорнага. Маскоўская дзяржава засталася магутнай, аднак вайсковая параза надоўга адкінула яе ад заходняга кірунку палітыкі і прымусіла скіравацца далей на ўсход, на заваяванне Сібіры.
Гістарычныя факты: войны цягнуліся яшчэ гадамі, а краіна выйшла з іх вынішчанай
Яшчэ больш альтэрнатыўнай гісторыі:
- А што, калі б?.. Разважаем, што б здарылася, калі б ВКЛ дапамагло Ноўгараду ў змаганні з Масквой
- А што, калі б?.. Разважаем, што было б з краінай, калі б Станіслаў Ляшчынскі ўтрымаўся на троне
- А што, калі б?.. Разважаем, што было б з краінай, калі б Стэфан Баторый пражыў яшчэ 20 гадоў
А што, калі б Радзівілы правялі ў ВКЛ свае рэформы?
Унутры Вялікага Княства адбыліся вялікія змены. Радзівілы імпэтна касавалі шматгадовую спадчыну роду Вазаў, якія, будучы звязаныя са Швецыяй радаводам, няспынна вялі бессэнсоўныя войны то з туркамі, то са шведамі - і тым моцна аслабілі дзяржаву.
У Вялікім Княстве Гродзенскі сейм 1662 года ўстанавіў нечуваную рэлігійную талерантнасць для католікаў, праваслаўных, грэка-католікаў і пратэстантаў, адкрыў дзверы для гандляроў і рамеснікаў з усёй Паўночнай Еўропы. Так у Гродне з’явіўся «шкоцкі квартал», а гродзенскім бурмістрам чатыры разы выбіралі кальвініста Яна Скота.
Казакі атрымалі ўласную дзяржаву, якая некалькі разоў адпадала ад шведаў і Вялікага Княства, а пасля далучалася ізноў. Пасля доўгіх спрэчак і некалькігадовага безкаралеўя вялікім князем літоўскім быў выбраны малады і энергічны Багуслаў Радзівіл, які, хоць і быў католікам, але, кажуць, таемна працягваў спавядаць кальвінізм. Праз некалькі гадоў палякі, спрабуючы згуляць у сваю даўнюю гульню, выбралі яго і каралём Польшчы. Шведы пярэчыць выбару не сталі, тым больш, што Багуслаў назаўсёды перадаў ім Лівонію і таемна дамовіўся пра перадачу шведам Прусіі разам з Караляўцом. Затое Гданьск назаўсёды стаў часткай Польшчы.
Гістарычныя факты: Радзівіл сапраўды меў шанец стаць каралём, а вось талерантнасці больш не стала
Украіна так і засталася падзеленай паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, а пазней — пасля падзелаў апошняй — паміж Расіяй і Аўстрыяй. Акрамя таго, украінскія войскі пагражалі Рэчы Паспалітай сваімі саюзамі з туркамі.
Перакананы пратэстант Багуслаў Радзівіл сапраўды меў шанец стаць каралём у 1669 годзе. Калі б тады яго выбралі, яму прыйшлося б перайсці ў каталіцтва. Але выбары выйграў Міхал Карыбут Вішнявецкі.