У Гродне надпісы на сценах можна знайсці амаль на кожным будынку: і старым, і новым. Сучасныя надпісы раздражняюць камунальнікаў. Старыя – радуюць гісторыкаў. Вывучэннем насценных надпісаў займаецца асобная галіна гісторыі – эпіграфіка. Hrodna.life знайшоў і параўнаў надпісы ў гістарычным цэнтры з сучаснымі ўзорамі насценных пасланняў.
Адзін дом №1
Адзін з самых характэрных будынкаў на вуліцы Валковіча – дом пад нумарам 1. Пабудаваны ён у 1898-1902 гадах, пачаткова тут знаходзіліся казармы.
Па сценах мільгаюць пасланні ад салдат царскай арміі, якія праходзілі службу ў Гродне. Паверх іх ёсць надпісы школьнікаў розных часоў.

У 1924 годзе дом быў перададзены гарадскім уладам: тут адкрылася сямігадовая жаночая школа імя Каралевы Ядвігі. Ад лістапада 1926 да пераезду ў Новы замак тут размяшчаўся музей прыроды.

Па польску ў школе вучыліся і ў першыя гады савецкай улады, але ад 1948 года асноўнай мовай стала руская. Апошні выпуск навучэнцаў у гэтым будынку прайшоў у 1967 годзе. Выпускнікі “адарваліся” ад душы. На сценах школы тут і там мільгаюць надпісы з імёнамі былых вучняў.

Гісторык Аляксандр Горны ацэньвае, што самыя старыя надпісы гэтага будынка належаць салдатам Расійскай Імперыі пачатку XX стагоддзя. Надпісы міжваеннага перыяду на польскай мове і паваеннага часу на рускай пакідалі школьнікі. Адметна, што дзіцячыя надпісы зроблены простым алоўкам.
“Будынак гэты вельмі цікавы, бо там [надпісы маюць] вельмі шмат сюжэтаў: і прызнанні ў каханні, і проста некае ўзгадванне прозвішча, кшталту “Тут стаяў салдат такі-та”, – расказвае Аляксандр Горны. – Пакуль гэтыя надпісы ніхто не даследаваў. Гэта вельмі перспектыўны пласт для вывучэння айчыннай эпіграфікі XX стагоддзя”.
“Тут быў Віця”
У паўсюднай насценнай пераклічцы шкаляроў вылучаецца бясспрэчны лідар. Найбольшая колькасць надпісаў сведчыць, што “тут быў Віця”. Для чытачоў з ХХІ стагоддзя ён увасобіў адзін з “твараў эпохі”.

“Субкультура стрыт-арту гэта магчымасць для падлеткаў неяк сябе адлюстраваць. Такім чынам аўтар можа адчуць сваю адметнасць, прадэманстраваць дух бунтарства, характэрны для гэтага ўзросту. Яны адчуваюць азарт, пачуццё небяспекі, магчымасць праявіць сябе ў нечаканых і экстрэмальных умовах”, – тлумачыць паходжанне падобнага стрыт-арту псіхолаг Святлана Венісяцкая.

Паводле яе, такая творчасць – гэта “свайго роду свабода выяўлення, каторая так неабходна людзям”. Таму часам на сценах пішуць не толькі падлеткі, але і дарослыя.
Разбітыя сэрцы гродзенскіх пацаноў. І дзяўчат
Яшчэ адна незалежная ад часу тэма надпісаў на сценах – каханне. Пра тое сведчаць рознага кшталту выявы з сэрцамі, надпісы з імёнамі і знакам “+” ці заклікі аддаваць перавагу каханню замест вайны. Сучасныя прыклады любоўнай лірыкі часам нагадваюць стужку з сацыяльнай сеткі ці мэсэнджара. На сценах высвятляюць адносіны, удакладняюць дачыненні і прасоўваюць гуманістычныя каштоўнасці.

Камунальнікі ці вандалы: хто стварае, а хто знішчае культуру
Сучасныя “насценныя” мастакі і пісьменнікі значна пашырылі тэматыку і набор мастацкіх сродкаў, каб пакінуць свой след на сценах і ў гісторыі.

Што да барацьбы з падобнай народнай творчасцю, то надпісы знішчае не толькі час. Паводле абавязку працы іх увесь час зафарбоўваюць камунальнікі. Нейкія ўзоры сучаснага стрыт-арту да нашчадкаў не дойдуць. З іншага боку, насценную творчасць працаўнікоў ЖКГ таксама можна лічыць адлюстраваннем эпохі і пасланнем у будучыню.





