У Гродне надпісы на сценах можна знайсці амаль на кожным будынку: і старым, і новым. Сучасныя надпісы раздражняюць камунальнікаў. Старыя — радуюць гісторыкаў. Вывучэннем насценных надпісаў займаецца асобная галіна гісторыі - эпіграфіка. Hrodna.life знайшоў і параўнаў надпісы ў гістарычным цэнтры з сучаснымі ўзорамі насценных пасланняў.
Адзін з самых характэрных будынкаў на вуліцы Валковіча — дом пад нумарам 1. Пабудаваны ён у 1898−1902 гадах, пачаткова тут знаходзіліся казармы.
Па сценах мільгаюць пасланні ад салдат царскай арміі, якія праходзілі службу ў Гродне. Паверх іх ёсць надпісы школьнікаў розных часоў.
Гісторык Аляксандр Горны ацэньвае, што самыя старыя надпісы гэтага будынка належаць салдатам Расійскай Імперыі пачатку XX стагоддзя. Надпісы міжваеннага перыяду на польскай мове і паваеннага часу на рускай пакідалі школьнікі. Адметна, што дзіцячыя надпісы зроблены простым алоўкам.
«Будынак гэты вельмі цікавы, бо там [надпісы маюць] вельмі шмат сюжэтаў: і прызнанні ў каханні, і проста некае ўзгадванне прозвішча, кшталту „Тут стаяў салдат такі-та“, — расказвае Аляксандр Горны. — Пакуль гэтыя надпісы ніхто не даследаваў. Гэта вельмі перспектыўны пласт для вывучэння айчыннай эпіграфікі XX стагоддзя».
У паўсюднай насценнай пераклічцы шкаляроў вылучаецца бясспрэчны лідар. Найбольшая колькасць надпісаў сведчыць, што «тут быў Віця». Для чытачоў з ХХІ стагоддзя ён увасобіў адзін з «твараў эпохі».
«Субкультура стрыт-арту гэта магчымасць для падлеткаў неяк сябе адлюстраваць. Такім чынам аўтар можа адчуць сваю адметнасць, прадэманстраваць дух бунтарства, характэрны для гэтага ўзросту. Яны адчуваюць азарт, пачуццё небяспекі, магчымасць праявіць сябе ў нечаканых і экстрэмальных умовах», — тлумачыць паходжанне падобнага стрыт-арту псіхолаг Святлана Венісяцкая.
Паводле яе, такая творчасць — гэта «свайго роду свабода выяўлення, каторая так неабходна людзям». Таму часам на сценах пішуць не толькі падлеткі, але і дарослыя.
Яшчэ адна незалежная ад часу тэма надпісаў на сценах — каханне. Пра тое сведчаць рознага кшталту выявы з сэрцамі, надпісы з імёнамі і знакам «+» ці заклікі аддаваць перавагу каханню замест вайны. Сучасныя прыклады любоўнай лірыкі часам нагадваюць стужку з сацыяльнай сеткі ці мэсэнджара. На сценах высвятляюць адносіны, удакладняюць дачыненні і прасоўваюць гуманістычныя каштоўнасці.
Сучасныя «насценныя» мастакі і пісьменнікі значна пашырылі тэматыку і набор мастацкіх сродкаў, каб пакінуць свой след на сценах і ў гісторыі.
“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…
З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…
Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…